Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каталіцкая царква просіць прабачэньня за тое, што не заўсёды шанавала беларускую мову

абноўлена

Фота Люцыі Давыдчук, КРЫНІЦА.INFO
Фота Люцыі Давыдчук, КРЫНІЦА.INFO

У Друі прайшлі ўрачыстасьці ў гонар 100-годзьдзя ўніяцкага біскупа Чэслава Сіповіча.

У Друі ўрачыста адсьвяткавалі 100-гадовы юбілей першага беларускага грэка-каталіцкага біскупа новага часу Чэслава Сіповіча.

Падчас урачыстасьцяў зь беларускамоўнай гаміліяй выступіў апостальскі нунцый Кляўдыё Гуджэроці. Гэта здарылася ўпершыню за час ягонай працы ў Беларусі, паведамляе сайт парталу КРЫНІЦА.INFO.

«Спадзяемся, што біскуп Сіповіч даруе моўныя памылкі прадстаўніку Папы ў Беларусі, які намагаецца сёньня гаварыць пра яго на ягонай жа мове. Гэта выраз таго, што ўвесь Касьцёл паважае і шануе гэтую мову і гэты народ і просіць прабачэньня за тое, калі не заўсёды рабіў гэта так, як павінен», — заявіў нунцый.

Кляўдыё Гуджэроці распавёў, што, будучы біскупам, Чэслаў Сіповіч згадзіўся быць Генэральным супэрыёрам Ордэна марыянаў:

«Чэслаў Сіповіч з пашанай ставіўся да праваслаўнай царквы, якая таксама была пазначана падзеламі ў той час і не заўсёды адказвала ўзаемнасьцю. Але ён ведаў, што нельга ўцякаць ад крыжа.

Ён перанёс балючыя падзелы паміж самімі беларусамі, выкліканыя рознымі плынямі і ідэалёгіямі, вытрымаў жорсткія напады асабістага характару.

Усё гэта было вельмі балючым для Чэслава Сіповіча, аднак жа менавіта гэта было цаной эвангельскай свабоды.

Ён ніколі не лічыў сябе героем, лічыў сябе звычайным сьведкам веры. Ён ня мог прадаць праўду, праўду, якая вызваляе.

Сёньня тут, у Друі, у „беларускім“ кляштары марыянаў, адным з санктуарыяў беларускай культуры, мы адчуваем прысутнасьць Чэслава Сіповіча ў таямніцы Бога. Мы выражаем яму глыбокую ўдзячнасьць за тое, што ён да канца нёс свой крыж».

Цалкам гамілію нунцыя можа прачытаць на сайце рыма-каталіцкага касьцёлу ў Беларусі.

На ўрачыстасьці былі прысутныя віцебскі біскуп Алег Буткевіч, грэка-католікі зь Менску і Прэшава (Славаччына).

Беларускі грэка-каталіцкі сьвятар, біскуп Чэслаў Сіповіч нарадзіўся 8 сьнежня 1914 году ў вёсцы Дзедзінцы Браслаўскага павету. Генэрал Кангрэгацыі Марыянаў, тытулярны біскуп Марыямэтанскі, Апостальскі візытатар беларусаў-католікаў у замежжы, доктар багаслоўскіх навук (1946). Тэарэтычна абгрунтоўваў і прапаведаваў экумэнізм. Займаўся гістарычнымі і культуралягічнымі дасьледаваньнямі, перакладаў, пісаў публіцыстычныя артыкулы.

Памёр 4 кастрычніка 1981 году ў Лёндане.

Фота Люцыі Давыдчук, КРЫНІЦА.INFO, фільм Сяргея Раюнца

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG