Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рух «За свабоду» ў Троках рыхтуе сабе новых актывістаў


Кіраўніцтва грамадзкай арганізацыі ня першы год папаўняе шэрагі сваіх актывістаў за кошт выпускнікоў палітычнай школы, якая штолета ладзіцца ў суседніх зь Беларусьсю краінах.

Навучаньне для моладзі 18–30 год ладзіцца ў чацьвёрты раз. Сёлета ўдзельнікі і лектары сабраліся ў Літве, пад Трокамі. Кожны год абіраецца пэўная тэматыка для абмеркаваньня. Гэтым разам — «Беларуская ідэя і шляхі нацыянальнай кансалідацыі ў Беларусі».

«Мы адбіраем найперш новых людзей, тых, якія раней не былі заангажаваныя ў палітычную і грамадзкую дзейнасьць, але цікавяцца тэматыкай школы. Увогуле аддаецца перавага новым людзям, якія толькі хацелі б далучыцца, якія цікавяцца дзейнасьцю грамадзкіх аб’яднаньняў і палітычных партый. Кожны раз школы праходзяць з рознай тэматыкай. Была тэма эўрапейскай інтэграцыі Беларусі, была тэма эканамічнай сытуацыі. Сёлета было вырашана акцэнтаваць увагу на нацыянальнай ідэнтычнасьці беларусаў, зразумела, што гэта зьвязана з палітычнай сытуацыяй у рэгіёне», — тлумачыць намесьнік старшыні Руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч.

У школе бяруць удзел 25 чалавек з усіх рэгіёнаў Беларусі. Сярод лектараў Уладзімер Арлоў, Валер Булгакаў, Сяргей Чалы, Алесь Лагвінец, Яраслаў Крывой і іншыя. Юрась Губарэвіч кажа, што нягледзячы на адукацыйны характар мерапрыемства, многія выпускнікі школы становяцца актывістамі грамадзкіх аб’яднаньняў і нават кандыдатамі ў дэпутаты:

«Выпускнікі школы атрымліваюць грунтоўныя веды па канкрэтнай тэматыцы, перад імі выступяць лепшыя спэцыялісты і экспэрты зь Беларусі. І мы спадзяемся, што выпускнікі будуць праяўляць большую актыўнасьць у грамадзкай дзейнасьці. Маем добрыя прыклады з папярэдніх школаў, калі выпускнікі прыходзілі ў Рух „За свабоду“ як валянтэры, дапамагалі праводзіць мерапрыемствы і кампаніі. Некаторыя выпускнікі папярэдніх гадоў сталі кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых саветаў, хаця мы і не агітуем за актыўнае далучэньне да палітычнай дзейнасьці». Юрась Губарэвіч зазначае, на жаль, такога кшталту адукацыйныя мерапрыемствы складана правесьці ў Беларусі, таму кожны год удзельнікі едуць за мяжу.

«Кожная са школ праходзіла па-за межамі Беларусі. Сёлета — у Літве. Зразумела, што гэта зьвязана з пытаньнем бясьпекі. Калі праводзіць 5-дзённае мерапрыемства зь вялікай колькасьцю ўдзельнікаў у Беларусі, яно скончыцца прыездам міліцыі і блякаваньнем дзейнасьці школы. Плюс правядзеньне навучаньня за межамі Беларусі дае дадатковыя магчымасьці прыцягнуць прадстаўнікоў беларускай дыяспары, якія неўязныя ў Беларусь. Напрыклад, сёлета ў межах палітычнай школы выступіць Хведар Нюнька, які распавядзе, як беларусы арганізоўваюць сваю дзейнасьць у Вільні», — кажа Юрась Губарэвіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG