Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шандаровіч: Ад дзясяткаў мільёнаў тэлегледачоў 15 гадоў таму да выхаду з плякатам да мінакоў


Што можа зрабіць адзіночка? Пра гэта пойдзе размова ў новай перадачы «Бяз гальштукаў».

Адзіночныя пікеты пісьменьніка Віктара Шандаровіча супраць вайны ва Ўкраіне, самаспаленьне Яна Палаха ў Чэхіі, акцыі Сяргея Каваленкі з бел-чырвона-белымі сьцягамі, акцыі Геніка Лойкі за беларускую мову... Калі эфэктыўныя адзіночныя пратэсты? Гэта сьвядомае ахвяраваньне дзеля дэманстрацыі ідэі альбо жэст адчаю? У чым перавагі адзіночак альбо пратэстаў малымі групамі? Гэта сьведчаньне толькі аўтарытарных і таталітарных грамадзтваў ці больш шырокая зьява? У жывым відэаэфіры абмяркоўваюць дырэктар рускай службы Радыё Свабода Ірына Лагуніна, супрацоўнік беларускай Свабоды Сяргей Дубавец і грамадзкі актывіст, скульптар Генік Лойка. Вядучая — Ганна Соўсь.

Ганна Соўсь: Ірына, адзін з камэнтароў у фэйсбуку на фота Віктара Шандаровіча, які стаіць з плякатам «Вайна з Украінай — ганьба і злачынства», быў такі: «Рэшткі сумленьня Расеі». Як бы вы гэта вызначылі? Гэта жэст адчаю ці апошняя пляцоўка для незалежнага меркаваньня?


гэта новы ўзровень, таму што гэта ўзровень вайны. І канечне эмоцыі вельмі моцныя

Ірына Лагуніна: Па-першае, гэта вельмі магутны пратэст. Індывідуальны пратэст эмацыйна нашмат больш моцна ўспрымаецца людзьмі. Гэта вельмі моцны эмацыйны парыў з аднаго боку. З другога боку гэта вымушаная мера ў Расеі. У 2004 годзе быў прыняты фэдэральны закон 54, які ўласна аформіў адносіны ўлады да масавых пратэстаў. Паціху закон прыстасавалі пад патрэбы цяперашняга рэжыму Ўладзімера Пуціна. Паціху ўлады знаходзіла спосабы, як маніпуляваць гэтым законам і ў выніку атрымалася. што адзіны спосаб выказаць пратэст публічна, гэта выйсьці аднаму. Двух чалавек могуць успрыняць як масавае мерапрыемства, а калі гэтыя двое крыху пасунуцца, то гэта ўжо ўспрымаецца як шэсьце. А любое масавае мерапрыемства павінна бы зарэгістраванае. А адзіночны пікет можа быць зарэгістраваны, а можа і не. Такія акцыя цяпер вельмі эмацыйныя, таму што яны зьвязаныя з вайной ва Ўкраіне. Яны праходзяць з 2011 году пасьля таго, як паслабілася хваля масавых пратэстаў. Тады пачаліся адзіночныя пікеты пасьля 6 траўня 2012 году, калі была разагнаная дэманстрацыя ў Маскве і калі 15 чалавек апынуліся за кратамі. Пасьля гэтага пратэст зьвёўся да адзіночных пікетаў. Былі адзіночныя пікеты ў падтрымку вязьняў 6 траўня, былі адзіночныя пікеты супраць палітвязьняў у Расеі, цяпер гэта новы ўзровень, таму што гэта ўзровень вайны. І канечне эмоцыі вельмі моцныя. Расея жахліва падзеленая паміж большасьцю, якая за падтрымку ўлады і за падтрымку вайны і меншасьцю, якая супраць яе.

Соўсь: Сяргей, калі голас аднаго гучыць больш гучна, чым голас натоўпу?

Гэта ўсё мае нейкі рамантычны складнік, гэта не настолькі страшна, як выглядае ў Расеі, бо сапраўды, тое, што робіць Шандаровіч, гэта абсалютны адчай

Сяргей Дубавец: У Беларусі ўсё ж іншая сытуацыя з адзіночнымі пратэстамі. Як не парадаксальна, заканадаўства даволі абсурднае. У нас могуць і плошчы сабрацца. А індывідуальныя пратэсты альбо акцыі носяць найчасьцей характар пэрформансу. Абавязкова ёсьць нейкі эстэтычны складнік — сьцяг на навагоднюю ялінку, які Каваленка ўзьняў, ці акцыя Пушкіна, які прывёз пад рэзыдэнцыю тачку гною і вываліў яе з нагоды нейкай гадавіны прэзыдэнцтва Лукашэнкі. Гэта ўсё мае нейкі рамантычны складнік, гэта не настолькі страшна, як выглядае ў Расеі, бо сапраўды, тое, што робіць Шандаровіч, гэта абсалютны адчай. «Я яшчэ не ў вар’ятні», кажа ён, але калі ён такое кажа, гэта значыць, што ён на самой мяжы знаходзіцца і заўтра можа там апынуцца. Бо пад прапагандысцкім напорам хлусьні з ТВ, калі большасьць ва ўсё гэта верыць, масавы псыхоз адбываецца. У Беларусі сёньня няма масавага псыхозу.

Соўсь: Генік, вы адзін пікетавалі за беларускую мову ля будынку гімназіі, вы адзін судзіцеся з КДБ, банкам. Чаму вы робіць гэта фактычна адзін? Мала аднадумцаў ці цяжка знайсьці паплечнікаў для такіх пратэстаў?

гэта вельмі эмацыйны крок, калі адзін чалавек выходзіць. Таму я нават прасіў сваіх аднадумцаў не выходзіць

Генік Лойка: Аднадумцы ёсьць, падтрымліваюць людзі мяне. Але ў мяне такі характар, я мастак. У мяне няма жыцьцёвага крэда жыць як усе, размаўляць па-расейску як усе. Так што я жыву не па плыні, а супраць плыні, я плыву туды, куды трэба, куды кліча мяне мэта. Па-мойму, мастакі ўсе так жывуць. Мэта мая — беларуская мова. Яна, на жаль, палітызаваная вельмі ў нашай дзяржаве. Абарона мовы проста караецца. Што да акцыі каля школы, то, сапраўды, я хацеў зрабіць пэрформанс. Я падараваў школе гіпсавы бюст Караткевіч, і думаў, што пасьля таго, як я абвяшчу, што гэта школа не беларускамоўная, калі яшчэ пратрымаюся і ўдасца вынесьці бюст, разаб’ю яго там жа аб асфальт. Але, дзякуй Богу, ўдалося не зрабіць такога пэрформансу, атрымалася проста адзіночная акцыя. Мне здаецца, як спадарыня Ірына кажа, гэта вельмі эмацыйны крок, калі адзін чалавек выходзіць. Таму я нават прасіў сваіх аднадумцаў не выходзіць, не падтрымліваць мяне на гэтым пікеце, каб быць менавіта аднаму.

Дубавец: Караткевічу, пра якога Генік згадаў, належыць такі афарызм: ня трэба двух, каб пачаць. А мы ўсе гадаваліся на рамантычных кнігах Караткевіча і рамантызмам пранізаныя ўсе нашы пэрформансы і адзіночныя пікеты.

Соўсь: Ірына, мы памятаем з Савецкай гісторыі акцыі дысыдэнтаў, адзіночныя ці малымі групамі, як пратэст сямі людзей на Чырвонай плошчы ў Маскве супраць уварваньня савецкіх танкаў у Чэхаславаччыну. Учора я размаўляла з пісьменьнікам Віктарам Шандаровічам, які сказаў, што ў Расеі яшчэ «аўтарытарызм-лайт. У параўнаньні зь Беларусьсю, не гаворачы ўжо пра Ўзбэкістан ці Паўночную Карэю, мы жывем ў ільготным рэжыме. Я з вамі размаўляю, напрыклад, а не ляжу ў вар’ятні». Але ня ёсьць пачатак гэтыя адзінкавыя акцыі сьведчаньнем таго, што ўсё больш і больш Расея вяртаецца да савецкіх часоў, што ўжо і новая Балотная немагчымая, а толькі так вось, і вар’ятні таксама наперадзе і часам ужо і ўжываюцца?

Лагуніна: Я ня згодная з Шандаровічам, у тым што гэта аўтарытарызм-лайт, гэта далёка не лайт. Можа гэта выглядае як лайт у Маскве, дзе сканцэнтраваная вялікая колькасьць вольнай думкі і апазыцыйнай думкі, здаровай думкі пра ўдзел ці неўдзел у вайне. У правінцыі ўсё ня лайт. Ужо лёгкасьці там ніякай няма. Возьмем апошні прыклад, калі чалавека. які ўзначальвае газэту, якая надрукавала фота магілаў расейскіх салдат, якія магчыма загінулі ва Ўкраіне — яго зьбілі, Льва Шлосбэрга зьбілі. І гэта ня лайт. Дзіўным чынам такія адзіночныя антываенныя акцыі адбываюцца і ў правінцыі. Калі ў Маскве, каб прыцягнуць увагу, гэта павінен быў быць Шандаровіч, як мінімум, то ў правінцыі гэта можа быць простая настаўніца ці мэдсястра. Такое таксама было. І гэта набывае масавы характар. Пра лайт размова не ідзе, але элемэнт пэрформансу таксама ёсьць. Адзін з апошніх прыкладаў — чалавек з Пецярбургу вырашыў праплыць па каналам з плякатам «Путин вечен», а калі выплыў з другога боку моста ў слове «вечен» дадалася літара «у» напачатку.

Соўсь: Сяргей, давайце згадаем яркія беларускія адзіночныя акцыі. Напрыклад, верш Славаміра Адамовіча «Убей президента», пратэсты праваабаронцы Валера Шчукіна, акцыі Сяргея Каваленкі з бел-чырвона-белымі сьцягамі, акцыі мастака Алеся Пушкіна, акцыі Юрыя Рубцова -чалавека-майкі... Як вы мяркуеце, на такі фармат акцый уплывае тып асобы, нейкія індывідуальныя рысы? Адзіночныя акцыя робяць людзі-адзіночкі, людзі, якая гатовыя дэманстраваць усім, што яны не такія як усе?

Гэтыя людзі з плякатамі — гэта героі

Дубавец: За савецкім часам часта казалі, што ў жыцьці заўсёды ёсьць месца подзьвігу. Гэтыя людзі з плякатамі — гэта героі. Грамадзтву страшна патрэбныя героі, якія ўздымаюць нейкую маральную плянку. Дзеці ўсе бачаць і адразу падтрымаюць героя. Гэта сацыяльная пэдагогіка. Гэтыя людзі на сябе ўзвалілі функцыю, таму што няма ніякіх мэханізмаў ўзьдзеяньня грамадзтва на ўладу, усталёўваецца таталітарызм, краіна ўцягваецца ў вайну. Усё так глуха, беспрасьветна. І вось адзін чалавек супраць сыстэмы, чалавек-тытан. Такое супрацьстаяньне страшна мабілізуе маральнасьць у людзях, іх пазытыўныя рысы. Ім хочацца любіць адзін аднаго. Я памятаю, як у Вільні быў ў 1991 годзе, калі ішлі танкі і стаялі людзі. Танкі і людзі, зло і дабро. І канцэнтрацыя дабра адбываецца там, дзе людзі, а канцэнтрацыя зла, там дзе танкі. І на нейкі момант становіцца ясна, дзе ў сьвеце дабро, а дзе зло.

Соўсь: Генік, расейскі фізік Міхаіл Лашкевіч вось як расказаў пра рэакцыю людзей на антываенны пікет: «На мой погляд, вялікая частка людзей, прынамсі, прачытвала тое, што напісана. Некаторыя спакойна праходзілі, некаторыя змрачнелі. А наколькі чалавек спрабавалі прэтэнзіі выстаўляць, адзін плюнуў на плякат, адзін у мяне піхнуў, не моцна, але плякат трошкі зламаў. Некалькі чалавек спрабавалі ўступаць у дыскусію. З тых, хто са мной гаварыў, было болей тых, хто падтрымлівае. Казалі: «Дзякуй, што вы стаіце!» Як на вашы акцыі ў падтрымку мовы людзі рэагуюць? Кім вас называюць?

Я ў нашу школу прыходжу ў бел-чырвона-белай стужцы, каб здалёк мяне бачылі

Лойка: Я ў нашу школу прыходжу ў бел-чырвона-белай стужцы, каб здалёк мяне бачылі. І мне падабаецца размаўляць з настаўнікамі прыватна. Праходжу па калідоры і чую, як настаўнікі між сабой гавораць па-расейску, спыняюся, знаёмлюся, гавару зь імі, пытаюся, чаму яны па-расейску гавораць у беларускамоўнай гімназіі. Настаўнікі цяпер, калі бачаць маю стужку, ці хаваюцца ці рыхтуюцца, каб не гаварыць па-расейску. Хацелася б мне калектыву, ня толькі аднаму хадзіць, але я не магу так арганізаваць людзей.

Соўсь: Калі эфэктыўныя адзіночныя пратэсты? Прывядзіце прыклад найбольш выніковага адзіночнага пратэсту?

Лагуніна: У Маскве і Шандаровіч будзе неэфэктыўны, а ў правінцыі і мэдсястра будзе эфэктыўная... Для мяне быў вельмі эфэктыўны пратэст аднаго чалавека ў Пецярбургу ў пятніцу мінулую ў Дзень расейскага сьцягу, калі ён надзеў кепку з надпісам «Украіна» і выйшаў на вуліцу. Пратрымаўся 15 хвілінаў, яго затрымалі, але потым адпусьцілі. Але гэта эфэктыўны пратэст.

Дубавец: Можа быць эфэктыўнасьць — не зусім той крытэр. Штосьці ўваходзіць у грамадзкую сьвядомасьць, штосьці застаецца ў гісторыі, як славуты маскоўскі 1968 год. Вельмі важна, каб трапляла ў патрэбную хвіліну ў патрэбнае месца з патрэбнай ідэяй.

Лойка: Эфэктыўнасьць пратэстаў пакажа час. Жана Д’арк сьвятой стала з цягам часу. Андрэй Сахараў таксама героям пазьней прызнаны. Мы гадаваліся ў СССР, і мне радкі з таго часу згадваюцца.

В огонь, ну что ж,
Иди, идешь,
и он шагнул однажды.
И там сгорел он ни за грош,
ведь был солдат бумажный.


Вось гэта і ёсьць эфэктыўны пратэст адзіночкі.

.***


Вось што сказаў «Свабодзе» расейскі пісьменьнік Віктар Шандаровіч, удзельнік і арганізатар антываенных пікетаў у Маскве.

"Адзіночны пікет з плякатамі — гэта прыкмета аўтарытарнага і таталітарнага грамадзтва. Апазыцыя ў дэмакратычнай краіне мае права зьявіцца ў тэлевізары, там ёсьць магчымасьць дыскусіі ў СМІ, можна зьвярнуцца да суграмадзянаў з свабодных СМІ. Пры аўтарытарным рэжыме гэта не магчыма. Застаюцца толькі такія акцыі. Што тычыцца гістарычных паралеляў, то яны даволі адносныя. У сёньняшняй Расеі, гэта ўсё ж аўтарытарызм -лайт, трэба прызнаць. У параўнаньні зь Беларусьсю, не гаворачы ўжо пра Ўзбэкістан ці Паўночную Карэю, мы жывем ў ільготным рэжыме. Я з вамі размаўляю, напрыклад, а не ляжу ў вар’ятні. Але мы рухаемся ў горшы бок. Мае магчымасьці зьвярнуцца да суграмадзянаў трансфармаваліся ад дзясяткаў мільёнаў тэлегледачоў 15 гадоў таму да выхаду з плякатам да мінакоў. Гэтая трансфармацыя паказвае, якім шляхам ідзе Расея — шырокімі крокамі ідзем у бок Узбэкістану і Беларусі".

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG