Лінкі ўнівэрсальнага доступу

30 жніўня — Міжнародны дзень ахвяраў гвалтоўных зьнікненьняў


Трэці год запар 30 жніўня ва ўсім сьвеце па ініцыятыве ААН адзначаецца Міжнародны дзень ахвяраў гвалтоўных зьнікненьняў. 40 дзяржаваў далучыліся да Канвэнцыі супраць зьнікненьняў. Беларусь не падпісала гэту Канвэнцыю.

15 гадоў таму ў краіне зьніклі вядомыя палітыкі — Юры Захаранка, Віктар Ганчар, бізнэсовец Анатоль Красоўскі і тэлеапэратар Зьміцер Завадзкі.

Патрабаваньне раскрыць праўду аб зьнікненьні Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Дзьмітрыя Завадзкага ўтрымліваецца ў рэзалюцыях Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, Камітэта па правах чалавека ААН, Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ. Не раз Аляксандар Лукашэнка заяўляў пасьля зьнікненьняў: «Мы павінны знайсьці гэтых людзей, асабліва Дзіму». Цяпер кіраўніцтва краіны пра зьніклых даўно ўжо ня згадвае.

Алег Воўчак, кіраўнік грамадзкага аб’яднаньня «Прававая дапамога насельніцтву» кажа, што за 15 гадоў ні родным, ні адвакатам так і не паведамілі, што ж за гэтыя 15 гадоў было зроблена, што расьсьледавана, якія вэрсія разглядаліся па крымінальных справах. Былі толькі ўскосныя адказы кожныя 3 месяцы, што сьледзтва працягваецца:

Алег Воўчак
Алег Воўчак

«Калі першы год сьледчыя яшчэ нешта запытвалі ў родных, сваякоў, то, напэўна, ужо гадоў 14 ніхто не выклікаў ні сваякоў, ні адвакатаў, ні прадстаўнікоў. Хаця справы быццам бы трымаюцца на кантролі, але ніхто не напружваецца. Апошняе, што мы зрабілі — намі зарэгістраваная справы і Захаранкі, і Ганчара з Красоўскім, і Завадзкага ў Працоўнай групе на недабраахвотных зьнікненьнях пры Камітэце ААН — адзінай арганізацыі, якой адказвае МУС Беларусі».

Але МУС дасылае проста адпіскі і ў ААНаўскую структуру. А зь цягам часу расьсьледаваць такія справы значна складаней, кажа праваабаронца Алег Гулак:

Алег Гулак
Алег Гулак

«Чым далей, тым складаней расьсьледаваць. Гэта ж людзі, дакумэнты, таму чым далей — тым цяжэй ўстанаўліваць. Калі браць гэты артыкул 128 Крымінальнага кодэксу — „Злачынствы супраць бясьпекі чалавецтва“ — па якому заводзіліся справы, яны без тэрміну даўніны. Таму сытуацыя выглядае такім чынам, што канкрэтныя крымінальныя справы могуць быць спыненыя, але калі што-небудзь знойдзецца новае, да іх заўсёды можна вярнуцца, як мінімум, для таго, каб расьсьледаваць».

Некалі беларускія міліцыянты заявілі, што расьсьледаваць справу былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі — справа іх гонару. Ульяне Рыгораўне Захаранцы сёлета ў лютым споўнілася 90 гадоў, зь іх 15 яна кожны дзень плача:

Ульяна Захаранка
Ульяна Захаранка

«Я плачу дзень і ноч, я ня бачу пакою. Перажываю, як гэта так, нічога не чуваць. І куды іх падзелі? Што яны зь імі зрабілі? Плачу і плачу, ды ўсё ўзгадваю. І за дзяцей ягоных перажываю. Брат ягоны старэйшы таксама памёр...»

Не дачакалася Віктара Ганчара ягоная маці Валянціна Ганчар — яна памерла ў 2005 годзе. Фактычна бяз бацькі вырас сын Зьмітра Завадзкага Юрый — зараз яму ўжо 23 года.

Былыя міністры ўнутраных спраў Уладзімір Навумаў і Юры Сівакоў, а таксама былы генэральны пракурор Віктар Шэйман і былы кіраўнік спэцназу Дзмітрый Паўлічэнка — зьяўляюцца галоўнымі падазраванымі ў датычнасьці да зьнікненьняў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Зьмітра Завадзкага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG