Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галадоўка даўжынёй паўтара года


Яраслаў Гарбанеўскі падчас галадоўкі на Вацлаўскай плошчы
Яраслаў Гарбанеўскі падчас галадоўкі на Вацлаўскай плошчы

У Чэхіі галадаюць у памяць пра ахвяраў камунізму і супраць удзелу камуністаў у палітыцы.

У Чэхіі праходзіць бестэрміновая галадоўка — пратэст грамадзкага руху «Без камуністаў». Кожны дзень адзін з удзельнікаў акцыі адмаўляецца ад ежы на 24 гадзіны, каб ушанаваць памяць адной з ахвяраў камуністычнага рэжыму ў Чэхаславаччыне. Да галадоўкі супраць камунізму далучыліся ўкраінскі паэт і расейскі мастак.

«Галодная» эстафэта ў Чэхіі пачалася ў канцы 2012 году пасьля рэгіянальных выбараў у Паўднёвачэскім краі, на якіх перамагла Камуністычная партыя. Мясцовыя грамадзянскія актывісты, перш за ўсё студэнты, былі так абураныя і прыгнечаныя вынікамі выбараў, што на знак пратэсту вырашылі арганізаваць галадоўку. Ня масавую: кожны дзень адмаўляўся ад ежы адзін чалавек. Кожны раз апоўначы галадаць пачынае новы ўдзельнік, нагадваючы аб адной з ахвяраў камуністычнага рэжыму. Звычайна ў гэты дзень тыя, хто адмаўляецца ад ежы, застаюцца дома, але часам выходзяць на вуліцу, каб паведаміць мінакам пра пратэст і яго прычыны. «Калі б мы праводзілі гэтую акцыю на адным месцы, гаворка б ішла ўсяго пра некалькіх удзельнікаў на месяц, але ў эпоху інтэрнэту нам лёгка ўдаецца зьвязвацца нават з тымі, хто знаходзіцца на адлегласьці сотняў кілямэтраў ад нас — распавядае адзін зь лідэраў руху „Без камуністаў“ Пэтр Марэк. —У нас атрымліваецца так, што адзін дзень чалавек галадае, напрыклад, у Остраве, на адным канцы Чэскай Рэспублікі, а ў поўнач перадае эстафэту чалавеку, які знаходзіцца ў іншым канцы краіны — напрыклад, у горадзе Чэскія Будзеявіцы. Іншымі словамі, кожны галадае там, дзе ён жыве. Спачатку, вядома, удзельнікамі былі ў асноўным нашы сябры».

Спачатку сярод удзельнікаў галадоўкі пераважалі жыхары Паўднёвай Чэхіі, але паступова яна распаўсюдзілася на ўсю краіну і нават за яе межы. Нядаўна эстафэту прыняў ўкраінскі паэт і пісьменьнік Павел Карабчук, які хацеў нагадаць пра амаль 10 мільёнах ахвяраў савецкай калектывізацыі, якая прывяла ва Ўкраіне да Галадамору. «Першапачаткова мы хацелі нагадаць пра ахвяраў камунізму толькі ў Чэхіі, але цяпер мы ўжо можам казаць і пра Ўкраіну, пра Расею і іншыя краіны, якія маюць падобны досьвед — кажа Пэтр Марэк. — У гэтых краінах колькасьць загінулых нашмат большая, чым у нас, гаворка ідзе пра дзясяткі мільёнаў. Акрамя таго, мы ўсё яшчэ ня можам гаварыць аб тым, што камунізм застаўся ў мінулым, бо ў многіх краінах Сярэдняй і Ўсходняй Эўропы камуністычныя партыі працягваюць быць часткай палітычнага жыцьця. З нашага гледзішча, гэта вялікае няшчасьце, на якое мы хочам зьвярнуць увагу ў форме галадоўкі».

У ліку ўдзельнікаў было і некалькі знакамітасьцяў: чэскі актор Ян Тржыска, які галадае ў Лос-Анджэлесе; рэжысэр Мілаш Форман, які адмовіўся ад ежы ў сябе дома ў Нью-Ёрку; рэжысэр Іржы Мэнцэл, які прыняў удзел у акцыі ў Празе. Агульная колькасьць удзельнікаў акцыі — 596 чалавек, і грамадзкі рух «Без камуністаў», мабыць, не зьбіраецца спыняцца, нагадваючы, што ўсяго за час знаходжаньня ва ўладзе Камуністычнай партыі Чэхаславаччыны толькі ў Чэхіі загінулі 10 тысяч чалавек. Паводле Марэка, паток жадаючых прыняць удзел у пратэсьце не зьмяншаецца, таму яму складана сказаць, колькі месяцаў яшчэ будзе доўжыцца распачатая паўтара года таму акцыя. Першапачаткова арганізатары зьбіраліся спыніць «ланцуговую галадоўку» ў дзень галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах сёлета ў лютым. Іхнім плянам перашкодзілі прызначаныя пасьля адстаўкі ўраду пазачарговыя выбары, якія адбыліся восеньню летась. Марэк кажа, што, магчыма, «галодная» эстафэта спыніцца 17 лістапада, у 25-я ўгодкі «аксамітнай рэвалюцыі» — падзеньня камуністычнага рэжыму ў Чэхаславаччыне. У гэты дзень у Празе зьбяруцца ўсе ўдзельнікі галадоўкі, каб зноў нагадаць пра нявінна загінулых падчас камуністычных рэпрэсіяў і заклікаць не галасаваць за камуністаў на наступных выбарах. У галадоўцы каля будынка чэскага Нацыянальнага музэю на Вацлаўскай плошчы прыняў удзел сын Натальлі Гарбанеўскай — мастак Яраслаў Гарбанеўскі. Ён прыехаў у Прагу, каб нагадаць аб дэманстрацыі семярых савецкіх грамадзян супраць уводу войскаў краін Варшаўскай дамовы ў Чэхаславаччыну 25 жніўня 1968 году на Краснай плошчы, сярод якіх была і яго маці. Яраслаў Гарбанеўскі — мастак, у Празе цяпер адбываецца яго выстава.

Сярод ахвяраў камуністычнага рэжыму Чэхаславаччыны — і беларуска Ларыса Геніюш, якая ад 1937 году жыла ў Празе. У 1948 годзе камуністычныя ўлады паспрыялі арышту паэткі савецкімі карнымі органамі, і яна была дэпартаваная ў Савецкі Саюз, дзе правяла восем гадоў у турмах і лягерах ГУЛАГу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG