Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства інфармацыі не знайшло прапаганды экстрэмізму на расейскіх тэлеканалах


Міністэрства інфармацыі ня ўгледзела ў праграмах расейскіх тэлеканалаў, якія трансьлююцца ў Беларусі, прапаганды экстрэмізму і сэпаратызму. У сваім звароце да міністэрства актывісты суполкі «Грамадзкі кантроль» з Магілёва вінавацілі ў гэтым расейскія тэлеканалы РТР і НТВ.

Прадстаўнікі незалежных прафсаюзных арганізацыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў патрабавалі, каб расейскія тэлеканалы былі замененыя на ўкраінскія і казахстанскія. У адкрытым лісьце да Генэральнага пракурора Беларусі, а таксама кіраўніцтва Міністэрства сувязі ды Белтэлерадыёкампаніі актывісты даводзілі, што на расейскіх каналах прапагандуецца экстрэмісцкая ды сэпаратысцкая дзейнасьць.

Адказ на зварот магілёўскія апазыцыянэры атрымалі зь Міністэрства інфармацыі за подпісам намесьніка міністра Сяргея Хільмана. Міністэрства, як вынікае зь ліста, ня ўгледзела ў праграме тэлеканалаў прапаганды экстрэмізму і сэпаратызму. Факты, выкладзеныя ў звароце актывістаў апазыцыйных арганізацыяў, гаворыцца ў адказе, «не адпавядаюць рэчаіснасьці». Мінінфарм спасылаецца на закон Рэспублікі Беларусь «Аб супрацьдзеяньні экстрэмізму». Паводле яго, матэрыялы могуць быць прызнаныя экстрэмісцкімі праз рашэньне суду, і тады кіраўніцтва тэлеканалаў будзе несьці адказнасьць.

Адзін з ініцыятараў звароту, прафсаюзны актывіст Юры Новікаў называе адказ зь Міністэрства інфармацыі неадэкватным. На ягоную думку, чыноўнікі звыкла адпісаліся, ня даўшы адказу па сутнасьці:

Юры Новікаў
Юры Новікаў

«Мы не прасілі даваць ацэнку нашаму лісту. Мы чакалі канкрэтнага адказу. Якая нам розьніца, каму належаць расейскія тэлеканалы ў Беларусі — самой Беларусі ці Расеі — яны ўсё адно хлусяць. Нам даводзяць гэтыя каналы, што на Данбасе ваююць паўстанцы і яны ледзьве не героі, але мы на сёньня ведаем, што ў канфлікце на паўднёвым усходзе Ўкраіны задзейнічаныя рэгулярныя расейскія вайсковыя часьці. Ужо ёсьць і расейскія ваеннапалонныя, і ў Расеі хаваюць салдат, якія загінулі ва Ўкраіне. А расейскія каналы працягваюць гаварыць пра нейкіх паўстанцаў, якія ваююць з украінскімі сілавікамі».

Паводле Юрыя Новікава, у лісьце зь міністэрства не гаворыцца нічога пра тое, ці будуць украінскія і казахстанскія каналы ўключаныя ў агульнадаступную сетку тэлепраграм. «Гэтае патрабаваньне наагул праігнараванае», — кажа актывіст.

Юры Новікаў не выключае, што тыя, хто падпісаў зварот, зьвернуцца ў суд, каб той прызнаў, што прадукцыя расейскіх тэлеканалаў прапагандуе экстрэмізм і сэпаратызм.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG