Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сталкеры Свабоды

Вадзім Мінчук: «Мае вырабы рэклямуюць Беларусь»


Сталкеры Свабоды: Вадзім Мінчук
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:05:44 0:00

Сталкеры Свабоды: Вадзім Мінчук

У яго ўсё пачалося акурат як у вершы Максіма Танка «Завушніцы», на які «Песьняры» стварылі несьмяротны гіт. Зрабіў каханай завушніцы — і вызначыў свой прафэсійны шлях.

Дваццаціпяцігадовы майстар упрыгожаньняў з нацыянальным калярытам Вадзім Мінчук з Івацэвічаў — герой новага выпуску праграмы «Сталкеры Свабоды».

«Мне заўжды падабалася нешта рабіць рукамі: ляпіць, выразаць, клеіць. Такая праца адпавядае нейкім маім памкненьням у гэтай сфэры.

Я раблю гэтыя рэчы з палімэрнай гліны. Гэта вельмі прыдатны матэрыял для творчасьці. Ён вельмі падобны да плястыліну, якім усе ў дзяцінстве карысталіся, але нават больш зручны. І ён мае такую ўласьцівасьць — станавіцца цьвёрдым пры тэрмічнай апрацоўцы.

Пачалося ўсё вось з такіх рэчаў — гэта былі бел-чырвона-белыя сьцяжкі. Яны падабаліся дзяўчатам, і я іх часам рабіў у падарунак — як у песьні «Песьняроў» пра завушніцы, якую я, дарэчы, зрабіў ледзь ня гімнам суполкі «Ўкантакце».

Потым я авалодаў такой тэхналёгіяй, як перанос малюнка на плястыку, і пачаў рабіць рэчы з малюнкам. Напрыклад, з партрэтам Уладзімера Караткевіча, якога вельмі любіць моладзь, якога чытаюць, шануюць і паважаюць. Канечне ж, рэчы з Пагоняй — нашым сымбалем.

Сталкеры Свабоды

Сталкеры Свабоды

«Сталкеры Свабоды» — штотыднёвая праграма нашага Радыё. У ёй мы распавядаем пра людзей, якія сілай сваіх перакананьняў, творчай актыўнасьцю, нязломным аптымізмам, глыбінёю веры ў сваё прадвызначэньне ствараюць уласную тэрыторыю свабоды. Героі праграмы — земляробы і інтэлектуалы, адзінокія маці і шматдзетныя бацькі, спартоўцы і эколягі, невядомыя народныя майстры і выбітныя прафэсійныя мастакі, вольныя вандроўнікі і вязьні турмаў — усе тыя, хто штодзённа расшырае вакол сябе ўласную свабодную прастору да межаў уласнае краіны. Штотыдзень па суботах на нашым сайце — «Сталкеры Свабоды».

Усе выпускі «Сталкераў Свабоды»

У асноўным дзяўчаты замаўляюць мае вырабы. Прыемна, калі яны пішуць у сацсетках замову па-расейску, але як адказваю ім па-беларуску, то і яны пераходзяць на беларускую мову. Хай і недасканалаю мовай пішуць, але яны стараюцца, і гэта прыемна.

Гэтую цішотку, што на мне, я зрабіў сам. Летась, калі ішоў з грэка-каталіцкай пілігрымкай у Полацк, то вырашыў, што будзе добра мець такую адпаведную цішотку.

У Івацэвічах зь беларускасьцю ня вельмі. У нас няма нейкіх палітычных, грамадзкіх арганізацыяў, у нас няма суполкі ТБМ. Нават ня ведаю, што ў нас узяць за нейкую крыніцу беларускасьці, адкуль моладзь ці людзі старэйшыя могуць нечым натхняцца такім. Проста Беларусьсю — але нічога канкрэтнага.

Я, напрыклад, — прадстаўнік грэка-каталіцкай царквы. У нас ёсьць парафія, і гэта адзінае, што ў маім атачэньні беларускае. Царква ня ставіць сваёй мэтай фармаваць беларускасьць, і як бы ёй і ня трэба гэта рабіць. Ёй проста трэба быць беларускай — і ўсё. І людзі ў ёй стануць беларускімі, будуць маліцца па-беларуску і любіць Беларусь. У нас ня ладзяцца нейкія акцыі па беларусізацыі насельніцтва. Для царквы гэта лішняе, бо калі займаесься актыўна нечым грамадзкім, палітычным, галоўнае — ня страціць веру ў Хрыста.

Пакаленьне, да якога належу я, — гэта пакаленьне, народжанае ў часы скананьня Савецкага Саюзу. Я памятаю нашы сымбалі, калі яны былі дзяржаўныя, калі ў нас ва ўладзе ня быў адзін і вечны прэзыдэнт. У 1996 годзе я пайшоў у першую клясу. Нас прымалі ў нейкую дзіўную арганізацыю, якая звалася «Нашчадкі». Я ніколі больш пра яе нічога ня чуў і нідзе яе не сустракаў. Ня ведаю, што гэта было такое. Пэўна, нешта кшталту акцябрат, але такіх незалежніцкіх. Нам раздавалі спэцыяльныя значкі. Тады ўжо была зьменена сымболіка, і значкі былі двух тыпаў. Большасьць была чырвона-зялёная, а мне дастаўся вельмі прыгожы значок зь бел-чырвона-белай Беларусьсю і хлопчыкам і дзяўчынкай на яе фоне. Я памятаю, што прыйшоў дадому вельмі ўсьцешаны гэтым, радасны.

Цяпер жа маладое пакаленьне вельмі падзялілася. Нехта гэта прыняў, а нехта гэта ці то адкінуў, ці то проста не заўважае гісторыю, традыцыі, грамадзкае жыцьцё. Тыя, хто прыняў, яны глыбока ў гэта ўвайшлі. Яны гэта ўсё любяць, і яны якраз-такі і набываюць такія мае рэчы. Я спадзяюся, што мае вырабы нейкім чынам усё ж такі рэклямуюць беларускасьць".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG