Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне сёньня пачалася парлямэнцкая выбарчая кампанія


Датэрміновыя выбары ў Вярхоўную Раду маюць адбыцца 26 кастрычніка.

Указ пра датэрміновае спыненьне паўнамоцтваў цяперашняй Рады быў падпісаны Пятром Парашэнка ўчора, сёньня пасьля афіцыйнай публікацыі ён уступіў у сілу.

Ва Ўкраіне выбары адбываюцца па зьмешанай сыстэме, грамадзяне абіраюць 225 дэпутатаў па партыйных сьпісах і 225 — у мажарытарных акругах. Аднак чакаецца, што ў складзе новага парлямэнта будзе бо 438 дэпутатаў, бо выбары ня змогуць адбыцца ў акупаваным Расеяй Крыме і Сэвастопалі. Жыхары Крыма змогуць прагаласаваць на мацерыковай частцы Ўкраіны толькі за кандыдатаў па партыйных сьпісах. Яны ня могуць аддаваць свае галасы за мажарытарных кандыдатаў.

Пад пытаньнем таксама правядзеньне выбараў на тэрыторыях Данецкай і Луганскай абласьцей, дзе адбываюцца вайсковыя дзеяньні паміж украінскімі войскамі і прарасейскімі баевікамі.

Рашэньне пра роспуск Рады было прынятае у адпаведнасьці з 90-м артыкулам Канстытуцыі, паводле якога прэзыдэнт Украіны можа распускаць Раду пасьля распаду парлямэнцкай кааліцыі, калі новая не сфармавалася на працягу 30 дзён.

Парлямэнцкая кааліцыя ў Вярхоўнай радзе распалася 24 ліпеня, калі фракцыі партый «Ўдар» і «Свабода» заявілі пра выхад з большасьці.

XS
SM
MD
LG