Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Краснапольле: Жыцьцё ў «доме-прывідзе» з выглядам на будоўлю № 1


Жыхарка райцэнтру Краснапольле, што на Магілёўшчыне, Валянціна Шчарбіна даслала на сайт беларускай службы «Радыё Свабода» відэасюжэт пра жыцьцё сваёй сям’і ў доме, ушчыльную зь якім узводзіцца фізкультурна-аздараўляльны комплекс.

Жанчына апавядае, што 11 месяцаў дамагаецца, каб ёй далі новае жытло, бо ў цяперашнім жыць небясьпечна. Яна цьвердзіць, што ейныя звароты ў структуры выканаўчай улады і кантрольныя арганізацыі даюць ня шмат плёну.

Як кажа Валянціна Шчарбіна, у драўляным доме на вуліцы Курака, 5 акрамя яе жывуць яшчэ трое ейных сямейнікаў, двое зь іх непаўналетнія. Хату яна атрымала паводле рашэньня райвыканкаму ў 2000 годзе.

Летась, апавядае Валянціна, калі закладалі фізкультурна-аздараўляльны комплекс, то папярэдзілі, што будаўнічая пляцоўка захопіць мэтар яе гародаў. Зь яе боку пярэчаньня не было. Праз зусім кароткі час высьветлілася, што адзін мэтар «перарос» у адзінаццаць. Улады загадалі, кажа жанчына, за два дні перанесьці лазьню, прыбіральню ды агароджу, бо яны перашкаджаюць будоўлі.

Пасьля звароту ў раённую пракуратуру актыўнасьць будаўнікоў аціхла на адзінаццаць месяцаў. Валянціна даводзіць, што цяпер мяжы паміж будоўляй і яе сядзібай няма, бо будаўнікі згарнулі бульдозэрам агароджу, пакуль дома нікога не было.

Незразумела, дзе знаходзіцца іхная тэрыторыя, а дзе наша. Як можна жыць сям’і зь дзецьмі побач зь не адгароджанай тэрыторыяй будоўлі. Я наагул не ўяўляю, ці бывае такое — ну, цяпер, бачу, што бывае

«Незразумела, дзе знаходзіцца іхная тэрыторыя, а дзе наша, — абураецца жанчына, — як можна жыць сям’і зь дзецьмі побач зь не адгароджанай тэрыторыяй будоўлі. Я наагул не ўяўляю, ці бывае такое — ну, цяпер, бачу, што бывае. Жыльцам суседніх дамоў падавалі кватэры. А нам — не. Нават не разглядалася такое пытаньне, што наш дом ідзе пад знос. Ня ведаю, што далей рабіць. Куды толькі я не зьвярталася».

Валянціна кажа, што жыць побач з будоўляй вусьцішна, бо ўвесь час думаецца пра нядобрае, асабліва пасьля таго, як на будоўлі здарыўся небясьпечны інцыдэнт.

«З будоўлі абрынулася вялікая канструкцыя, — зазначае жанчына, — і яна зьнесла большую частку маёй агароджы. Я ў суд ня стала зьвяртацца, бо будаўнікі паставілі другі плот, а каб гэтая канструкцыя ды на хату...»

Адстойваючы права на людзкае жыцьцё, Валянціна Шчарбіна высьветліла, што ня мае наагул права на дом, у якім пражыла адзінаццаць гадоў, плацячы дысцыплінавана квартплату.

«Высьветлілася, — кажа яна, — што Краснапольскім райвыканкамам дом у раённую камунальную ўласнасьць прыняты ня быў і дзяржаўная перарэгістрацыя не была праведзеная. То бок атрымліваецца, што я плаціла за дом грошы, а паводле папер — гэты дом належаў іншаму чалавеку. І наагул мая сям’я ніякіх правоў зьвязаных з домам, не мае».

Кватэра на першым паверсе, дужа вільготна ў ёй, а ў мяне бранхіяльная астма. У сырасьці я жыць не магу. Я ў той кватэры прабыла тры хвіліны і ў мяне пачаўся прыступ хваробы.

У райвыканкаме прызнаюць факт таго, што сям’я Валянціны Шчарбіной жыве побач з будоўляй. Заяўляюць, што ёй прапаноўвалі кватэру, але яна ад яе адмовілася.

«Начальнікам аддзелу ЖКГ ёй была прапанавана кватэра, але ад яе яна адмовілася, — даводзіць супрацоўніца райвыканкаму. Пытаньне, паводле суразмоўніцы знаходзіцца на кантролі ў райвыканкаме.

«Ёй будзе прапанаванае другое жылое памяшканьне. На дадзены момант яно падшукваецца»,— запэўнівае супрацоўніца райвыканкаму.

Валянціна Шчарбіна цьвердзіць, што прапанаванае ёй кватэра была непрыдатная для пражываньня:

«Яна на першым паверсе, дужа вільготна ў ёй, а ў мяне бранхіяльная астма. У сырасьці я жыць не магу. Я ў той кватэры прабыла тры хвіліны і ў мяне пачаўся прыступ хваробы. Зразумела, я напісала, што па стане здароўя не магу знаходзіцца ў ёй. Больш нам ніхто нічога не прапанаваў».

Паводле жыхароў Краснапольля, узьвядзеньне фізкультурна-аздараўляльнага комплексу ў райцэнтры — будоўля № 1. Апошнім часам на ёй аўральная актыўнасьць. Паводле афіцыйнай інфармацыі, калі аб’ект увядуць, яго змогуць наведваць 700 чалавек. Абяцаюць, што працы скончаць пад Новы год. Сям’я Валянціны Шчарбінінай спадзяецца, што з набліжэньнем адкрыцьця фізкультурна-аздараўляльнага комплексу, іх пакуты скончацца ўлазінамі ў новую кватэру.

XS
SM
MD
LG