Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Піша расейскі гісторык Юры Фельштынскі.

Нехта ж павінен узьняць плянку? Хтосьці павінен напісаць аб ссоўваньні паняцьцяў? Давайце гэта зраблю я. Калі на сустрэчы ў Менску прэзыдэнт Парашэнка паціскае руку Пуціну, значыць Пуцін — рукапаціснуты чалавек. А ён — нерукапаціснуты. Калі ты працягваеш руку чалавеку, значыць ён — ня забойца твайго народа, таму што такому чалавеку прэзыдэнт краіны ня можа працягнуць руку.

Лік ідзе на сотні, можа быць на тысячы (мы дакладна пакуль ня ведаем — ніводзін з бакоў не сьпяшаецца паведамляць, колькі менавіта чалавек, вайскоўцаў і цывільных, загінула). Прыглядзіцеся яшчэ раз да фатаграфіі, якая абляцела ўвесь сьвет: Пуцін прыбыў у Менск менавіта дзеля гэтай фотасэсіі з поціскам рукі Парашэнкі. Парашэнка прыляцеў у Менск у спадзяваньні выгандляваць у агрэсара мір. Паглядзіце, як прыгнечаны Парашэнка і як грымасьнічае шчасьлівы Пуцін. Таму што чарговым раз ён усіх «зрабіў» і ўсіх «разьвёў».

Можна зьбіваць грамадзянскія самалёты, можна захопліваць Крым і ўрывацца на ўсход Украіны арміяй і бронетэхнікай, і «яны» усё роўна пададуць яму руку, таму што, наіўныя, спадзяюцца поціскам рукі купіць мір. Калі руку Пуціна паціскае Парашэнка, краіну якога атакавалі і праглынаюць па кавалачках, значыць, паціскаць гэтую руку будуць і астатнія прэзыдэнты, у якіх пакуль нічога не адхапілі. Калі санкцыі супраць Расеі ня ўводзіць Украіна, чаму, уласна, гэтыя санкцыі павінна ўводзіць супраць Расеі, напрыклад, Нямеччына? Калі ўкраінскі ўрад не заявіў адназначна, што знаходзіцца ў стане вайны з Расеяй, чаму НАТО павінна пастаўляць Украіне ўзбраеньне?



І калі пасьля доўгіх і нудных абмеркаваньняў і дыскусій, прапускаць ці не прапускаць 280 траянскіх коней з «гуманітарным грузам», гэты табун ўсё ж такі прарываецца ў Луганск ў суправаджэньні расейскіх войскаў («сэпаратыстаў») і бесперашкодна сыходзіць назад, ня варта зьдзіўляцца, калі Мэркель, напрыклад, выдзеліць 500 мільёнаў эўра не Ўкраіне, на ўзняцьце эканомікі, а таму ж Пуціну — на аднаўлентне Данбаса, які Пуцін не плянуе аддаваць.

У Данецку ўкраінскіх палонных як зьвяроў правялі па вуліцах, закідваючы яйкамі — не з той ці самой гуманітарнай дапамогі, дастаўленай з Расеі? Таму што адкуль інакш у галодным Данбасе яйкі, каб імі закідваць палонных, замест таго, каб рабіць з іх яечню для галодных дзяцей? Пры гэтым расейскіх дэсантнікаў, якія трапілі ў палон, ўкраінскі ўрад далікатна называе «затрыманымі», а не «ваеннапалоннымі», каб лішні раз падкрэсьліць, што ня лічыць расейскае ўварваньне вайной з Расеяй.

Гітлеру таксама паціскалі руку. Гітлеру таксама давалі хабары ў выглядзе тэрыторый. Гэта не прывяло да захаваньня міру і нікога не выратавала ад вайны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG