Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раман-устаноўка Алега Калесьніка: «Прагнаць дыктатара»


Беларус у Даніі піша палітычныя раманы і марыць фінансаваць свабоднае беларускае грамадзтва.

38-гадовы Алег Калесьнік вырашыў, што ня можа больш чакаць, пакуль у Беларусі памяняецца палітычная сытуацыя. Узяўшы з сабой цяжарную жонку Дашу і сына Давыда, мужчына зьехаў з Гародні, дзе жыў і адкуль паходзіць, у Данію. Сям’я плянуе застацца ў Эўразьвязе на стала ды завесьці бізнэс, зьвязаны з вытворчасьцю дамскіх сумачак. Грошы неабходныя, каб фінансаваць свабоднае грамадзтва ў Беларусі, кажа Алег Калесьнік.

Я быў шакаваны і ня мог знайсьці сабе месца. Гэта адлюстравалася ў тым, што я напісаў раман «Изгнать диктатора»

«Месяцы два назад я разам зь сям’ёй зьехаў у Данію. Мы зьехалі назаўсёды. Прынамсі, пакуль у Беларусі дыктатура. Жылі мы ў Горадні. Я не магу больш жыць у дыктатуры, асабліва моцна я адчуў гэта пасьля выбараў 2010 году. Я быў шакаваны і ня мог знайсьці сабе месца. Гэта адлюстравалася ў тым, што я напісаў раман «Изгнать диктатора», — кажа Алег Калесьнік.

Каб сабраць матэрыял для кнігі, Алег Калесьнік шмат размаўляў зь людзьмі, спрабуючы зразумець, якім чынам лепш да іх дагрукацца. У выніку кніга ў электронным фармаце напісаная на расейскай мове. Гэта выклікана тым, што большая частка насельніцтва Беларусі — расейскамоўная.

Стварэньне кнігі абышлося бяз грошай. І цяпер тэкст існуе толькі ў выглядзе pdf-файла, які аўтар прапануе да чытаньня праз сацыяльную сетку Фэйсбук:

«Прывітаньне! Я, можа, ня супэр-пiсьменьнік, але вось мая літаратурная акцыя „Изгнать диктатора“. Прашу перад выбарамі падтрымаць яе распаўсюд сярод нашага расейскамоўнага насельніцтва, будзе цікава», — з такімі словамі зьвяртаецца аўтар да карыстальнікаў сацыяльнай сеткі.

Я, можа, ня супэр-пiсьменьнік, але вось мая літаратурная акцыя

«Мне ня трэба грошы за кнігу, абсалютна. Мне цяпер на Фэйсбуку пішуць, што альбо я даўно не зьвяртаўся да лекара, альбо што я пасьпяхова пілую гранты. Дык я хачу заявіць, што ніякіх грантаў я ня маю і не пілую. І ўсё раблю ад чыстага сэрца. Раман — гэта пасланьне, устаноўка на выгнаньне дыктатара. Героі майго раману — рэальныя людзі, у некаторых нават пазнавальныя прозьвішчы. Я спрабаваў ад імя розных герояў выказаць іхняе меркаваньне, а таксама сваю пазыцыю. У кнізе ёсьць дыскусіі, як што можна зрабіць. Як і ў любым рамане, ёсьць тут і адносіны, і каханьне», — распавядае Алег Калесьнік.

Раман аздоблены вялікай колькасьцю фатаздымкаў з найноўшай гісторыі Беларусі.

Выдаваць друкаваную вэрсію кнігі Алег Калесьнік не зьбіраецца — лічыць, што дастаткова віртуальнай. Але і тут, кажа, былі свае цяжкасьці:

«У Беларусі я карэктаваў кнігу, як партызан. Трэба было знайсьці карэктара — да любога ж ня пойдзеш, патрэбны нехта свой. Бывала, што таемна перадавалі флэшкі з тэкстам, хаваліся ад амапаўцаў».

У Беларусі я карэктаваў кнігу, як партызан. Бывала, што таемна перадавалі флэшкі з тэкстам, хаваліся ад амапаўцаў

Цяпер Алег Калесьнік працуе над працягам раману. «Изгнать диктатора-2» будзе сканчацца палітычным пераваротам у Беларусі, у выніку якога ў краіну прыйдзе дэмакратыя.

«Я хацеў, каб людзі паверылі, што гэта магчыма хаця б у кнізе. Каб гэта адбылося калі-небудзь і ў рэчаіснасьці», — кажа аўтар.

«Цяпер мы з жонкай хочам сканцэнтравацца на бізнэсе і зарабляць вялікія грошы, каб фінансаваць працэс стварэньня свабоднага грамадзтва ў Беларусі. Мы плянуем у Эўразьвязе займацца вытворчасьцю сумак і іншых рэчаў. Мая жонка вельмі добра разьбіраецца ў модзе. Падкладку ў сумках яна хоча зрабіць фірмовую — бел-чырвона-белую», — падзяліўся плянамі на будучыню Алег Калесьнік.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG