Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Я пайшоў ваяваць, калі забілі майго сябра і выразалі яму сэрца,— баец Мікалай


Рэпартаж Свабоды з базы 79-й асобная аэрамабільная брыгада Ўзброеных сіл Украіны ў Мікалаеве, якая вярнулася з зоны баявых дзеяньняў на Данбасе.

У Мікалаеве брыгада атрымала дадатковую зброю, бронетэхніку і добраахвотнікаў. Частка брыгады рыхтуецца зноў выправіцца ў зону АТА, байцы гатовыя да выкананьня любога загаду, запэўніваюць у кіраўніцтве брыгады. Іншая частка байцоў брыгады — гэта навабранцы, якія добраахвотна пайшлі ў новы батальён «Фэнікс». Батальён забясьпечвае ўсім неабходным група валянтэраў «Крылы фэнікса», а добраахвотнікі вучацца, рыхтуючыся стаць элітай украінскіх войскаў. Вучаць іх, у прыватнасьці, і тыя ваяры, якія шмат тыдняў выстаялі ў зоне АТА.

Салдаты паміж сабой называюць адну з калён, якая выбудоўваецца на тэрыторыі брыгады, «БТРы Парашэнка». Паколькі на днях украінскі прэзыдэнт асабіста перадаў брыгадзе браніраваны аўтамабіль хуткай дапамогі, пасьля чаго дзяржава дала гэтаму падразьдзяленьню яшчэ пэўную колькасьць бронетэхнікі. Колькі менавіта — ваяры просяць ня ўказваць: «ваенная таямніца».

Да КПП 79-й брыгады адзін за адным прыяжджаюць і прыходзяць валянтэры. Тут можна сустрэць і фэрмэра, які прывёз поўны аўтамабіль прадуктаў, рыдлёвак і розных прыладаў, можна ўбачыць і пэнсіянэраў — зь невялікімі пакетамі гародніны. Вакол уезду ў частку — дзіцячыя малюнкі, прысьвечаныя дэсантнікам. Мясцовыя жыхары і сваякі байцоў кажуць, што іх зьбірае «на фронт» увесь Нікалаеў.

Гатовыя зноў ісьці «ў пекла»

Дэсантнікі 79-й аэрамабільнай брыгады на працягу АТА ўтрымлівалі частку ўкраінска-расейскай мяжы ў Данецкай і Луганскай абласьцях. Больш за тры тыдні — пад артылерыйскім і мінамётным абстрэлам з тэрыторыі Расеі. Калі атрымалі загад адыходзіць, вырваліся з боем, па дарозе дапамаглі вызваліць некалькі населеных пунктаў на ўсходзе Данбаса. За час стаяньня на мяжы было нямала загінулых і параненых, кажуць байцы.

Я выкладаў ў Горлаўцы. Выкладаў матэматыку. Узяў зброю, калі забілі трох маіх сяброў. Трэцяму — выразалі сэрца, а на целе намалявалі свастыку. Прывязалі да аўто і цягалі па Данецку, маўляў — фашыст

Адзін з параненых, лейтэнант Аляксандар Дашыцкі, выжыў пасьля трапляньня ракеты з устаноўкі «Град» у праход бліндажа. Аляксандар кажа, што стаяў у праходзе зь пісталетам, на ўсялякі выпадак, каб яго падначаленыя ня выбеглі падчас абстрэлу. «Пасьля звычайнага снарада ідзе такі, што разрываецца ў паветры. Каб людзі выбеглі, і загінулі ад наступнага залпу», — тлумачыць Аляксандар. У яго пасьля таго выпадку — кантузія. Аляксандар ужо стаіць на нагах, і вярнуўся ў разьмяшчэньне брыгады. Але яму да гэтага часу цяжка казаць.

«У шпіталі цяпер — сапраўдныя героі. Гэта мае „калегі“ з другой гаўбічнай артылерыйскай батарэі. Падчас абстрэлу яны вылазілі з бліндажоў і адкрывалі агонь, дзякуючы ім непрыяцельскія калёны тэхнікі не маглі прайсьці міма пад прыкрыцьцём артылерыі», — распавядае Аляксанар. Кажа, што хутка выздаравее і зноў адправіцца на Данбас абараняць Украіну.

Іншы баец 79-й брыгады, Дзьмітры — таксама вярнуўся з зоны АТА. Сам ён ацалеў, але яму давялося выносіць на сабе параненых таварышаў. Ён упэўнены, што супраць Украіны ваююць «прафэсіяналы з суседняй дзяржавы». І запэўнівае, што гэта аніякія не мясцовыя «апалчэнцы», пра якіх распавядаюць расейскія мэдыі.

«У складзе брыгады цяпер фармуецца адмысловы асобны батальён „Фэнікс“. Я ўвайшоў у яго. Там толькі кіруючы склад — кадравыя вайскоўцы, астатнія — добраахвотнікі. Мы — вучымся, і на працягу восені адправімся ў зону АТА. У батальёне шмат людзей з армейскім вопытам, тых, хто вырашыў вярнуцца з грамадзянскага жыцьця. Гэта будзе вайсковая эліта», — лічыць Дзьмітры.

Зараз 79-ю брыгаду папаўняюць толькі добраахвотнікі. Гэта людзі з розных рэгіёнаў: Нікалаеў, Днепрапятроўшчына, Запарожжа, Данбас. Многіх прымусіла ўзяць зброю бяда.

Мікалай, баец батальёна «Фэнікс», распавёў Радыё Свабода сваю гісторыю:

«Я выкладаў ў Горлаўцы. Выкладаў матэматыку. Узяў зброю, калі забілі трох маіх сяброў. Трэцяму — выразалі сэрца, а на целе намалявалі свастыку. Прывязалі да аўто і цягалі па Данецку, маўляў — фашыст. Я пайшоў у батальён „Данбас“. Калі наша падразьдзяленьне батальёна расфарміравалі, запісаўся ў „Фэнікс“. Бо пра яго дбае валянтэр Юры Бірукоў, і байцы маюць усё неабходнае », — прызнаецца Мікалай.

Кажа, што другі раз у зону АТА рыхтуецца ехаць бяз страху.

«Я спакойны чалавек», — заўважае ён. Менавіта гэты спакой, па словах Мікалая, дапамог яму пераканаць жонку адпусьціць яго на вайну ў другі раз. Двое сыноў Мікалая чакаюць яго і ганарацца бацькам. Калі ён прыяжджае ненадоўга, дзеці мераюць яго каску і дасьпехі.

XS
SM
MD
LG