Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым Данбас падобны да Абхазіі?


Сучасны абхаскі краявід
Сучасны абхаскі краявід

Пуцін спыніцца там, дзе яго спыняць украінцы, а не амэрыканцы або эўрапейцы.

Меркаваньні грузінскіх экспэртаў наконт сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны падае ўкраінскі рэсурс Лігабізнэсінформ.

Бачо Карчылава, былы прэсавы сакратар амбасады Грузіі ва Ўкраіне:

Усё, што адбываецца цяпер вакол Данбасу – гэта больш адкрытая форма таго, што адбывалася ў Абхазіі. Адзін у адзін, з пачатку вайны ў Абхазіі ў нас былі нават посьпехі, мы кантралявалі амаль усю тэрыторыю рэспублікі, акрамя Гудавуцкага і Ткварчэльскага раёнаў. З пачатку вайны былі ўзятыя пад кантроль горад Гагра і Гагрскі раён, таму што гэта была мяжа з Расеяй – мы фактычна цалкам адрэзалі супрацьлеглы бок ад паставак зброі і боепрыпасаў з Расеі. Што адбылося потым? Спачатку Шэварднадзэ зьлятаў на перамовы зь Ельцыным, а потым па нас ударылі ў Гаграх з двух бакоў. А калі Гагры ўзялі пад кантроль, то Шэварднадзэ зноў паляцеў на перамовы і лётаў яшчэ некалькі разоў. А потым нас выціснулі з усёй тэрыторыі Абхазіі, пасьля чаго войскі, якія нас выціснулі, ператварылі ў міратворчы кантынгент – у так званыя КСПМ (калектыўныя сілы па падтрыманьні міру) – гэта былі спрэс расейскія дэсантнікі.

У Данбасе расейцы дзейнічаюць пад капірку, яны ня пойдуць далей Данбасу, проста дапамогуць узяць тэрарыстам пад кантроль тэрыторыю. Што будзе далей – ужо сказаў прэс-сакратар Пуціна Пяскоў: неабходная сустрэча паміж Пуціным і Парашэнкам, і яна рыхтуецца. Якраз падчас гэтай новай сустрэчы і пачнуць даціскаць прэзыдэнта Ўкраіны наконт, як любяць казаць расейцы, разьяднаньня бакоў і стварэньня дэмілітарызаванай зоны. «Дэмілітарызаваная зона» – гэта тэрыторыя 40 км шырынёй, дзе стаяць афіцыйна, у статусе міратворцаў, расейскія войскі.


Георгі Вашадзэ, былы намесьнік міністра юстыцыі Грузіі, дэпутат грузінскага парлямэнту:

Падзеі ў Данбасе крок у крок паўтараюць усе ваенныя канфлікты, якія ініцыявала Расея. Грузія перажывала гэта і ў 1990-я, і ў 2008-м у Цхінвальскім рэгіёне, калі Расея спачатку спрабавала інтэрпрэтаваць гэтую вайну як канфлікт паміж мясцовымі групамі і супраць цэнтральнай улады. У нашых падзеях і ваенных дзеяньнях у Данбасе ёсьць адно адрозьненьне – яно палягае ў тым, што ў нашым выпадку Расея адразу праявіла адкрытую ваенную агрэсію, а ў вашым – доўгі час разгойдвала сытуацыю праз ДНР і ЛНР. Цяпер Расея ўбачыла, што такім чынам ва Ўкраіне яна посьпеху не атрымае і перайшла да прамой агрэсіі. Сёньня мы можам адкрыта сказаць, што маем справу з сапраўднай вайной Расеі супраць Украіны.

Што трэба рабіць Ўкраіне? Палепшыць мэнэджмэнт вайны і не спыняць мабілізацыі. Міжнародная супольнасьць будзе ціснуць на Расею санкцыямі, якія ня варта недаацэньваць. Нават тыя санкцыі, якія ўступілі ў сілу супраць Расеі сёньня – гэта вельмі сур'ёзна. Кожны дзень гэтай вайны каштуе Пуціну дзясяткі мільёнаў даляраў.

Тут вам ужо лягчэй, паколькі ў 2008 годзе супраць Расеі не былі ўжытыя ніякія санкцыі. Дарэчы, мы тады казалі, што на Грузіі гэта ня скончыцца і Пуцін пойдзе далей. Мабыць, сёньня міжнародная супольнасьць нарэшце зразумела, што калі не спыніць Пуціна ва Ўкраіне, далей Расея пойдзе на балтыйскія краіны, Польшчу, Балканы.

Давід Сакварэлідзэ, былы першы намесьнік генпракурора Грузіі, дэпутат грузінскага парлямэнту:

Пуцін заўсёды казаў, што Ўкраіна – гэта тэрыторыя, а не дзяржава. Ён ведае вашы слабыя кропкі і б'е па іх. Захапілі Крым, калі пасьля Майдану ў краіне была блытаніна. Гэта, вядома, часова, як і ў выпадку Абхазіі, але ў кароткатэрміновай гульні Пуцін пакуль выйграе.

Вядома ж, з Пуціным будзе скончана, але што застанецца да таго часу ад Украіны – ператворыцца яна ў падабенства Босьніі і Герцагавіны ці выйдзе з гэтай вайны моцнай дзяржавай? Украіна абавязаная адначасова з вайной праводзіць рэформы, калі вы хочаце перамагчы Расею. Калі рэформы адкласьці, пакуль ня скончыцца вайна, то яна ніколі ня скончыцца. У Грузіі вайна фактычна пачалася ў 1991 годзе і працягваецца да гэтага часу.

Што канкрэтна трэба рабіць Ўкраіне? Трэба весьці вельмі сур'ёзную міжнародную кампанію. У першыя дні канфлікту я б сказаў, што Ўкраіна была слабая ў гэтым кірунку. У вас нават не было міжнароднага сьпікера, які б вяшчаў на вядучых каналах, такіх як CNN і BBC. Трэба весьці сур'ёзную інфармацыйную кампанію ў Эўропе і ЗША. У вас там шмат саюзьнікаў, але трэба правільна выкарыстаць гэты рэсурс.

Унутры краіны трэба мабілізаваць увесь рэсурс украінскага народа. Краіна ў вас вялікая, 45 мільёнаў – у нас такога рэсурсу не было. На жаль, вельмі шмат украінцаў да гэтага часу не разумеюць, якая пагроза на самай справе зыходзіць ад Расеі і чым гэта можа скончыцца. У Кіеве многія жывуць у іншай рэальнасьці – ходзяць па рэстаранах, забаўляюцца і не адчуваюць таго, што адбываецца на ўсходзе. Расея спыніцца там, дзе яе спыняць украінцы, а не амэрыканцы, бэльгійцы ці французы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG