Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька: Для Беларусі ў Менскім саміце больш мінусаў, чым плюсаў


Удзельнікі менскага саміту

Удзельнікі менскага саміту

26–27 жніўня ў Менску адбыўся саміт у фармаце «Украіна — Мытны зьвяз — Расея». Падчас яго кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка правёў двухбаковыя сустрэчы зь Пятром Парашэнкам, Кэтрын Эштан і Нурсултанам Назарбаевым. З высокім прадстаўніком Эўразьвязу Кэтрын Эштан у двухбаковым фармаце сустракаўся і Пятро Парашэнка, які заявіў, што Ўкраіна мае намер ратыфікаваць пагадненьне з Эўрапейскім Зьвязам ужо ўвосень. Аднак галоўнай падзеяй саміту сталі двухгадзінныя перамовы сам-насам паміж Пятром Парашэнкам і Ўладзімерам Пуціным. Якія вынікі прынёс менскі саміт?

Шматлікія аналітыкі і раней прадказвалі, што менскі саміт не прынясе мір ва Ўкраіну. Так ці інакш, для кожнага з удзельнікаў гэта была нагода яшчэ раз агучыць свае пазыцыі. А пра канкрэтныя дамоўленасьці паведаміў на выніковай прэс-канфэрэнцыі кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка.

Па-першае, усе падтрымалі прапанову Пятра Парашэнкі зрабіць Менск рэгулярнай пляцоўкай для сустрэч кантактнай групы «Ўкраіна —Расея — АБСЭ». Пятро Парашэнка настойвае, каб група сабралася ў самыя кароткія тэрміны. «Нават заўтра», — сказаў Лукашэнка.

Па-другое, было прапанавана інтэнсыфікаваць працу групы «Ўкраіна — Расея — ЭЗ» у галіне гандлёва-эканамічных стасункаў. Да 12 верасьня гэтая група мае выпрацаваць прапановы «па зьняцьці заклапочанасьці Мытнага зьвязу, Расейскай Фэдэрацыі, якія датычаць пагадненьня Ўкраіны аб асацыяцыі з Эўрапейскім Зьвязам. Аляксандар Лукашэнка наўпрост заявіў, што на патрабаваньне прэзыдэнта Расеі гэтыя прапановы належыць сфармуляваць яшчэ да ратыфікацыі Ўкраінай дамовы з Эўрапейскім Зьвязам. «Пасьля ратыфікацыі ў парлямэнце Ўкраіны гэтай дамовы любыя размовы і перамовы Ўкраіны з Мытным зьвязам і Расеяй пра далейшае эканамічнае супрацоўніцтва і зону свабоднага гандлю зьяўляюцца бессэнсоўнымі».

Па-трэцяе, падтрымана прапанова прэзыдэнта Назарбаева працягнуць абмеркаваньне праблемных пытаньняў па Ўкраіне «ў сёньняшнім фармаце».

Лідар АГП Анатоль Лябедзька лічыць, што адметнасьць перамоваў, якія адбыліся ў Менску, у тым, што кожны мог зрабіць дакладны прагноз, чым яны скончацца:

«Усе разумелі, што вынікаў быць ня можа. Абсалютна розныя мэты і стратэгіі прапануюць бакі. На парадку дня стаіць наступнае пытаньне: Украіна хоча ў Эўрапейскі зьвяз, Расея катэгарычна супраць. Расея супраць і таго, каб Украіна ўвайшла ў НАТО. І Ўкраіна хоча вярнуць Крым, супраць чаго выступае Крэмль. Па гэтых пытаньнях вынікаў у бліжэйшай пэрспэктыве быць ня можа.

Можна канстатаваць, што выйграў пакуль ад усяго гэтага сам гаспадар, Аляксандар Лукашэнка. Для Беларусі гэты перамоўны працэс мае больш мінусаў, чым плюсаў. Нічога ня робячы, не прыкладаючы ніякіх намаганьняў, Лукашэнка мае добрую пэрспэктыву вярнуць адносіны з Захадам у нішу адносін, якія былі да прэзыдэнцкай кампаніі 2010 году. Ён цяпер мае вялікую спакусу паспрабаваць даведацца, дзе ляжаць межы дазволенага яму міжнароднай супольнасьцю.

Гэта азначае, што калідор, па якім мы хадзілі да перамоваў, стаў яшчэ на паўцагліны вузейшы».

Экс-прэм’ер Беларусі Міхаіл Чыгір таксама не ўскладаў на менскую сустрэчу ніякіх спадзяваньняў. Але, на яго думку, тое, што Беларусь удзельнічае ў перамоўным працэсе па такім важным пытаньні, — гэта, вядома, добра.

Марына Адамовіч, жонка экс-кандыдата ў прэзыдэнты і палітвязьня Мікалая Статкевіча, які апынуўся ў турме якраз пасьля выбараў 2010 году, такіх перамоваў увогуле «не разумее».

Марына Адамовіч: «Мяне дзівяць такія сустрэчы, на якіх агрэсар яшчэ спрабуе дыктаваць свае ўмовы. Але, мажліва, іншыя ўдзельнікі перамоваў і маюць рацыю. У сучасным сьвеце варта дамаўляцца. Але паўтаруся, што мяне сапраўды гэта зьдзіўляе, і я, прынамсі на сёньня, не чакала ад гэтай сустрэчы ніякіх пазытыўных момантаў».

Палітычны аналітык Павал Вусаў называе менскі саміт дыпляматычнай гульнёй. На яго думку, сытуацыя ва Ўкраіне ўжо патрабуе ад Эўропы канкрэтнай ваеннай дапамогі:

Павал Вусаў: «Думаю, што вайна ва Ўкраіне будзе працягвацца. Ужо маем непасрэднае вайсковае ўмяшаньне Расеі ў гэты канфлікт. Раней Расея толькі ўскосна падтрымлівала сэпаратыстаў, накіроўвала туды зброю, валянтэраў. А цяпер ужо непасрэдна накіроўвае вайскоўцаў. І доказы гэтага ёсьць у мэдыях і дзяржаўных установах і службах.

Пытаньне ў тым, як доўга Захад будзе маўчаць наконт гэтай нахабнай палітыкі Расеі, застаецца адкрытым. Расея, высылаючы войскі, выпрабоўвае цярпеньне і шукае мяжу, да якой яна можа дайсьці ў гэтым канфлікце. Пакуль няма рэакцыі з боку Захаду — а я маю на ўвазе канкрэтную вайсковую дапамогу Ўкраіне — Расея будзе пашыраць сваю інтэрвэнцыю. Сэпаратысцкі канфлікт перарасьце ў шырокую вайну паміж Украінай і Расеяй».

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка назваў перамовы «вельмі складанымі», але адзначыў, што абсалютна ўсе кіраўнікі дзяржаў «падтрымалі лёгіку мірнага пляну». Таксама была дасягнутая дамоўленасьць пра забесьпячэньне свабоды ўкраінскіх грамадзян, якія незаконна ўтрымліваюцца на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі. Паводле Парашэнкі, будзе неадкладна актывізаваная дзейнасьць трохбаковай кантактнай групы, пачатыя кансультацыі паміж памежнікамі і начальнікамі Генэральных штабоў.

Акрамя таго, на 6 верасьня заплянаваныя чарговыя кансультацыі па энэргетычным пытаньні пры ўдзеле камісара ЭЗ па энэргетыцы Гюнтэра Этынгера, а таксама расейскага і ўкраінскага бакоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG