Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кабінэт міністраў Украіны ўносіць на разгляд парлямэнту законапраект пра адмену пазаблёкавага статусу дзяржавы.

«Згодна з рашэньнем Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны ўрад Украіны ўносіць на разгляд парлямэнту законапраект пра скасаваньне пазаблёкавага статусу ўкраінскай дзяржавы і пра аднаўленьне курсу Ўкраіны на сяброўства ў НАТО», — заявіў прэм’ер Арсені Яцанюк на пасяджэньні ўраду. Пра гэта паведамляе тэлеканал «1+1».

Яцанюк таксама адзначыў, што гэты закон дазволіць Украіне прымаць рашэньне пра сяброўства ў любых іншых эканамічных, палітычных або вайсковых саюзах, якія не супярэчаць асноўнай мэце Ўкраіны. Гэта, у прыватнасьці, сяброўства ў Эўразьвязе.

Прэм’ер таксама дадаў, што пасьля прыняцьця закону Ўкраіне будзе забаронена сяброўства як у Мытным, Эўразійскім, так і ў розных іншых так званых саюзах, якія па сваёй сутнасьці — нішто іншае, як «Савецкі Саюз імя Расейскай Фэдэрацыі».

Генэральны сакратар НАТО Андэрс Фог Расмусэн у адказ на заяву Яцанюка сказаў, што што ён у поўнай меры паважае рашэньне Ўкраіны адносна яе палітыкі бясьпекі і далучэньня да Альянсу. Расмусэн гэта заявіў у Брусэлі на надзвычайнай сустрэчы НАТО, на якой абмяркоўваўся крызіс ва Ўкраіне.

Раней Расмусэн заявіў, што Альянс плянуе пашырыць сваю прысутнасьць ва Ўсходняй Эўропе. Акрамя таго, НАТО плянуе распачаць крокі для ўмацаваньня бясьпекі Ўкраіны, мадэрнізацыі яе ўзброеных сіл, а таксама мае намер паспрыяць ёй у супрацьстаяньні пагрозе з боку Расеі.

XS
SM
MD
LG