Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кантактная група па Данбасу зьбярэцца аб 11-й


Пасяджэньне кантактнай групы па Ўкраіне пачнецца ў Менску 1 верасьня ў 11 гадзін у рэзыдэнцыі прэзыдэнта ў Вайсковым завулку, паведамілі БелаПАН у прэс-службе МЗС Беларусі.

Склад удзельнікаў пасяджэньня не выдаецца. У прэс-службе АБСЭ паведамілі, што ў адпаведнасьці з фарматам працы кантактнай групы, ні склад удзельнікаў, ні парадак дня чарговых сустрэч не паведамляецца, пакуль самі ўдзельнікі не захочуць зрабіць гэтую інфармацыю публічнай.

30 жніўня падчас свайго візыту ў Маскву віцэ-прэм’ер самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі (ДНР) Андрэй Пургін заявіў, што прыме ўдзел у пасяджэньні кантактнай групы ў Мінску 1 верасьня.

Ён таксама заявіў, што на менскай сустрэчы мае намер падняць пытаньне аб абмене палоннымі па формуле «ўсіх на ўсіх».

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка 26 жніўня ў Менску на саміце ў фармаце Мытны саюз — Украіна — Эўразьвяз прапанаваў праводзіць рэгулярныя сустрэчы групы ў Менску.

Ініцыятыва аб рабоце па ўрэгуляваньні сытуацыі ва Ўкраіне ў рамках кантактнай групы была вылучана яшчэ ў лютым гэтага года, яе першае пасяджэньне адбылося ў Данецку ў пачатку чэрвеня.

Другое пасяджэньне кантактнай групы адбылося 31 ліпеня ў Менску. У ім прынялі ўдзел экс-прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма, пасол Расеі ва Ўкраіне Міхаіл Зурабаў, афіцыйны прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЭ па пытаньнях ўрэгуляваньня сытуацыі ва Ўкраіне Адэльхейд Тальявіні, а таксама прадстаўнікі самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі.

Наступнае пасяджэньне трохбаковай кантактнай групы ў фармаце Украіна — Расея — АБСЭ адбылося 11 жніўня, на ім абмяркоўваліся лягістычныя аспэкты дастаўкі гуманітарнай дапамогі на паўднёвы ўсход Украіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG