Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назарбаеў папярэдзіў пра магчымы выхад Казахстану з Эўразійскага саюзу


Прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў заявіў пра магчымы выхад Казахстану з Эўразійскага саюзу, куды ўваходзяць таксама Расея і Беларусь.

У інтэрвію тэлеканалу «Хабар» у Астане Назарбаеў заявіў: «Калі правілы, якія былі раней ўстаноўлены ў дамове, не выконваюцца, то Казахстан мае поўнае права адмовіцца ад удзелу ў Эўразійскім эканамічным саюзе. Астана ніколі ня будзе ў складзе арганізацый, якія ўяўляюць пагрозу незалежнасьці Казахстану».

Назарбаеў узначальвае Казахстан з дня яго заснаваньня як незалежнай дзяржавы. Ён быў першым і апошнім прэзыдэнтам Казахскай ССР, а затым стаў першым і адзіным прэзыдэнтам Казахстану. На выбарах 2011 году за яго прагаласавалі, паводле афіцыйных дадзеных, больш за 95 працэнтаў выбарцаў, якія ўдзельнічалі ў галасаваньні.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, выступаючы 29 жніўня на маладзёвым форуме «Селігер», у прыватнасьці, сказаў, што Казахстан створаны на тэрыторыі, на якой дзяржавы ніколі не было. Гэтыя словы Пуціна прыводзяць некаторыя расійскія СМІ.

Днямі лідэр ЛДПР Уладзімір Жырыноўскі заявіў у эфіры радыёстанцыі «Эхо Москвы», што Расея пасьля падзеяў ва Ўкраіне павінна зьвярнуць увагу на Казахстан, дзе, на яго думку, выяўляюцца антырасейскія настроі. Як паведамляе «Эхо Москвы», жыхары Казахстану, баючыся магчымасьці паўтарэньня «ўкраінскага сцэнара», адрэагавалі на заяву прэзыдэнта Расіі акцыяй «Пашлі падручнік гісторыі Пуціну».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG