Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дональд Туск абраны старшынём Эўрапейскай Рады


Доналд Туск
Доналд Туск

Польскі прэм’ер заменіць Германа ван Рампэя. На месца Кэтрын Эштан абраная італійка Магерыні.

На саміце Эўразьвязу ў Брусэлі прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск быў абраны новым старшынём Эўрапейскай Рады. Цяпер гэтую пасаду займае Герман ван Рампэй. Міністар замежных спраў Італіі Федэрыка Магерыні стала кіраўніцай зьнешнепалітычнага ведамства ЭЗ, яна заменіць на гэтай пасадзе Кэтрын Эштан.

57-гадовы Дональд Туск з 2007 года ўзначальвае ўрад Польшчы. У пытаньні крызісу ва Ўкраіне ён зьяўляецца прыхільнікам ўзмацненьня жорсткасьці санкцый супраць Расеі.

41-гадовая Федэрыка Магерыні з 2008 года зьяўляецца дэпутатам парлямэнту Італіі. У лютым гэтага года яна стала кіраўніцай італьянскага МЗС.

Новыя галоўныя чыноўнікі Эўрапейскага зьвязу, якія зоймуць свае пасады на працягу гэтага года, ужо выступілі з першымі камэнтарамі адносна сваіх пазыцый да падзеяў ва Ўкраіне ва ўмовах ваеннага ўварваньня Расеі на яе мацерыковую частку. Як заявіў будучы старшыня Эўрапейскай Рады Дональд Туск, Эўразьвяз павінен заняць сьмелую, але не радыкальную пазыцыю ў пытаньні ўкраінскага канфлікту, а канчатковай мэтай павінна быць дасягненьне міру. Будучая вярхоўная прадстаўніца ЭЗ па замежных справах Федэрыка Магерыні, са свайго боку, сказала, што Эўразьвяз павінен ісьці шляхам дыпляматычнага вырашэньня канфлікту, нават працуючы над новымі санкцыямі супраць Расеі, у надзеі, што такая «разумная камбінацыя» будзе дзейснай.

Прызначэньне Туска на пасаду, на якой ён будзе старшынстваваць на галоўных палітычных пасяджэньнях лідэраў ЭЗ, называюць перамогай 10 былых «сацыялістычных» краін Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, якія ўступілі ў Эўразьвяз за апошняе дзесяцігодзьдзе. Магерыні крытыкуюць за тое, што яна занадта мякка ставілася да Расеі ў сувязі з украінскім крызысам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG