Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеўскі палітоляг: Пракол новай украінскай улады — старое вайсковае кіраўніцтва


Украінскі палітоляг Віктар Каспрук лічыць, што ўкраінская армія цярпіць паразы праз тое, што ў вайсковым ведамстве застаюцца людзі «каманды Януковіча», якія інфармуюць расейскіх баевікоў пра сакрэтныя апэрацыі ўкраінскай арміі. Свабода пагутарыла зь Віктарам Каспруком на тэму паразаў украінскай арміі ў Данбасе.

— Як вы лічыце, чаму ва Ўкраіне ня ўводзіцца ваеннае становішча?

— Сытуацыя з ваенным становішчам ужо даўно абгаворвалася ва ўкраінскім кіраўніцтве, але тармазным момантам заўсёды было разуменьне таго, што калі мы ўводзім надзвычайнае становішча, то тады нельга праводзіць датэрміновыя парлямэнцкія выбары. Таму зараз хутчэй разглядаецца пытаньне пра частковы ўвод надзвычайнага становішча ў дзьвюх абласьцях — Луганскай і Данецкай. Такім чынам, на астатняй тэрыторыі Ўкраіны выбары могуць адбыцца.

— Ці можа расейскае ўварваньне дайсьці да такой стадыі, што ўкраінскія ўлады адмовяцца ад выбарчых кампаніяў на карысьць эфэктыўнай абароны? Ці такі варыянт немагчымы ў прынцыпе?

— Выбары нельга адмяняць ні ў якім разе. Бо калі парлямэнт распушчаны, а новага няма, пад пытаньне ставіцца ўвогуле легітымнасьць вышэйшай украінскай улады. Зь іншага боку, калі будзе патрэбна мабілізаваць усе наяўныя вайсковыя рэсурсы ва Ўкраіне, яны будуць не нашмат меншыя, а можа, нават і большыя, чым у Расеі. Таму

Выбары нельга адмяняць ні ў якім разе. Бо калі парлямэнт распушчаны, а новага няма, пад пытаньне ставіцца ўвогуле легітымнасьць вышэйшай украінскай улады

што калі Пуцін пачаў кампанію супраць Украіны, ён не ўлічыў аднаго вельмі важнага фактару — якасьці насельніцтва Ўкраіны і Расеі. Якасьць украінскага насельніцтва нашмат лепшая, у нас няма такіх сьпітых і масава здэградаваных людзей, якія ёсьць у расейскай глыбінцы.

— А калі прыйдзе той момант, што, як вы кажаце, трэба будзе мабілізаваць усе наяўныя вайсковыя рэсурсы? Выглядае, што цяпер вайскоўцы ў Марыюпалі маюць толькі аўтаматы супраць расейскіх танкаў... Як яны будуць адбівацца?

— Хутчэй за ўсё, зараз ЗША і краіны паўночнай Эўропы будуць разглядаць рэальную магчымасьць аддаць у лізінг ці прадаць Украіне сучасную зброю, якая ёсьць у НАТО і ў ЗША. Гэта вельмі важны момант, таму што відавочна, што Пуціна не спыніць. Хоць зараз ужо ёсьць імавернасьць, што расейскі народ пачне абуджацца. Расейскі народ моцна запалоханы ФСБ, але маці пачынаюць бараніць сваіх сыноў, якія трапілі ў армію і на несправядлівую вайну. Маці ніколі ня будуць маўчаць, калі забіваюць іхніх сыноў.

— Для чаго расейскія войскі прабіваюцца да Марыюпаля? Няўжо сапраўды хочуць захапіць выйсьце да мора ў Адэсе?

— Так. Відавочна, што Адэса патрэбная Пуціну, каб адсекчы Ўкраіну ад любых партоў. Ён забраў парты, якія мы мелі ў Крыме, цяпер хоча забраць Адэсу. У такім выпадку мы як краіна, якая экспартуе вялікую колькасьць збожжа на сусьветны рынак, ня будзем мець шляхоў экспарту. Давядзецца праводзіць экспарт праз Гданьск, але пры гэтым давядзецца рабіць вялізную пятлю. Таксама ня выключана, што Пуцін хоча прабіць калідор праз Адэсу да Прыднястроўя і зрабіць своеасаблівую падкову скораных ім тэрыторыяў.

— Наколькі адэкватна дзейнічаюць Міністэрства абароны і Рада нацыянальнай бясьпекі і абароны? Мы бачым, што людзі выходзяць на вуліцу, каб патрабаваць ад іх больш рашучых дзеяньняў...

— Ва Ўкраіне, на жаль, не адбылося ратацыі кіраўніцтва ўкраінскага вайсковага ведамства. Гэта адзін зь нешматлікіх праколаў новай улады. Тыя людзі, якія былі сфармаваныя як каманда ў часы Януковіча і якія

Ва Ўкраіне, на жаль, не адбылося ратацыі кіраўніцтва ўкраінскага вайсковага ведамства. Гэта адзін зь нешматлікіх праколаў новай улады

працавалі пад кіраўніцтвам міністра — грамадзяніна Расеі, ня могуць адпавядаць высокім стандартам антытэрарыстычнай апэрацыі, якая цяпер праводзіцца. Цяпер людзі пачынаюць патрабаваць ад улады зьмены вайсковага кіраўніцтва. Гэта натуральна. Украінскія журналісты ўжо зьвяртаюць увагу на той дзіўны факт, што падрабязнасьці сакрэтных апэрацыяў украінскай арміі становяцца вядомымі расейцам, якія разьбіваюць нашых вайскоўцаў.

— У сувязі з адкрытым уварваньнем расейскіх войскаў ці зьмяніўся настрой украінцаў? Ці назіраецца паніка?

— Украінцы ў гэты надзвычай крытычны момант для ўкраінскай незалежнасьці пачынаюць быць вельмі стрыманымі і сканцэнтраванымі. Вельмі шмат людзей, якія ня маюць дачыненьня да войска, цяпер гатовыя браць зброю ў рукі і бараніць сваю дзяржаву. Пуцін не бярэ ў разьлік таго факту, што ў разе патрэбы мы можам выставіць некалькі мільёнаў дзеяздольных мужчын. А ў Расеі некалькі мільёнаў такіх мужчын няма. Калі яна выставіць некалькі мільёнаў алькаголікаў, то вялікай карысьці для Расеі ад гэтага ня будзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG