Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уварваньне рэгулярных расейскіх войскаў ва Ўкраіну паставіла саміт НАТО, які мае адбыцца 4 верасьня ў Валіі, перад аголеным пытаньнем: які адказ, і ці наогул, гэты вайсковы альянс можа і павінен даць Уладзіміру Пуціну.

У сувязі з гэтым брытанскі тыднёвік The Economist адзначае:

Альянс спачатку вагаўся, калі Расея анэксавала Крым у сакавіку. Спатрэбілася ўсяго некалькіх сьціплых крокаў, каб супакоіць новых сяброў, якія знаходзяцца ў суседзтве Расеі, што НАТО не адмовіцца ад сваіх абавязаньняў у рамках Артыкулу 5: напад на адну краіну-ўдзельніцу зьяўляецца нападам на ўсе. Але, нягледзячы на энэргічнае кіраўніцтва генэральнага сакратара альянсу Андэрса Фога Расмусэна, які зьбіраецца сыходзіць, некаторыя сябры (у прыватнасьці, немцы, італьянцы і галяндцы) не захацелі «правакаваць» расейцаў. Просьба Польшчы разьмясьціць на яе тэрыторыі на пастаяннай аснове 10 тысяч вайскоўцаў, у тым ліку значны амэрыканскі кантынгент, была адхілена, таму што гэта было занадта блізка да межаў Расеі.

На шчасьце, далейшае залагоджваньне Пуціна ўжо не прадбачваецца. Аркестроўка Расеяй грамадзянскай вайны ва ўсходняй Украіне і зьбіцьцё авіялайнэра з 193 галяндзкімі грамадзянамі на борце, якое зьдзейсьнілі ўзброеныя Крамлём сэпаратысты, зрабілі эўрапейскую грамадзкую думку больш жорсткай. Стала ўжо зразумела — альянс павінен падрыхтавацца да таго, што будзе мець справу з варожай Расеяй на працягу доўгага часу ў будучыні. Тым ня менш, нават цяпер ёсьць рызыка, што НАТО адрэагуе недастаткова.

Саміт, верагодна, ухваліць «плян дзеяньняў для забесьпячэньня гатовасьці», які будзе накіраваны на ўзмацненьне стрымліваньня. Гэта добра, але гэтага не дастаткова. Будуць створаныя новыя брыгады высокай гатовасьці, якія змогуць разгарнуцца на працягу некалькіх гадзін; цяжкае ўзбраеньне будзе разьмешчанае ў Польшчы для пазьнейшага выкарыстаньня сіламі «другога эшалёну»; будзе таксама створаны новы камандны цэнтар. Тым ня менш, НАТО павінна паслаць моцны сыгнал Расеі, пагадзіўшыся на польскую прапанову і стварыўшы ў гэтай краіне базу для 10 тысяч вайскоўцаў баявых падразьдзяленьняў.

Гэта супярэчыла б пагадненьню Расея-НАТО з 1997 году, намерам якога было пакласьці канец узаемным падазрэньням з часу халоднай вайны і пракласьці шлях для партнэрства паміж альянсам і Расеяй. Але паколькі спадар Пуцін заўсёды разглядаў НАТО як ворага, таму сябры гэтага альянсу ня маюць патрэбы адчуваць сябе зьвязанымі дакумэнтам, які не ўшаноўваецца другім бокам.

Эўрапейскія сябры НАТО павінны паказаць сур’ёзнасьць сваіх намераў таксама па-іншаму. Жорсткая эканомія бюджэтных сродкаў і фальшывае пачуцьцё бясьпекі прывялі да скарачэньняў абароннага бюджэту на працягу многіх гадоў, у той час як Расея, пачынаючы з 2007 году, падвоіла вайсковыя выдаткі (у намінальным выражэньні). У эўрапейскіх сталіцах заўсёды супакойвалі сябе сьцьвярджэньнем, што Амэрыка выраўнае любыя розьніцы ў магчымасьцях баявых сілаў. Спадар Расмусэн кажа, што «званок трывогі» ад Пуціна ўжо спалохаў палову сяброў НАТО, якія паабяцалі не скарачаць вайсковых выдаткаў далей. Але гэтага не дастаткова. У 2006 годзе ўсе краіны-сябры НАТО абавязаліся пераводзіць 2% ад свайго ВУП на абарону. У Эўропе ўсяго толькі Вялікабрытанія, Францыя, Грэцыя і Эстонія спрабавалі наблізіцца да гэтага ўзроўню (і яшчэ Польшча туды дабіраецца). НАТО патрабуе, перш за ўсё, больш сілаў хуткага разгортваньня зь лепшым узбраеньнем і тэхнікай — ды лідэраў дзяржаваў, якія былі б гатовыя растлумачыць сваім выбарцам, чаму яны павінны за гэта заплаціць.

XS
SM
MD
LG