Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На двары крычаўскай гімназіі, будынак якой абрынуўся, працуе тэхніка — вывозіць друз. Таксама тут багата пажарных машын. Тэрыторыя ачэплена супрацоўнікамі міліцыі.

Прысутныя адмаўляюцца ад камэнтароў. Паводле міліцыянта з ачапленьня, цяпер на месцы здарэньня працуюць сьледчыя. Бацькі кажуць, што вучняў гімназіі на час рамонту зьбіраюцца накіраваць у вясковыя школы непадалёк ад Крычава.

Абрынулася сярэдзіна будынку — гэта частка актавай залі. Паводле відавочцаў, ня вытрымала пліта столі. Цудам не пацярпеў вартаўнік: ён пачуў, што сьцены пачалі трэскацца, і пасьпеў выскачыць з будынку.

Гімназія лічыцца ў Крычаве элітнай. Збудавалі яе ў 1979 годзе. Яна была падрыхтаваная да новага навучальнага году.

Упраўленьне Сьледчага камітэту па Магілёўскай вобласьці распачало крымінальную справу паводле артыкула «службовая халатнасьць» у сувязі з тым, што абвалілася частка будынку гімназіі ў Крычаве. Плошча абвалу — 100 кв. мэтраў.

Як паведамляе Сьледчы камітэт, па выніках вонкавага агляду ўстаноўлена, што абваліліся пліты перакрыцьця 2-га і 1-га паверхаў прыбудовы да будынку гімназіі. Ад абвалу ніхто не пацярпеў.

Міністэрства адукацыі прыняло рашэньне разьмеркаваць вучняў крычаўскай гімназіі па іншых школах гораду.

Міністар адукацыі назваў абвал будынку гімназіі надзвычайным здарэньнем, паведамляе Інтэрфакс.

У 2004 годзе ў Краснапольлі Магілёўскай вобласьці абвалілася сьцяна і столь у сярэдняй школе № 1 у спартовай залі падчас заняткаў фізкультурай. У выніку загінула чацьвёра чалавек, пацярпела каля 20 вучняў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG