Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігару Паснову не далі павіншаваць Аляксандра Лукашэнку


Вядомы сваімі выступамі супраць мясцовых уладаў «лекар-праўдаруб» хацеў правесьці «віншавальную» акцыю да 60-годдзя Аляксандра Лукашэнкі — 30 жніўня або ў бліжэйшы да гэтай даты выходны. Пра гэта ён падаваў заяўку ў адміністрацыю Кастрычніцкага раёну, але дазволу так і не атрымаў.

Ініцыятывы наконт мітынгаў і пікетаў рэгулююцца ў Віцебску адмысловым рашэньнем гарвыканкаму № 881, прынятым у 2009 годзе. Паводле Ігара Паснова, ён зрабіў усё, што ад яго патрабавалася. Але адміністрацыя Кастрычніцкага раёну, на тэрыторыі якога ў адмыслова вызначаным уладамі месцы меўся адбыцца «віншавальны» пікет, акцыю забараніла.

Прычына забароны — невыкананьне патрабаваньняў таго самага рашэньня гарвыканкаму «Аб арганізацыі мерапрыемстваў у г.Віцебску». Згодна зь ім, заяўнік мусіць прадставіць раённай адміністрацыі дамовы на абслугоўваньне пікету супрацоўнікамі ЖКГ, гарадзкой паліклінікай і міліцыяй.

Ігар Пасноў тлумачыць, што імкнуўся заключыць дамовы. Але мэдыкі і міліцыянты ня проста не пагадзіліся, а ўхіліліся ад абавязкаў, ускладзеных на іх гарвыканкамам:

«З камунальнікамі я заключыў дамову. Зь міліцыі мне напісалі, што дамова не патрабуецца, бо яны й так будуць ажыцьцяўляць ахову

З камунальнікамі я заключыў дамову. Зь міліцыі мне напісалі, што дамова не патрабуецца, бо яны й так будуць ажыцьцяўляць ахову правапарадку. А з паліклінікі нахабна адказалі, што не займаюцца арганізацыяй масавых мерапрыемстваў

правапарадку. А з паліклінікі нахабна адказалі, што не займаюцца арганізацыяй масавых мерапрыемстваў. Выбачайце, калі яны ня ведаюць заканадаўства пра арганізацыю мітынгаў і пікетаў, дык трэба пакараць галоўурача цэнтральнай гарадзкой паліклінікі! Усе тры адказы я прыклаў да заяўкі ў раённую адміністрацыю».

Пісьмовы ліст з забаронай на правядзеньне акцыі падпісаў намесьнік старшыні раённай адміністрацыі Анатоль Кандратовіч. Заяўнік, Ігар Пасноў, лічыць, што забарона вынесена з фармальнай прычыны:

«Вядома, яны баяцца, што я яшчэ раз прадэманструю, наколькі ў нас „шчасьлівае“ жыцьцё. Пры нашым легітымным або нелегітымным, гэта ўжо хто як лічыць, прэзыдэнце. Гэта ж як трэба не любіць свой народ, як трэба баяцца, каб забараніць павіншаваць прэзыдэнта! Мой пікет быў, між іншым, сацыяльна важны. Я хацеў выйсьці з плякатам „Спасибо Батьке за нашу счастливую жизнь!“ А таксама паказаць свой квіток на заробак у 2 з паловай мільёны. Столькі я атрымліваю з усімі надбаўкамі, у тым ліку за 20-гадовы працоўны стаж. І фатаздымкі палат у віцебскіх шпіталях, дзе ўсё развальваецца і з даху цячэ, дзе аддзяленьні трэба было зачыняць шмат гадоў таму толькі паводле санітарных нормаў!»

Праблемы віцебскай мэдыцыны Ігар Пасноў ведае знутры: ён працуе псыхіятрам-нарколягам у Віцебскім псыханэўралягічным дыспансэры. Ягоная крытычная грамадзянская пазыцыя добра вядомая кіраўніцтву, але спадар Пасноў адзначае, што цяперашні галоўурач дыспансэра ставіцца да яго паважліва і прэтэнзіяў за палітычныя выказваньні па-за працай не выстаўляе.

Але год таму, калі Ігар Пасноў працаваў у абласным псыхіятрычным шпіталі, яму ня раз пагражалі рэпрэсіямі за крытычныя выступы ў інтэрнэце. А потым, з ініцыятывы галоўурача Алены Мартынавай, яго проста з працы паклалі на прымусовае псыхіятрычнае лячэньне, санкцыянаванае судом Віцебскага раёну. У закрытай мэдычнай установе, дзе ён правёў амаль месяц, яму паставілі дыягназ «параноіднае разладжаньне асабовасьці з устойлівымі квэрулянцкімі тэндэнцыямі».

Сёлета Ігар Пасноў прайшоў экспэртызу ў Маскве, у Незалежнай псыхіятрычнай асацыяцыі Расеі (НПАР). Расейскія адмыслоўцы прыйшлі да высновы, што пастаўлены ў Віцебску дыягназ няслушны і што стан Паснова не вымагаў прымусовай шпіталізацыі, бо ён ня быў небясьпечны для грамадзтва, як цьвердзілі віцебскія лекары.

Паколькі Паснова не дапусьцілі ў суд, дзе вырашалася пытаньне пра прымусовае лячэньне, і не далі магчымасьці зьвязацца з адвакатам, ён заявіў пра парушэньне свайго канстытуцыйнага права на аб’ектыўны судовы разбор. І ў красавіку гэтага году Камітэт па правах чалавека ААН зарэгістраваў ягоны зварот.

XS
SM
MD
LG