Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грыбаўскайце: «Расея знаходзіцца ў стане вайны з Эўропай»


«Зараз Расея фактычна знаходзіцца ў стане вайны з Украінай — краінай, якая імкнецца да больш блізкай інтэграцыі з Эўразьвязам. Такім чынам, думаю, можна сьцьвярджаць, што Расея сёньня знаходзіцца ў стане вайны з Эўропай», — сказала прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце, прыбыўшы ў Брусэль.

Паводле літоўскага прэзыдэнта, Эўразьвяз павінен дапамагчы Ўкраіне ў першую чаргу «вайсковым абсталяваньнем». Грыбаўскайце назвала санкцыі Эўразьвязу «занадта агульнымі» і выказала надзею, што НАТО прадаставіць Украіне вялікую дапамогу. Паводле яе словаў, вялікай памылкай Эўразьвязу зьяўляецца тое, што цяперашнія санкцыі тычацца толькі будучых кантрактаў з Расеяй, а не ўжо існых. «Нам варта перастаць падманваць сябе і спыніць слухаць хлусьню Пуціна», — сказала Грыбаўскайце.

Сёньня падчас прэсавай канфэрэнцыі па выніках сустрэчы з прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам прэзыдэнт Эўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу заявіў, што Эўракамісія падрыхтавала дзяржавам-сябрам варыянты адносна санкцыяў супраць Расеі.

Прэзыдэнт Украіны Пётр Парашэнка ў сваю чаргу заявіў, што на тэрыторыі Ўкраіны нібыта ўжо знаходзяцца тысячы «замежных» салдатаў і сотні танкаў. Пры гэтым Парашэнка дадаў, што ўрад Украіны разумее, што гэты канфлікт ня можа быць вырашаны ваенным шляхам. Украінскі прэзыдэнт падкрэсьліў, што ягоная краіна разьлічвае ў першую чаргу на вайскова-тэхнічную дапамогу ўсясьветнай супольнасьці, а не на прыцягненьне замежных вайсковых фармаваньняў.

Сёньня лідэры краінаў Эўразьвязу на саміце ў Брусэлі разглядаюць ўвядзеньне новых санкцыяў у дачыненьні да Расеі, якую абвінавачваюць у тым, што яе войскі незаконна перасеклі мяжу Ўкраіны і ваююць на баку сэпаратыстаў. Масква адмаўляе гэтыя абвінавачваньні. Акрамя таго, на саміце ў Брусэлі вызначыцца, хто зьменіць Гэрмана ван Ромпэя на пасадзе прэзыдэнта Эўразьвязу, а Кэтрын Эштан — на пасадзе вярхоўнага прадстаўніка Эўразьвязуў міжнародных справах і бясьпецы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG