Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Касьмічны аптымізм Тацяны Сапач


Тацяна Сапач

Тацяна Сапач

У вёсцы Маркава на Маладэчаншчыне прайшлі літаратурныя чытаньні, прысьвечаныя памяці Тацяны Сапач. У чым фэномэн гэтай самай нешматслоўнай беларускай паэткі?

Госьцяй перадачы — удзельніца чытаньняў культуроляг Ірына Дубянецкая.

— Ірына, як выглядае, чытаньні ў Маркаве становяцца традыцыйнымі — сёлета яны прайшлі ў чацьвёрты раз. Хто на іх зьбіраецца?

— Гэтыя чытаньні пачаліся ў 2011 годзе, пасьля таго, як Тані ня стала. Яны праходзяць заўсёды 26 жніўня — у дзень яе нараджэньня, у дзень, калі зь Беларусі адлятаюць буслы. Маркава — гэта радзіма Тацяны, там ёсьць школа, у якой яна вучылася, там жывуць сваякі, якія рады сустрэць гасьцей. Арганізатар, ініцыятар і духоўны натхняльнік гэтых чытаньняў — Сяргей Дубавец. А ідэя такая — каб памяталі. Жнівень — гэта яшчэ вакацыі, але вучні зьбіраюцца. Вялікая, вельмі прыгожа аздобленая беларускімі вырабамі і жывапісам кляса — заўсёды поўная. Дзеці рыхтуюцца, самі штосьці сьпяваюць, робяць нейкія літаратурныя кампазыцыі. Маркава вельмі сур’ёзна рыхтуецца да гэтай імпрэзы.

Ірына Дубянецкая

Ірына Дубянецкая

— Ці ня ёсьць гэта «прывазным сьвятам»? Прыехалі, пачыталі, пасьпявалі, селі ў аўто і зьехалі... Ці там зямля, ці там людзі — адгукаюцца?

— І так, і не. Безумоўна, асноўныя ўдзельнікі прыяжджаюць зь Менску. Але ж і мясцовыя, найперш дзеці, удзельнічаюць. Прыходзяць былыя Тацяніны настаўнікі, прыходзяць проста людзі зь вёскі, і так выглядае, што гэта будзе набіраць абароты. Школа рыхтуецца сустрэць гэтае сьвята. І сапраўды атрымліваецца сьвяточна і прыгожа. З рэгулярных паэтычных імпрэзаў, гэтая ў мяня самая любімая.

— Ёсьць паэты, у якіх сустракаюцца лішнія вершы. Ёсьць паэты, у якіх нярэдка трапляюцца лішнія радкі. Ёсьць паэты, у якіх бываюць лішнія словы. У Тацяны Сапач — няма лішніх гукаў. Ці я памыляюся?

— Вы вельмі добра сказалі. Гэта сапраўды так і ёсьць. Калі паглядзець, наколькі кампактная яе творчасьць, яе творчы даробак. Яе верш заўсёды патрапляе туды, куды ён пасылаецца. Ён заўсёды дасканалы, там сапраўды няма лішніх гукаў. Там часта ствараецца такая вобразнасьць, якую ня створыш цэлай вялікай вершаванай разгорткай. Напрыклад: «О, хваля харалу, гатовая ўздыбіць дах / і зьнесьці, што помняць і славу, і здраду, сьцены, / з найлепшага цеста, мой Бог, табою зьлеплены Бах, / але прашу, гавары са мною на мове Шапэна». І мы бачым, як дах уздыбліваецца, сьцены зьмятаюцца. Тут мае месца алітэрацыя, якую не заўважаеш, калі чытаеш, але якая ўзмацняе ідэю верша, вельмі часта дасканалымі, дакладнымі, маленькімі рысамі судатыкае несудатыкальнае. Адна з асноўных уласьцівасьцяў Тацянінай паэзіі — вось гэтае пастаяннае судатыкненьне штодзённага, імгненнага, сацыяльнага, вірлівага — зь вечным, з касьмічным.

— Тое, што Тацяна апошнія гадоў дваццаць жыла ў Вільні, на яе як творцу неяк паўплывала?

— Працытаваны твор і называецца якраз «У Вільні». Але большасьць вершаў яна напісала да таго, як перабралася ў Вільню. Вільня, безумоўна, была для яе вельмі моцным арыентырам, маяком. Вершы пра Вільню — адны з самых прыгожых. Я дазволю сабе працытаваць яшчэ радкі, якія мне таксама вельмі падабаюцца: «Калі павернецца час, / і на бруку вулак ад грукату ботаў ня здасца бясконцым дзень, / і зь дзіўнае высі сарвуцца актавы забытых музык, / на вузкія рукі пагаслае срэбра надзенем. / Хай собіць спаткацца нам у „Зялёным Штралі“ / аднойчы пасьля бескалёрнай нямой зімы... / Тут нашыя цені адныя, бяз нас, блукалі. / Тут нашыя цені й зараз жывыя... хоць мёртвыя мы». Мы ўсе ведаем пра амаль мітычную кавярню ў Вільні «Зялёны Штраль», дзе зьбіраліся беларускія літаратары пачатку ХХ стагодзьдзя. І гэтае «мы», якое прагаворваецца ў Тацяны, яднае нас з усёй Вільняй. Ці возьмем радкі: «Чаму ты тут не са мною, вялікі крывіцкі род?» Вільня сапраўды для яе вельмі дарагая.

— «І немагчыма яшчэ бяз Вільні...»

— І гэта вельмі прыгожы верш. Сапраўды, немагчыма бяз Вільні. Вільня — гэта частка беларускага космасу, які Тацяна не будуе, а які яна адчувае, у якім яна знаходзіцца. Гэта для яе самая натуральная рэч.

У Зоські Верас у “лясной хатцы”. Вільня, лета 1983 году. Стаяць Лявон Луцкевіч, Пётра Садоўскі, Сяргей Шупа і Сяргей Мурашка. Сядзяць Тацяна Сапач і Зоська Верас

У Зоські Верас у “лясной хатцы”. Вільня, лета 1983 году. Стаяць Лявон Луцкевіч, Пётра Садоўскі, Сяргей Шупа і Сяргей Мурашка. Сядзяць Тацяна Сапач і Зоська Верас

— Тацяну Сапач можна назваць паэткай адной кнігі. Маленькі (40 старонак) зборнік пад назвай «Восень» выйшаў у 1991-м, і адразу для ўсіх стала ясна: зьявілася паэтка, якіх — адзінкі. (Дзьвюхмоўны зборнік «Хай не пакіне нас Восень» зь перакладамі на ангельскую шмат у чым паўтараў папярэдні.) Хто яшчэ з паэтаў столькі часу здолеў «пратрымацца» на адной кнізе?

— Ёсьць паэты, якія наогул выдалі толькі адну кнігу за жыцьцё. Гэта рэдка бывае, але бывае. У беларускай літаратуры ў пачатку ХХ стагодзьдзя, у 20-я гады творцы вельмі часта паміралі маладымі, не дажывалі свой век. Паралельная Тацяне Сапач зьява — Галіна Дубянецкая, зборнік якой таксама чакаўся 20 гадоў. Там крыху іншая сытуацыя. Тацяна выдала зборнік і доўга-доўга больш нічога не выдавала. А ў Галіны чакаўся зборнік, некалькі выдавецтваў прапаноўвалі яго выдаць, але яна ўсё дасканаліла яго, пакуль яе ледзь ня гвалтам змусілі выдаць «Анадыямэну». Тацяна і Галіна сябравалі, мне здаецца, яны — паралельныя зьявы ў беларускай літаратуры. У іх абедзьвюх — фантастычная ўвага да мовы, фантастычная прыгажосьць мовы, дакладнасьць выказваньня, уменьне стварыць такі сьвет, якога не чакаеш. Але гэта па-рознаму бывае. Часьцей мы гаворым «паэт адной кнігі», калі хай сабе і шмат кніг напісаў, але толькі адна засталася ў гісторыі, у памяці нашчадкаў. Такіх літаратараў вельмі многа.

— Да нешматслоўных паэтаў назіраецца нейкая павышаная ўвага. Розныя творцы па-рознаму перажывалі сваю нешматслоўнасьць, сваё маўчаньне. Было сваё маўчаньне ў Купалы, у Куляшова, у Анатоля Сыса — калі ня пішацца. А як сваё маўчаньне перажывала Тацяна?

— Вы маеце рацыю. Павышаная ўвага ня проста да такіх паэтаў, яны прыцягваюць увагу да ўсёй літаратуры. Калі сама кніга — як ювэлірны выраб, як сярэднявечны люмінаваны манускрыпт, як Ліндысфарнскае эвангельле, дзе 187 скрыжаваньняў на 1 квадратны інч (inch — дзюйм). Здаецца, гэта немагчыма, аказваецца — магчыма. Гэта тое, што ўпрыгожвае літаратуру, бо гэта заўсёды вельмі прыгожая мова, гэта дасканалы слых. Гэта finishig touch літаратуры — дасканалае завяршэньне, без чаго ўсе гэтыя шматслоўі, часам вельмі разумныя, часам вельмі эмацыйныя, часам вельмі надзённыя, будуць пустымі.

— У вонкавым жыцьці паэтка была аптымістам, што ня скажаш пра яе вершы...

— Тацяна — касьмічны аптыміст. Аптыміст у канчатковым варыянце. Аптымізму ў яе вершах вы сапраўды не пабачыце. Прагаворваецца столькі болю... Гэта менавіта структураваньне сьвету праз верш. Мне здаецца, яна няшмат пісала таму, што проста не было патрэбы выяўляць сябе праз паэзію. Яна выяўляла сябе ў безьлічы розных іншых варыянтаў, у тым ліку праз тэлевізію. Яе тэлевізійны цыкль «Віленскі сшытак» — адна назва якая прыгожая! «Полацкі сшытак» — гэта барочная музыка, таксама дыямант беларускай культуры. І Тацяна свой дыямант граніла, яна вельмі шмат працавала. Калі Сяргей Дубавец пачаў на Радыё Свабода публікаваць цыкль перадачаў пра «Майстроўню», я іх чытала. І калі неяк дабралася да Вільні, Таня спыталася, ці чытаю я іхныя перадачы. Аказалася, што гэта яна езьдзіла і рабіла інтэрвію, укладала сябе ў гэтую работу вельмі сур’ёзна і проста была ёй цалкам захопленая. Вершаў яна тады пісала вельмі мала, але яны былі вельмі годныя, вельмі прыгожыя: «Калі б была бяздомным я сабакам, / адрынутым сабачаю сям’ёю, / і з голаду і холаду здыхала / на запляванай лесьвічнай пляцоўцы, / мяне забралі б вы ў свой цёплы дом / і рэшткамі вячэры накармілі б... ». І раптам: «Я — каралёўна! Хорам мой — сталіца, / абсяг маёй улады — небясьпечны! / Ля ног — адно паэты ды калекі, / а я ня ўмею плакаць ці любіць».

— Абсалютна пазнавальны сапачаўскі верш!

— Які заканчваецца словамі: «О, не ганіце каралёўну прэч». Ізноў гэтыя судатыкненьні несудатыкальнага — бяздомны сабака і каралёўна. Пра выраз «абсяг маёй улады — небясьпечны» можна дзьве старонкі тэксту напісаць, каб патлумачыць гэтыя словы.

— Тацяна Сапач — паэтка, пра якую ня ведалі дзяржаўныя выдавецтвы. Там сёньня не да беларускай паэзіі. Як і ў дзяржаўных СМІ, на БТ. Нібыта Рэспубліка Беларусь вырашыла абысьціся без літаратуры. Зусім. Што можа чакаць такую дзяржаву?

— Дзяржава абыходзіцца ня толькі без літаратуры, але і без навукі, згортвае акадэмічныя праекты, злучае ў адно акадэмічныя інстытуцыі. Гэтая дзяржава пачала з таго, што зьнішчыла культуралягічныя пэрыёдыкі. Вы слушна кажаце — дзяржава сапраўды абыходзіцца без таго, што працуе на пэрспэктыву, на вечнасьць. А калі дзяржава не працуе на пэрспэктыву, то яна і сябе не адчувае на пэрспэктыву. Скажам, сёньня дзяржава кінулася на слуцкія паясы — нешта больш эстэцкае, больш яркае. Але гэта ўсё ж падтрымка чагосьці вонкавага. Па-ранейшаму працягваецца стварэньне Беларусі без беларускасьці, без беларускай душы, без беларускага мысьленьня. Дзяржава спрабуе стварыць шкарлупку, у якой няма яйка, у якой ніколі ня будзе птушанятаў. Камусьці, можа, падабаюцца шкарлупкі... Але гэта праца аднадзённасьці. Гэта матыльковая дзяржава.

XS
SM
MD
LG