Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У палоне Гіркіна — актывіста 10 дзён катавалі ў ДНР


Лекара-анэстэзіёляга і пазаштатнага журналіста Аляксандра Чарнова сэпаратысты трымалі ў закладніках 10 дзён за яго актыўную праўкраінскую пазыцыю.

Каб выжыць у палоне, давялося капаць акопы і працаваць ротным лекарам для баевікоў самаабвешчанай «ДНР». Вырвацца на свабоду ўдалося толькі ў Данецку, куды яго вывезьлі сэпаратысты, пасьпешліва ўцякаючы з Славянску.

— 26 ліпеня мяне выкралі наўпрост у цэнтры горада Енакіева. Трое ўзброеных людзей у масках выскачылі зь мікрааўтобуса, вывезьлі мяне спачатку на адну з аўтабазаў, там на працягу паўгадзіны трохі «памардавалі»: зьбілі і пагражалі расстрэлам. Я адразу зразумеў, што яны ведаюць, хто я, таму што называлі па прозьвішчы. Абвінавачвалі мяне ў напісаньні праўкраінскіх артыкулаў. Пасьля гэтага мяне вывезьлі ў невядомым накірунку. Я ўвесь гэты час ляжаў зьвязаны, на вачах — шапка, рукі — ў кайданках. Як потым высьветлілася, мяне вывезьлі ў Славянск, у мясцовае памяшканьне СБУ.

— Там над Вамі зьдзейсьнілі самасуд?

— Мяне павялі на допыт да чалавека, якога тэрарысты паміж сабой называлі «першы». Краем вока, я ўбачыў знаёмы вусаты профіль. Потым мне пацьвердзілі, што гэта сапраўды быў Гіркін (адзін зь лідэраў групоўкі «ДНР», — рэд.) Нехта паставіў яму, мяркуючы па ўсім, ноўтбук на стол, паказалі мае артыкулы і блог у інтэрнэце. Потым ён падышоў і некалькі разоў ударыў па твары. Даслоўна прысуд гучаў так «на Сямёнаўку, на перадавую, на пажыцьцёвае капаньне акопаў. Дрэнна будзе працаваць — расстраляць ».

— Як з Вамі абыходзіліся ў палоне?

— Усім распавялі, што я не «апалчэнец», а «укр-нацык». Зрэдку называлі «правасекам». За гэты час мяне двойчы моцна зьбілі. Елі мы з агульнага стала, пасьля сэпаратыстаў даядалі, вядома. Перамяшчэньне было абмежаванае. Валянтэраў у «ДНР» шмат: некалькі дзясяткаў мужчынаў, у асноўным жанчыны ад 40 гадоў і старэйшыя прыходзілі, прыносілі ежу.

Зь некаторымі людзьмі, якія мяне там трымалі, дыскутаваць было бескарысна. У некалькіх разбамбілі дом, школу для дзяцей, жонак цяжка паранілі. Я сьвечку не трымаў, можа гэта і ўкраінская армія. Гэта ж вайна, у рэшце рэшт. Вось гэтыя людзі ўзялі зброю і выйшлі.

Зачапіў адзін камандзір аддзяленьня: калі пралятаў ўкраінскі зьнішчальнік, то ён бегаў па полі з аўтаматам і спрабаваў яго зьбіць, пашкодзіць рухавік. А потым я ўжо ўбачыў, як ён застрэліў аднаго з сабак, які жыў на блёкпосьце і пачаў кідацца на людзей. Застрэліў, і адразу пачалі каціцца сьлёзы: гладзіў сабаку па галаве і галасіў над ім. Вось такі чалавечы фактар.

— Зрэшты, як Вам усё ж удалося ўцячы?

— Мяне даручылі пад кантроль мясцоваму фэльчару, сказалі, што я буду карысны як лекар. Наступныя два дні я быў у батальёне лекарам. Некалькі разоў давялося аказваць мэдыцынскую дапамогу так званым «апалчэнцам».

А потым абвясьцілі тэрміновы сход; цытую: «Хлопцы, Расея адмовіла дапамагчы, будзем ваяваць самі. Тэрмінова пакідаем Славянск і едзем у Краматорск». Нас, палонных, пагрузілі ў КамАЗ і вывезьлі ў Краматорск, а потым мы выехалі калёнай у Данецк. Там я ўбачыў, што на дарогах стаяць людзі з мабільнымі тэлефонамі і прапаноўваюць апалчэнцам тэлефанаваць, куды ім трэба. Я зрабіў каменны твар і таксама папрасіў патэлефанаваць, набраў данецкага аднаго. Да таго часу многія з калёны адлучаліся, напрыклад, у краму, — так і я адышоў. Сеў на маршрутку і зьбег да яго.

Як варта сябе паводзіць людзям, якія сталі закладнікамі?

— Адзін з галоўных урокаў — ад лёсу не ўцячэш. Ёсьць абставіны, якія мацнейшыя за нас, ня варта сьлепа супрацьстаяць. Акрамя таго, раю захоўваць ясны розум і не адчайвацца. Па магчымасьці, зь мінімумам намаганьняў выконваць тое, што ад цябе патрабуюць, каб застацца ў жывых.

XS
SM
MD
LG