Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прайдзіце па старых гарадзенскіх вуліцах: з вокнаў чутны ўрыўкі з расейскіх сэрыялаў альбо «гарачыя» навіны з Украіны. Пра гераічных баевікоў. І – з пункту гледжаньня баевікоў.

Вы думаеце: у Горадні людзі зь нейкай асаблівай эўрапейскай сьвядомасьцю? Што на іх архітэктура ўплывае, ці паездкі ў блізкія Літву і Польшчу (часьцей проста з гандлёвымі альбо і з кантрабанднымі мэтамі) робяць іх менш дрымучымі? Памыляецеся! Яны сьпяць і бачаць Гіркіных-Стралковых на гарадзенскіх вуліцах.

За апошні час давялося размаўляць зь дзясяткамі людзей, і амаль усе пагалоўна за сэпаратыстаў, што распалілі вайну ў Данбасе, зьнішчылі нармальнае жыцьцё мільёнаў украінцаў. І гарадзенцы пырскаюць сьлінай ад злацешнай радасьці і, не пабаюся сказаць, пачуцьця сатысфакцыі і нават катарсісу. Адзін мне сказаў заўчора: «Я больш давяраю Пуціну, чым гэтым, з Майдану. Як яны палілі Кіеў, тады ўсё было добра, а цяпер ім ужо не падабаецца, калі ім далі пад хвост, яшчэ дадуць…» Ён рады, што расейскія танкі прасуюць Данбас. Прычым, гэты яшчэ зь недурных галоў: умее па-беларуску размаўляць і не глядзіць тупа, як большасьць, адныя толькі расейскія тэлеканалы, украінскімі і польскімі ня грэбуе. Але – дзеля таго, каб умацавацца ў сваё бязьмежнай веры ў Пуціна, што той дасьць прыпаліць усім, зь ім ня згодным. Вось вам больш-менш сьветлая галава. А што ў дрымучых сёньня адбываецца? Які кактэйль Молатава? Страшна ўявіць.

Правільна гавораць, што цяпер пачалася вайна гомасаветыкусаў, якія захавалі свае шкуры, супраць усіх астатніх. Гэта вайна «народжаных у СССР», як яны любяць часам пахваліцца. Вайна «пакрыўджаных і зьняважаных», якія прагнуць адпомсьціць, зьнішчыць, разбурыць. Хаця ў іхніх галовах такі гармідар, што апроч нянавісьці, іншыя свае пачуцьці большасьць ня здолее нават акрэсьліць. Дэпрэсіўная сьвядомасьць нараджае дэструктыўныя жаданьні. Праўда, калі ва Ўкраіне напоўніцу ліецца кроў, у Расеі цішком закопваюць трупы наёмнікаў і дэсантнікаў, то ў Беларусі пакуль толькі кактэйль Молатава ў галовах міксуецца пад РТР на поўны гук. З тэлевізараў, часта набытых у Польшчы «па дзяшоўцы».

Давялося сутыкнуцца і з «пацярпелым»: «Я, кажа, толькі нядаўна прыехаў з Украіны, дзе доўга жыў. Мне здаецца, Пуцін усё правільна робіць, але дрэнна, што вайна ідзе. Ну, правільна, але дрэнна. Каб гэта мірным шляхам можна было вырашыць, гэта добра было б. Гэта зразумела: альбо Амэрыка там будзе альбо Расея, лепш Расея». Мірным шляхам – што? Што ён меў на ўвазе? Мірным шляхам адрэзаць, пасьля Крыму, яшчэ амаль палову Ўкраіны! Хоць дрэнна робіць Пуцін, але – правільна! Вось так: пражыў з украінцамі столькі часу, а навучыўся толькі ненавідзець. Такіх «бежанцаў» трэба баяцца, прададуць за тры грашы, не міргнуць. Калі ты ўцёк не ад вайны, а «ад украінцаў», з табой усё ясна.

Нават на нёманскім пляжы ў апошні сэзон успаміналі Данбас. Мяне ўразіў адзін выпадак: прыйшла маладая кабетка, нішто сабе – усё на месцы, схадзіла ў раку і загарае сабе. Да яе падхапіўся мужчынка, які таксама аднаасобна загараў. Прысеў побач даволі бесцырымонна і ўсё ёй нешта распавядае. Мне стала цікава: прайшоў міма і пачуў – «аднаго батальёну кадыраўцаў хапіла б, каб разагнаць увесь майдан». Пасьля ён вярнуўся на сваю посьцілку, закончыўшы «залёты». На грудзях меў праваслаўны крыж. Чаму праваслаўны гарадзенец гэтак цэніць «кадыраўцаў» і ня любіць праваслаўных жа ўкраінцаў? Для мяне загадка.

Мы размаўлялі нядаўна па тэлефоне з кінарэжысэрам Віктарам Асьлюком якраз на тэму цьмянай беларускай душы, і я падзяліўся сваім засмучэньнем: нашы людзі горача абараняюць сэпаратыстаў Данбасу. Ён адказаў, што

гэта праблема толькі аднаго: з кім чалавек сябе суадносіць, кім ён сябе ўяўляе ў гэтай сытуацыі, за каго б ён быў? «Значыць усе гэтыя людзі, мяркуе кінарэжысэр, яны ўсе нічым не адрозьніваюцца ад тых няшчасных. Там шмат няшчасных людзей, якія ўзялі ў тым ліку зброю. Я думаю, там шмат згубленых у жыцьці мужчын. Ці ёсьць проста прайдзісьветы. Так што гэта складаная зьява. Але нашы людзі, калі даводзіцца сябе з кімсьці атаясамліваць, яны вельмі проста выбіраюць».

Год назад Лукашэнка выцягнуў Пуціна з Крамля, каб паказаць, як на гарадзенскім палігоне каля мяжы зь Літвой накрываюць зьнішчальным агнём тэрарыстаў, што прарваліся з-за кардону. Бах-бах! І няма, Уладзімір Уладзіміравіч, гэных усякіх, што гергечуць і пшэкаюць…

Мне сёньня хочацца сьмяяцца: тэрарысты патэнцыйныя не ў Друскеніках чакаюць загаду, а ўнутры Горадні. Ім пляваць і на Беларусь, і (о, фантасмагорыя!) нават на самога Лукашэнку, учорашняга іхнага куміра). Ім патрэбна «вялікая Расея», пра якую мараць разам з крамлёўскім начальствам Гіркіны-Стралковы, а некалі марыў Сталыпін-вешацель, якога гарадзенскае начальства ўвекавечыла шыльдай на сваім будынку.

Страшна жыць з такімі людзьмі ў адным горадзе. Здраднікі ў душы, яны толькі чакаюць бучы, расейскіх танкаў, каб купіць у краме камуфляж і навешаць сабе калашнікавых і гранатамётаў. Каб спыняць спачатку машыны, правяраць багажнікі, затым трыбушыць банкаматы і пайшло-паехала! Захоп зброі, дзяржаўных устаноў, закладнікі, замініраваныя дарогі, узарваная чыгунка, зьбітыя баявыя гелікоптэры і самалёты, транспартныя і пасажырскія.

На месцы нашага начальства я, няхай запозна, але адключыў бы расейскія тэлеканалы: лямантуйце сабе «на ўсю сваю Іванаўскую»! Хоць яны атрыманую ролю ужо выканалі: сэпаратысты па Фройду чакаюць свайго часу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG