Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна і Захад абвінавачваюць Расею ў наўпростым ўварваньні


Украінскія ўлады абвінавачваюць Расею ў адкрытым ваенным ўварваньні на поўдзень Данбаса. У прыватнасьці паступаюць паведамленні пра блякаваньне горада Новаазоўска расейскімі сіламі.

Мэр горада пацьвердзіў зьяўленьне ў населеным пункце сэпаратыстаў, а прыхільнікі самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР» апублікавалі ў сацсетках фота ваеннай тэхнікі. Шэраг заходніх палітыкаў ужо назвалі гэта відавочным супрацьстаяньнем рэгулярных армій Украіны і Расеі. Пра гэта піша BBC.

Рэакцыя Захаду Газэта New York Times паведамляе, што расейскія танкі, артылерыя і пяхота перайшлі мяжу Ўкраіны з боку Расеі, «атакуючы ўкраінскія сілы». Як сьледзтва, на думку выданьня, «быў адкрыты новы, трэці фронт у вайне на ўсходзе Ўкраіны паміж урадавымі сіламі і прарасейскімі сэпаратыстамі».

Перад гэтым міністр замежных спраў Швэцыі Карл Більт напісаў у сябе ў Twitter: «Зараз мы відавочна назіраем баі паміж рэгулярнымі сіламі Расеі і Ўкраіны. Існуе выразная назва гэтага».

Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркэль у тэлефоннай размове з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным заявіла, што трэба даць тлумачэньне паведамленьням пра зьяўленьне расейскіх войскаў на тэрыторыі Ўкраіны.

Ангела Мэркэль таксама правяла тэлефонныя перамовы з украінскім прэзыдэнтам Пятром Парашэнкам, падчас якой лідэры краін дамовіліся зрабіць усё магчымае для дээскаляцыі крызісу ў Данбасе. У прыватнасьці лідэры паабяцалі «скаардынаваць намаганьні напярэдадні пасяджэньня Эўрапейскай Рады 30 жніўня для магчымых далейшых рашучых дзеяньняў з боку Эўрапейскага Зьвязу», паведамляе сайт прэзыдэнта Ўкраіны.

Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Дэвід Кэмэран і старшыня Эўрапейскай Рады Герман ван Рампэй заявілі пра неабходнасьць чыніць ціск на Расею з боку Эўразьвязу з-за сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны. Як паведамляецца ў заяве на сайце брытанскага ўрада, абодва палітыкі «пагадзіліся, што ЭЗ павінен працягваць ціснуць на прэзыдэнта Пуціна, каб дамагчыся дээскаляцыі сытуацыі». Кэмэран таксама абмеркаваў сытуацыю ва Ўкраіне з канцлерам Нямеччыны Ангелай Мэркэль. «Абодва лідэры пагадзіліся з тым, што ваеннага рашэньня крызісу быць ня можа, і што прэзыдэнт Пуцін павінен пачаць паўнавартасныя перамовы, каб знайсьці палітычнае рашэньне», — гаворыцца ў заяве.

ДНР: нам дапамагаюць толькі добраахвотнікі з РФ

Самаабвешчаны «галоўнакамандуючы ДНР» Аляксандр Захарчанка абверг ўдзел рэгулярных узброеных сіл Расеі у баях з украінскімі сіламі. Паводле яго слоў, сэпаратыстаў падтрымліваюць толькі расейскія добраахвотнікі, сярод якіх шмат былых вайскоўцаў. Між тым працягваюцца баі каля Данецка і Луганска — галоўных гарадоў, якія застаюцца пад кантролем сэпаратыстаў. Таксама ўкраінскія войскі рыхтуюць абарону Марыюпаля, які знаходзіцца на магчымым шляху прасоўваньня прарасейскіх сіл ад Новаазоўска.

У ЗША лічаць, што контрнаступленьне сэпаратыстаў праходзіць у каардынацыі з Масквой. «Гэтыя паведамленьні (пра зьяўленьні расейскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Ўкраіны) сьведчаць пра тое, што, відавочна, пад кіраўніцтвам Расеі ў Данецку і Луганску вядзецца контрнаступленьне», — заявіла прэсавы сакратар Дзярждэпартамэнта ЗША Джэн Псакі.

Мэр Новаазоўска Алег Сідоркін у інтэрвію агенцтву Associated Press сьцьвярджаў, што сэпаратыстам ўдалося трапіць на тэрыторыю горада. Паводле паведамленьняў расейскіх СМІ, украінскія сілы вымушаныя былі адступіць. У сераду сэпаратысты зрабілі як мінімум 10 артылерыйскіх абстрэлаў Новаазоўска, насельніцтва якога перавышае 12 тысяч жыхароў, паведамляе карэспандэнт Associated Press зь месца падзей. Напярэдадні, паводле словаў мэра горада, з-за абстрэлаў атрымалі раненьні чатыры чалавекі.

Раней украінскія ўлады паведамлялі, што расейскім войскам удалося захапіць сем населеных пунктаў вакол Новаазоўска. Таксама прадстаўнікі штаба сэпаратыстаў заявілі пра тое, што яны ўзялі пад поўны кантроль ўчастак мяжы ў раёне КПП «Марынаўка», «Успенка» і «Новаазоўск».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG