Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАТО шукае адказ на выклік Пуціна


3-5 верасьня ва Ўэльсе адбудзецца чарговы саміт НАТО. Галоўная тэма форуму — пошук адказу на ваенна-палітычны выклік, кінуты Расеяй яе паводзінамі ў дачыненьні да Ўкраіны.

Агентцтва Reuters піша, што дзеяньні прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна ў Крыме і ўсходняй Украіне могуць дасягнуць таго, чаго шмат гадоў не маглі зрабіць міністры абароны ЗША — пераканаць эўрапейскіх чальцоў НАТО выдаткоўваць больш грошай на свае ўзброеныя сілы.

Пасьля некалькіх гадоў рэзкага скарачэньня абарончых выдаткаў, часткова выкліканых фінансавым крызісам, ёсьць прыкметы таго, што некаторыя краіны НАТО, асабліва ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе, гатовыя павялічыць выдаткі на абарону, альбо, прынамсі, не працягваць іх скарачэньне.

«Я спадзяюся, што ўбачу агульную прыхільнасьць паступоваму павелічэньню абаронных інвэстыцый», — сказаў генэральны сакратар НАТА Андэрс Фог Расмусэн у інтэрвію Reuters. Паводле яго, за апошнія пяць гадоў Расея павялічыла свае ваенныя выдаткі на 50%, а саюзьнікі па НАТО ў сярэднім зьнізілі іх на 20%.

Чакаецца, што ва Ўэльсе чальцы альянсу пацьвердзяць сваю прыхільнасьць даўняй мэце НАТО — каб усе яе ўдзельнікі выдаткоўвалі на абарону як найменей 2% ад іх эканамічнага вытворчасьці.

У 2013 годзе толькі чатыры з 28 чальцоў НАТО — ЗША, Вялікабрытанія, Грэцыя і Эстонія — выканалі гэтую задачу. На ЗША прыпадае 70% усіх ваенных выдаткаў НАТО.

26 эўрапейскіх чальцоў НАТО разам выдаткавалі на абарону ў 2013 годзе амаль 270 мільярдаў даляраў. Аднак крытыкі кажуць, што некаторыя эўрапейскія краіны марнуюць занадта шмат на зарплаты вайскоўцам і пэнсіі вэтэранам, а не на сучаснае ўзбраеньне.

Прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск заявіў у сераду, што яго ўрад імкнецца павялічыць выдаткі на абарону да 2% у 2016 годзе зь цяперашніх 1.95%.

Латвія і Літва абавязаліся дасягнуць 2% выдаткаў на абарону да 2020 году, павялічыўшы іх удвая ў параўнаньні зь цяперашнім узроўнем. Румынія паабяцала павысіць выдаткі на абарону паступова да 2016 году, чэскі ўрад заявіў, што імкнецца зьмяніць тэндэнцыю зьніжэньня ваенных выдаткаў.

Але сярод эўрапейскіх чальцоў НАТО, на якіх прыпадаюць асноўныя абарончыя выдаткі — Францыі, Вялікабрытаніі і Нямеччыны — менш гатоўнасьці павялічваць гэтыя выдаткі.

Францыя, якая ў апошнія гады накіроўвала свае войскі ў Малі і ў Цэнтральнаафрыканскую Рэспубліку, заявіла летась, што яна замарозіць свой ваенны бюджэт на наступныя 6 гадоў. Няма ніякай надзеі на павелічэньне ваенных выдаткаў у найбліжэйшай будучыні з улікам дрэннага стану францускіх фінансаў.

Вялікабрытанія скараціла выдаткі на абарону прыкладна на 8% за апошнія чатыры гады, каб паменшыць рэкордны дэфіцыт бюджэту, пры гэтым колькасьць узброеных сілаў была скарочаная прыкладна на 15%.

Міністар фінансаў Нямеччыны Вольфганг Шойбле заявіў у інтэрвію часопісу Spiegel у траўні, што павелічэньне абароннага бюджэту цяпер «ня будзе разумным крокам», таму што гэта можа стварыць непаразуменьні з Расеяй.

Нямеччына ў 2013 годзе выдаткавала на абарону 1.3% свайго ВУП. Паводле нямецкага міністэрства абароны, прадугледжанае невялічкае падвышэньне ваенных выдаткаў з 32.3 мільярдаў эўра ў 2015 годзе на 32.9 мільярдаў эўра ў 2018.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG