Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей сустрэнецца з Сікорскім


Уладзімер Макей

Уладзімер Макей

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей на запрашэньне польскага боку наведае з рабочым візытам Польшчу з 28 па 29 жніўня.

Пра гэта паведаміў журналістам начальнік упраўленьня інфармацыі — прэс-сакратар МЗС Дзьмітры Мірончык.

Падчас візыту заплянаваная сустрэча зь міністрам замежных спраў Польшчы Радаславам Сікорскім. Таксама плянуюцца сустрэчы з намесьнікам прэм’ер-міністра — міністрам эканомікі Янушам Пехацінскім і прадстаўнікамі дзелавых колаў.

Макей абмяркуе пытаньні ўзаемадзеяньня Беларусі і ЭЗ, беларуска-польскіх адносін, актуальную сытуацыю ў рэгіёне і іншыя тэмы.

Паводле Мірончыка, Беларусь і Польшча сумесна вырашаюць шэраг пытаньняў, якія знаходзяцца ў зоне агульнага інтарэсу асноўных інтэграцыйных структураў эўрапейскага кантынэнту: ЭЗ і Мытнага саюзу.

Паводле Польскага радыё, кіраўнік польскага МЗС Радаслаў Сікорскі сказаў, што з Уладзімерам Макеем ён абмяркуе вынікі сустрэчы 26 жніўня ў Менску, прысьвечанай Украіне.

«Спадзяюся, што мы абмяркуем як справы, датычныя Ўкраіны, так і двухбаковыя адносіны. Падчас украінскага крызісу з прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам размаўляў прэм’ер Дональд Туск. Мы працягваем гэты польска-беларускі дыялёг па справе нашага рэгіёну», — сказаў Сікорскі.

26–27 жніўня ў Менску адбыўся саміт у фармаце «Украіна — Мытны зьвяз — Расея». Яго галоўнай падзеяй сталі двухгадзінныя перамовы сам-насам паміж Пятром Парашэнкам і Ўладзімерам Пуціным. Таксама кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка правёў сустрэчу з вярхоўным прадстаўніком ЭЗ па замежных справах і палітыцы бясьпекі, намесьнікам старшыні Эўрапейскай камісіі Кэтрын Эштан.

XS
SM
MD
LG