Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саакашвілі: Дзень сурка і драпежнік Пуцін


Расейскія вайскоўцы на маршы да Цхінвалі ўлетку 2008 году

Расейскія вайскоўцы на маршы да Цхінвалі ўлетку 2008 году

Дадуць эфэкт толькі рашучыя ваенныя перамогі над расейскімі сіламі — піша ў амэрыканскім часопісе Foreign Policy у камэнтары з нагоды менскага саміту экс-прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі.


Прэзыдэнты Пятро Парашэнка і Ўладзімер Пуцін сустрэліся ў Менску 26 жніўня — у дзень злавеснага значэньня. Шэсьць гадоў таму Расея прызнала два грузінскія рэгіёны, захопленыя і акупаваныя ёй, у якасьці незалежных дзяржаваў, ствараючы прэцэдэнт зьмены эўрапейскіх межаў з дапамогай ваеннай сілы, упершыню з канца Другой сусьветнай вайны.

Дзеяньні Пуціна ў Грузіі ў 2008 годзе і ва Ўкраіне сёньня настолькі падобныя, што я не магу ня думаць пра фільм «Дзень сурка», у якім галоўны герой перажывае адзін і той жа дзень зноў і зноў. Шаблён лёгка пазнаць: разьдзьмуваньне сэпаратысцкіх настрояў празь прапагандысцкую кампанію, узбраеньне мясцовых сэпаратысцкіх груповак, стварэньне сталага канфлікту, які нагадвае крывацечную рану, актывізацыя непасрэднага ўдзелу расейскіх ўзброеных сілаў у залежнасьці ад посьпеху урадавых войскаў супраць сэпаратыстаў.

Як можа Захад мог быць не падрыхтаваны да гэтага? Мы ж бачылі гэтую гульню раней.

Гульня Пуціна заўсёды была ў тым, каб падняць стаўкі, спадзеючыся, што Захад будзе саступаць і міргаць кожны раз, калі павялічваецца напружанасьць. Хоць нядаўнія санкцыі, абвешчаныя ЗША, Эўразьвязам і іх саюзьнікамі, здаецца, паказваюць, што на гэты раз гульня Пуціна ня будзе беспакаранай — Расея пазьбегла эканамічнага пакараньня ў 2008 годзе. Аднак супярэчлівыя і заблытаныя сыгналы, якія паступаюць з заходніх сталіцаў, даюць прастору для манэўраў Пуціна.

Падчас свайго нядаўняга візыту ў Кіеў канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель заявіла, што сытуацыі ва Ўкраіне павінна быць вырашаная так, каб не рабіць ніякай шкоды Маскве. Некаторыя высокапастаўленыя чыноўнікі ў яе ўрадзе былі значна больш шчырымі, заяўляючы аб неабходнасьці фэдэралізацыі Украіны і аб тым, што Кіеву не трэба сьпяшацца перамагчы сэпаратыстаў, бо гэта магло б прынізіць Маскву. У той жа час, эўрапейскія лідэры да гэтага часу адмаўляюцца выкарыстоўваць слова «ўварваньне» — нават пры тым, што танкі і бранявыя канвоі едуць празь мяжу і больш за палову з баяздольных сілаў сэпаратыстаў, паводле некалькіх крыніцаў, якія заслугоўваюць даверу — гэта рэгулярныя расейскія жаўнеры. Нездарма ўкраінскія ўрадоўцы адкрыта пачалі казаць пра «ўкраінска-расейскую вайну».

Сапраўды, падрыхтоўка Пуціна для менскіх перамоваў мела ваенны характар. На працягу апошніх некалькіх дзён ён накіраваў новыя сілы ва Ўкраіну, дзе яго пратэжэ трымалі абарону апошнія месяцы ад наступу салдатаў Кіева. Гэтым новым войскам, накіраваным ва Ўкраіне, удалося зьнівэляваць посьпехі, дасягнутыя ўкраінскай арміяй. У Менску Пуцін цяпер будзе ў больш моцнай пазыцыі на перамовах, каб запатрабаваць спыненьня агню, падвысіць статус сваіх мясцовых пратэжэ, і зрабіць Расію пасярэднікам, што дазволіць ёй накіраваць у рэгіён расейскіх «міратворцаў».

Пасьля таго, як канфлікт будзе такім чынам «замарожаны», Пуцін зможа працягваць дэстабілізаваць астатнюю Украіну праз праточваньне ў яе сэпаратыстаў з тэрыторыі, якую яны кантралююць, і праз здушэньне слабой украінскай эканомікі. Гэта тое ж самае, што ён рабіў у Грузіі і Малдове.


Пуцін ведае, што Парашэнка, хутчэй за ўсё, не прыме «мірны плян» Пуціна ў Менску. Таму Крэмль мае наступную схему ў рэжым чаканьня — абвінавачваць Украіну ў неканструктыўнай пазыцыі і напасьці на яе ўсёй моцай расейскай арміі. Яшчэ раз — гэта дакладна тое, што адбылося ў Грузіі пасьля таго, як мы адкінулі непрымальныя ўмовы, вылучаныя Масквой.

Адзіны шлях наперад — нават калі гэта складана і дорага — гэта цьвёрда стаяць на баку Ўкраіны і дапамагаць ёй дасягнуць рашучай перамогі. Для гэтага эўрапейцы павінны спыніць спробы зьвязаць рукі Парашэнку і падрываць маральны дух украінцаў. Яны таксама павінны быць гатовыя ўвесьці дадатковыя санкцыі супраць Расеі і даць больш эканамічнай дапамогі Кіеву.

Уладзімер Пуцін разглядае свае дзеяньні ў рамках больш шырокай гульні з нулявой сумай супраць Захаду, і любая спроба запэўніць яго ў адваротным будзе інтэрпрэтавацца толькі як прыкмета слабасьці і патураньне далейшаму авантурызму. Цяпер мы ведаем ягоны шаблён дзеяньняў. І ваганьні ня спыняць гэтага драпежніка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG