Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крах Расеі адтэрміноўваецца


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Апошнім часам у зьвязку з агрэсіўнымі дзеяньнямі РФ ва Ўкраіне большасьць экспэртаў, як расейскіх, так і замежных, робяць алярмісцкія прагнозы наконт будучыні гэтай краіны. Ёй прадракаюць крах, катастрофу, гібель. Розьніца толькі ў тым, што адны кажуць пра распад імпэрыі на часткі, іншыя прарочаць толькі крах рэжыму Пуціна.

І галоўная падстава для такіх апакаліптычных прагнозаў — эканамічны чыньнік. Маўляў, пад цяжарам агрэсіі ў адносінах да Ўкраіны, санкцыяў Захаду эканоміка РФ апынецца ў крызісе, абяднелы народ збунтуецца, рэгіёны пачнуць патрабаваць свайго кавалка зьмізарнелага пірага, і ў выніку ўсё лясьнецца.

Зразумела, нічога выключаць нельга, магчыма, што і лясьнецца. У ХХ стагодзьдзі Расейская імпэрыя два разы цярпела крах: у 1917 і 1991 гадах.

Але праблема ў тым, што эканамічны дэтэрмінізм не зусім прыдатны для аналізу гістарычных пэрспэктываў Расеі. Бо Расейская імпэрыя — гэта адмысловы фэномэн, які функцыянуе паводле інакшых законаў, чым іншыя падобныя дзяржаўныя ўтварэньні.

У аснове стварэньня і існаваньня клясычных імпэрыяў ляжыць эканамічны чыньнік. Мэтраполія захоплівае калёніі, каб рабаваць іх, эксплюатаваць рэсурсы, танную працоўную сілу ці выкарыстоўваць як рынак збыту. І як толькі ўтрыманьне калёніяў з эканамічнага гледзішча становіцца нявыгадным, тыя атрымліваюць незалежнасьць. З гэтай прычыны распаліся гішпанская, ангельская, француская, партугальская каляніяльныя імпэрыі. Бо рэсурсы, неабходныя дзеля кантролю над калёніямі, не акупляліся прыбыткам ад іх.

Зусім іншая гісторыя з Расейскай імпэрыяй. Вонкавая экспансія заўсёды была спосабам яе існаваньня, крыніцай моцы. Дзяржаўная веліч — гэта аснова ідэалягічнага канструкту, які аб’ядноўвае насельніцтва ў нацыю. На гэтай ідэі базуецца расейскі мэнталітэт.

Пасьля краху імпэрыі ў 1917 годзе яе адраджэньне ў фармаце СССР адбылося за кошт вонкавай экспансіі. Тое самае мы назіраем і цяпер. Расея «ўстае з калень» менавіта шляхам анэксіі тэрыторыяў суседзяў. Спачатку Паўднёвая Асэтыя і Абхазія, потым Крым, цяпер «Наваросія».

І дзеля ідэі дзяржаўнай велічы можна ісьці на эканамічныя ахвяры. Зьвярніце ўвагу, Расея — адзіная імпэрыя ў сьвеце, дзе мэтраполія ня столькі эксплюатуе калёніі, колькі субсыдуе іх. У СССР аб’ём бюджэтных датацыяў ускраінам быў вышэйшы, чым цэнтральным раёнам РСФСР. А як шмат Савецкі Саюз дапамагаў сацыялістычным дзяржавам, хоць у самой краіне каўбаса была дэфіцытам! І нічога, насельніцтва ўсё гэта ўспрымала нармальна. І цяпер шмат хто настальгуе па тых паўгалодных часах, бо тады «нас баяліся!». І гэты гонар за дзяржаўную веліч поўнасьцю кампэнсаваў дэфіцыт каўбасы.

Таму такога кшталту імпэрыю толькі эканамічныя праблемы не разбураюць. Патрэбен яшчэ ідэалягічны крызіс. Як гэта здарылася з СССР падчас гарбачоўскай перабудовы.

Цяпер мы бачым у Расеі тое, што зьдзіўляе вонкавага назіральніка, але натуральна для расейцаў. Замежнікі дзівяцца, як можна ўводзіць забарону на імпарт харчаваньня з Эўропы, калі яго няма чым замяніць, калі растуць цэны на харчовыя прадукты ў расейскіх крамах. А грамадзяне Расеі радуюцца: як здорава насалілі гэтым эўрапейцам!

Ці тая ж гісторыя з Крымам. Кожны дзень расейскія тэлеканалы апавядаюць, якія буйныя бюджэтныя ўліваньні робіць Расея ў крымскую прорву. І гэта на тле тых вялізарных сацыяльных праблемаў, якія існуюць у самой краіне, дзе большасьць рэгіёнаў датацыйныя. Але 84% насельніцтва падтрымліваюць Пуціна і ягоную палітыку. Ура! «Крым наш!». Як пісаў паэт, «умом Россию не понять».

Пры такой вялізарнай падтрымцы насельніцтва ўлада можа доўга ігнараваць эканамічныя праблемы. Бо грамадзтвам яны як праблемы не ўспрымаюцца.

29.08.2014 г.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG