Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усе ўдзельнікі паседжаньня трохбаковай кантактнай групы прыбылі ў Менск


Такую інфармацыю паведаміў прэс-сакратар беларускага МЗС Дзьмітры Мірончык.

Паседжаньне кантактнай групы па Ўкраіне пачнецца ў Менску 1 верасьня ў будынку «Dipservice Hall» на Вайсковым завулку. Падрабязнасьці праграмы паседжаньня і склад удзельнікаў кантактнай групы не агалошваюцца.

Прадстаўніца ўкраінскай амбасады паведаміла Радыё Свабода, што, паводле іхнай інфармацыі, склад украінскай дэлегацыі будзе такі самы, як на папярэднім паседжаньні ў Менску 31 ліпеня. Тады ўкраінскі перамоўны бок узначальваў экс-прэзыдэнт Леанід Кучма. Ён меўся прыбыць у Менск сёньня каля 12 гадзіны дня.

Прадстаўнік амбасады Расеі Ўладзімер Марчукоў параіў па ўсіх пытаньнях зьвяртацца да беларускага МЗС. Паводле папярэдняй інфармацыі, у сустрэчы мае ўзяць удзел амбасадар Расеі ва Ўкраіне Міхаіл Зурабаў.

У прэс-службе АБСЭ паведамілі, што ў адпаведнасьці з фарматам працы кантактнай групы ні склад удзельнікаў, ні парадак дня чарговых сустрэч не паведамляецца, пакуль самі ўдзельнікі не захочуць зрабіць гэтую інфармацыю публічнай.

30 жніўня падчас свайго візыту ў Маскву віцэ-прэм’ер самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі» (ДНР) Андрэй Пургін заявіў, што возьме ўдзел у пасяджэньні кантактнай групы ў Менску 1 верасьня.

Ён таксама заявіў, што на менскай сустрэчы мае намер падняць пытаньне пра абмен палоннымі паводле формулы «ўсіх на ўсіх».

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка 26 жніўня ў Менску на саміце ў фармаце «Мытны саюз — Украіна — Эўразьвяз» прапанаваў праводзіць рэгулярныя сустрэчы групы ў Менску.

Ініцыятыва наконт працы дзеля ўрэгуляваньня сытуацыі ва Ўкраіне ў рамках кантактнай групы была прапанавана яшчэ ў лютым. Першае пасяджэньне такой групы адбылося ў Данецку на пачатку чэрвеня.

Другое пасяджэньне кантактнай групы адбылося 31 ліпеня ў Менску. У ім узялі ўдзел экс-прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма, пасол Расеі ва Ўкраіне Міхаіл Зурабаў, афіцыйны прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЭ па пытаньнях урэгуляваньня сытуацыі ва Ўкраіне Адэльхэйд Тальявіні, а таксама прадстаўнікі самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі».

Наступнае пасяджэньне трохбаковай кантактнай групы ў фармаце «Ўкраіна — Расея — АБСЭ» адбылося 11 жніўня. На ім абмяркоўваліся лягістычныя аспэкты дастаўкі гуманітарнай дапамогі на паўднёвы ўсход Украіны.

XS
SM
MD
LG