Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску сёньня мае адбыцца пасяджэньне трохбаковай кантактнай групы па сытуацыі ва Ўкраіне.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў у суботу на брыфінгу ў Брусэлі, што ў перамовах возьмуць удзел прадстаўнік АБСЭ, амбасадар Расеі ва Ўкраіне Міхаіл Зурабаў і другі прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма.

Пра гэта паведаміла прэс-служба прэзыдэнта Ўкраіны.

Паводле Пятра Парашэнкі, бакі павінны абмеркаваць пытаньне вызваленьня ўкраінскіх закладнікаў, якія незаконна ўтрымліваюцца на тэрыторыі Расеі, працу маніторынгавай групы АБСЭ на ўкраінска-расейскай мяжы і фармат спыненьня агню.

Парашэнка лічыць, што аднаўленьне працы трохбаковай кантактнай групы будзе спрыяць эфэктыўнаму прымяненьню мірнага пляна для Данбаса і ўрэгуляваньня сытуацыі шляхам перамоваў.

Прэзыдэнт падкрэсьліў, што сытуацыя ў Данецкай і Луганскай абласьцях дасягнула той мяжы, калі «ужо нельга будзе нічога зьмяніць», таму бакі павінны сесьці за стол перамоваў.

Па выніках праведзенай 26 жніўня ў сталіцы Беларусі сустрэчы прэзыдэнтаў краін Мытнага саюза, Украіны і высокапастаўленых прадстаўнікоў Эўразьвязу была дасягнутая дамоўленасьць зрабіць Менск рэгулярнай пляцоўкай для сустрэч кантактнай групы «Украіна — Расея — АБСЭ».

Расея настойвае, каб на сёньняшняй сустрэчы прысутнічаў прадстаўнік сэпаратыстаў, ужо зьявілася інфармацыя, што ў Менск для гэтага прыбудзе віцэ-прэм’ер самаабвешчанага ўрада «ДНР» Андрэй Пургін. ДНР, які і ЛНР, прызнаныя ўладамі Ўкраіны тэрарыстычнымі арганізацыямі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG