Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не чапай мой каравай!


Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

або Каму і навошта патрэбная гамафобія

Цяпер ужо мала хто помніць савецкія «таварыскія суды», калі на сходах працоўных разглядаліся пытаньні сямейнай нявернасьці. Пытаньні сэксуальнай арыентацыі разглядалі суды не таварыскія, а крымінальныя, у тым ліку і «ваенныя» трыбуналы. У полі камуністычнага выхаваньня былі ня толькі дзеці ад самага іх нараджэньня, але і геніталіі будаўнікоў сьветлае будучыні. Савецкі маральны кодэкс не праводзіў лініі падзелу паміж грамадзкім і прыватным, таму сэксу не было, а сем’і папаўняліся з дапамогай буслоў і капусты.

З тых часоў шмат што зьмянілася ў навакольным жыцьці. Але маральны кодэкс застаўся. Ідэальнае грамадзтва шматлікім маім суайчыньнікам (незалежна ад поглядаў — камуністы яны ці нацыяналісты) па-ранейшаму ўяўляецца камунай, дзе зьмесьціва чужых майткоў належыць усім. Як, помню, мы жартавалі ў школе, усе сьпяць у адным бараку, а коўдру на іх нацягвае трактар… Усім ёсьць справа да выхаваньня ўсіхных дзяцей, усе ведаюць, што маральнае, а што не, усе час ад часу абурана ўскрыкваюць «Да как же так!».

Толькі замест клясыкаў марксізму запойна цытуюць Біблію, нібы яе аўтарытэтам можна замясьціць адсутнасьць уласных думак і пазыцыі.

Камуна, між іншым, таксама, як і ўсё ў гэтай цывілізацыі, не расейская вынаходка. Камуну прыдумалі на Захадзе, доўга і крывава яе выкаранялі, пасьля выкаранялі яе рэцыдывы. Яшчэ сто гадоў таму абарыгенаў далёкіх краёў паказвалі ў парыжскіх заапарках, а жанчыны атрымалі роўныя правы толькі ў сярэдзіне мінулага стагодзьдзя… Захад перажыў уласны фашызм, макарцізм, Ку-Клукс-Клан… Пасьля ўсё гэта накрыла магутная хваля літаратуры абсурду, зь якой усе зразумелі, што грамадзкі маразм проста ня можа служыць ніякім добрым цывілізацыйным мэтам. (Гэты культурны этап імя таварышаў Бэкета і Ёнэско савецкая літаратура прамінула, не зачапіўшы.)

Цяпер на Захадзе пратэстуюць супраць дзяржаўнага крадзяжу прыватных зьвестак у інтэрнэце. Гэта, вядома, не ў заапарку сядзець, але ж – пратэстуюць! У нас такое глупства нікому і ў галаву ня прыйдзе. Ясна, што дзяржава для сваёй бясьпекі мае апрыёрнае права ведаць пра цябе ўсё! «Ну а як інакш?».

І вось што з гэтага ўсяго выходзіць. Расейская ці савецкая камунная «мараль» афармляецца спакваля ў новы трэнд ці брэнд «Русский мир» і супрацьстаіць па-ранейшаму «тлетворным» уплывам Захаду. Пагаворваюць пра Трэцюю сусьветную вайну.

Каб разабрацца ў сутнасьці падзеяў, трэба хоць на хвіліну выкінуць з галавы вяршэнства камуны – гэта значыць, нейкіх «агульных інтарэсаў» і сказаць сабе: агульныя інтарэсы не датычаць маіх геніталій, маёй сям’і, маіх дзяцей, майго дому, маіх прыватных кантактаў – гэта мая і толькі мая тэрыторыя! Калі на маёй тэрыторыі нешта не ў парадку – я іду на агульны мітынг. Калі я не іду на мітынг і пры тым не парушаю грамадзкага парадку, вам няма да мяне справы! «Не чапай мой каравай!»*

Цяпер вернемся да супрацьстаяньня «Русского мира» і Захаду. Хто зь іх і што нам нясе? Першы, натуральна, русіфікацыю, РПЦшную і КГБшную «мараль» і пазбаўленьне ад уласнае самабытнасьці. Заўважце, усё, што ён нясе, – пранікае на маю асабістую тэрыторыю, у маю сям’ю і прыватныя кантакты. «Да ты чё как не русский?!».

Захад, апоч УСІХ прыладаў і выгодаў цывілізацыі, апроч таго, што «Амэрыка хоча захапіць украінскую тэрыторыю!», нясе… Англізацыю? Не. Дэнацыяналізацыю? Не… Што ж нам нясе гэты злаўрэдны Захад… Трэба прыдумаць якое-небудзь паскудзтва, якое ён «нам нясе». Ёсьць! Геі-лесьбіянкі! Распуста! Страшная небясьпека навісла над усім сьветам… Садом і Гамора!

«Русский мир» можа ня мець у хаце выгодаў, ня ўмець карыстацца інтэрнэтам, пагразаць у п’янстве, ваяваць за грошы ва Ўкраіне, ня мець ні вольных выбараў ні права на «дастойную старасьць», але ён ведае, што ён і толькі ён супрацьстаіць галоўнай пагрозе чалавечай цывілізацыі — гей-парадам — і ён выратуе «мир»!

Тое, што Захад распусны, мы ведаем зь дзяцінства. Толькі ж тэхналёгіі купляем і крадзём на Захадзе. А можа гэта распуста рухае сусьветным прагрэсам?..

Колькі ні чую пра «гэта ўсё для долара!» ці «ўсім кіруюць жыда-масоны», для мяне найпершая індыкацыя – ці пранікаюць гэтыя страшныя агрэсары на маю прыватную тэрыторыю. «Русский мир» са скуры лезе, каб даказаць, што пранікаюць!

Вось толькі я на слова ня веру, а на практыцы… То амэрыканскі ноўтбук пранікне ў хату, то фінскі тэлефон, то італьянскія туфлі… Давайце-давайце, кажу я ім, пранікайце!

А што пранікае ад «Русского мира»? Паласатая стужка, маскоўскі говорок, патопы несусьветнай хлусьні. А яшчэ папярэджаньне: тое, што ва Ўкраіне, не абміне і вас у Беларусі!

Для мяне з малых гадоў Амэрыка – неаспрэчны лідэр сьвету, які нясе адказнасьць за чалавечую цывілізацыю. Нясе так, як атрымліваецца, больш ніхто на гэтую ролю не прэтэндуе, бо надта цяжкая яна, адказнасьць. Паспрабуйце зірнуць на наша сёньня з пэрспэктывы 20-50-100 гадоў і вы гэта пабачыце. Трэба старацца мысьліць глябальна і пры тым берагчы сваю прыватную тэрыторыю. Сьвету – сьветава! Але – «Не чапай мой каравай!».

І беларускі нацыяналізм выжыве толькі ў рэчышчы глябальнага (асобна) і прыватнага (асобна). Інакш на нашу камуну сваёй незьлічонай камунай непазьбежна прыйдуць харугваносцы і ўсе нашы мары праглыне «русский мир» — бязьлітасны і бессэнсоўны. А сваёй беларускай літаратуры абсурду ў нас пакуль што няма.

*Цытата з п’есы Эжэна Ёнэско «Лысая сьпявачка» ў перакладзе Зьмітра Коласа – клясыкі літаратуры абсурду, якая ў сярэдзіне мінулага стагодзьдзя зрабіла на Захадзе рэвалюцыю сьвядомасьці, што канчаткова падзяліла сьвет на агульны і прыватны. Недатыкальнасьць асобы стала роўнавялікай захаваньню чалавечай цывілізацыі на Зямлі.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG