Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стадыён БАТЭ — фартовы для беларускага клюбнага футболу


Упершыню ў гісторыі беларускага клюбнага футболу адразу дзьве каманды згуляюць на групавых стадыях эўракубкаў: барысаўскі БАТЭ чацьвёрты раз пазмагаецца ў Лізе чэмпіёнаў, менскае «Дынама» дэбютуе ў Лізе Эўропы.

Посьпех тым больш унікальны, што фінансаваньне футболу ў Беларусі адбываецца паводле «астаткавага» прынцыпу, а на ўсю краіну толькі адзін стадыён, адпаведны міжнародным стандартам — дый тое збудаваны за сродкі, заробленыя камандай з Барысава за ўдзел у эўрапейскіх турнірах.

Ультрасучасны барысаўскі стадыён, збудаваны славенскімі адмыслоўцамі, ужо ў першы год свайго існаваньня стаў фартовым як для гаспадароў, так і для сталічных дынамаўцаў, якія нарэшце згадалі пра сваё слаўнае мінулае. Дзякуючы камандам Аляксандра Ермаковіча і Ўладзімера Жураўля, футбольным аматарам забясьпечаная насычаная футбольная восень. А тое, што заўзятары атрымаюць магчымасьць назіраць якасную карцінку з новай арэны, на перакананьне спартовага аглядальніка Яўгена Валошына, заслуга ня столькі дзяржавы, колькі дырэктарату БАТЭ :

Яўген Валошын

Яўген Валошын

«Чалавек з сапраўды гаспадарлівай рукой Анатоль Капскі давёў справу да канца, у тэрмін, зрабіў клясны стадыён для ўсёй краіны. Гэта яшчэ раз пацьвярджае ісьціну, што значыць, калі за справу бярэцца добры гаспадар. Прынамсі ёсьць стадыён, дзе можа і зборная гуляць, і клюбы, дзе ёсьць чацьвёртая катэгорыя УЭФА. На гэтым тле тым больш дзіўным выглядае, што ў нас заяўляецца пра нейкія амбітныя міжнародныя праекты, пра супэрпляны збудаваць цудоўны нацыянальны стадыён неверагоднага ўзроўню і нічога пры гэтым ня робіцца — я лічу, што гэта заяўляецца ад некваліфікаванасьці, ад некампэтэнтнасьці, ад глупства. На жаль, гледзячы на сытуацыю рэальнымі вачыма, ацэньваючы цьвярозым розумам, магчымы адзін варыянт: збудуюць які-небудзь пасярэдні стадыён, які спраектуюць беларусы, і нічога звышвыбітнага там ня будзе. Але ўжо няхай хоць так, абы не стаяла вось гэтых разбураных стадыёнаў у цэнтры горада. Пакуль жа застаецца спадзявацца толькі на стадыён БАТЭ».

Менскае «Дынама», якое ўжо некалькі гадоў ня мае ўласнай хатняй арэны і ніякай зайздроснай пэрспэктывы ў гэтым сэнсе не прадбачыцца, групавыя матчы ў Лізе Эўропы будзе праводзіць усё на тым жа барысаўскім стадыёне. Сюды прыедуць італьянская «Фіярэнтына», ПАОК з Грэцыі і францускі «Генгам». БАТЭ, дзякуючы ўдзелу ў Лізе чэмпіёнаў, прывязе ў Барысаў «Порту» з аднайменнага гораду на Пірэнэях, украінскі «Шахтар» зь мяцежнага Данбасу і «Атлетык» з краіны Баскаў, дзе гэтаксама пануюць сэпаратысцкія настроі. Дарэчы, стала вядома, што з данецкай камандай БАТЭ ды іншыя супэрнікі са зразумелых прычынаў будуць гуляць у Львове.

У зьвязку з ваенным канфліктам ва Ўсходняй Украіне агульная палітызаванасьць перакідваецца і на спорт. З-за расейскай агрэсіі міжнародныя арганізацыі заклікаюць пазбавіць Расею права на правядзеньне футбольнага чэмпіянату сьвету 2018 году. Ня маючы гарантый бясьпекі, некаторыя нацыянальныя зборныя карэктуюць каляндар таварыскіх матчаў, адмаўляючыся ляцець у Кіеў. Каманды з усходніх гарадоў вымушаныя на неакрэсьлены час пераехаць у заходнюю частку Ўкраіны. Колішні гулец менскага «Дынама» Людас Румбуціс кажа, што палітыка, безумоўна, уплывае на ўсе сфэры жыцьця, але тым важнейшая міратворчая місія футболу:

Людас Румбуціс

Людас Румбуціс

«Я ня ведаю, як з гэтым змагацца, але яшчэ ня так даўно мы самі пакутавалі ад таго, што палітыка і спорт перамешваюцца. Пастаянна на ўсіх узроўнях гаворыцца, што палітыку і спорт сумяшчаць нельга, але ўвесь час яны ідуць побач. Дастаткова згадаць Алімпійскія гульні 1980 году ў Савецкім Саюзе, Алімпіяду 1984 году ў Злучаных Штатах. Мы таксама ад гэтага пакутавалі, бо сарвалася столькі выездаў у менскага „Дынама“ на Захад — і ўсё з-за таго, што сутыкнуліся інтарэсы абсалютна розных палітычных сыстэмаў. Цяпер я лаўлю сябе на тым, што мне ў прынцыпе да фені, што і дзе адбываецца з падачы нядобрасумленных палітыкаў. Не зусім, канечне, да фені, асабліва, калі падзеі набываюць такі маштаб, але я не злучаю палітыку са спортам. Мне не цікава, што адбываецца ў Расеі і ва Ўкраіне, калі, скажам, ідзе чэмпіянат сьвету ці гуляецца Ліга чэмпіёнаў. Зразумела, па-за футболам я за ўсім гэтым сачу. Але я ніяк ня блытаю два паняцьці — футбол і канфлікт Расеі і Ўкраіны».

Як лічаць адмыслоўцы, прарыў клюбнага футболу на міжнароднай арэне — найлепшая магчымасьць папулярызацыі гульні № 1, якая ў Беларусі аб’ектыўна застаецца ў цені іншых відаў спорту, найперш хакею. На думку спартовага журналіста, былога камэнтатара тэлебачаньня і радыё Аляксандра Пуцілы, дзеля гэтага трэба падключаць нават «дзедаўскія мэтады»:

Аляксандар Пуціла

Аляксандар Пуціла

«Варта было б вярнуцца да радыёрэпартажаў. У свой час яны былі калі ня моднымі, то вельмі частымі. Калі я працаваў на Беларускім радыё, мы яшчэ ў сярэдзіне 2000-х нават ладзілі рэпартажы з чэмпіянату сьвету па футболе. Памятаю, камэнтаваў акурат той момант, калі Зідан заехаў галавой па носе свайму крыўдзіцелю са зборнай Італіі Матэрацы. І ведаеце, сапраўды мелі мы водгукі — людзі на кухні ці дзесьці ў іншым месцы, дзе ня маюць магчымасьці глядзець тэлевізар, яны з задавальненьнем слухалі радыёрэпартажы. Хай яны былі караценькія, не на ўвесь матч, хоць дырэктар інфармацыйнага агенцтва на Беларускім радыё Антон Васюкевіч даваў магчымасьць наат цэлы тайм пракамэнтаваць, даваў магчымасьць эфіру. Я думаю, што радыёрэпартажы павінны мы разьвіваць і ў гэтым сэнсе шкада, што ніхто з камэнтатараў тэлевізыйных не практыкуецца на радыё, у такіх рэпартажах. Калі гэта сыстэма адна — тэлебачаньне і радыё — то неабходна і там пааббіцца, і там. А радыё, несумненна, ня столькі больш пэрспэктыўны, колькі больш дынамічны, больш актыўны сродак масавай інфармацыі з найбольш вялікай аўдыторыяй».

Матчы абодвух эўракубкаў з удзелам беларускіх камандаў стартуюць у сярэдзіне верасьня. Барысаўскі БАТЭ першую сустрэчу групавога этапу (група Н) Лігі чэмпіёнаў згуляе 17 верасьня ў гасьцях супраць партугальскага «Порту». Менскае «Дынама», якое патрапіла ў групу К, дэбютны паядынак правядзе 18 верасьня на выезьдзе з грэцкім клюбам ПАОК.

XS
SM
MD
LG