Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заходнія выданьні камэнтуюць учорашнія перамовы ў Менску ў фармаце Мытны саюз-Украіна-Эўразьвяз. Прапануем вам некаторыя з гэтых водгукаў.

The New York Times (ЗША)

Парашэнка і Пуцін нарэшце сустрэліся, але ў іх выказваньнях і ў разьвіцьці падзеяў ва Ўсходняй Украіне мала прыкметаў таго, што які-небудзь з бакоў гатовы да спыненьня агню.

Праблема ў тым, што Ўкраіна цяпер мала зацікаўленая ў спыненьні агню, а Расея робіць выгляд, што не ўдзельнічае ў канфлікце. Украіна наступае

Праблема ў тым, што Ўкраіна цяпер мала зацікаўленая ў спыненьні агню

на паўстанцаў і ведае, што яны скарыстаюцца перадышкаю для пераўзбраеньня і ўмацаваньня сваіх пазыцыяў, калі не перакрыць мяжу з Расеяй.

Расея, так выглядае, гатовая падліваць алею ў агонь, пакуль Кіеў не пагодзіцца на палітычную дамоўленасьць, якая дала б ўсходнім абласьцям права вета на любыя крокі па збліжэньні з Захадам

Парашэнка мае рацыю, адмаўляючыся ад безумоўнага спыненьня агню ў дадзены момант.

Парашэнка і Захад павінны пераканаць Пуціна, што Расея ня можа з дапамогай эканамічнага і ваеннага націску навязваць Украіне сваю волю. Таксама яны павінны даць Пуціну спосаб адступіць, захаваўшы твар.

Варта запэўніць Пуціна, што пагадненьне Ўкраіны з ЭЗ не нанясе Расеі эканамічнай шкоды, а ўсходнія вобласьці атрымаюць аўтаномію ў пэўнай меры.

У той жа самы час ЗША і Эўропа павінны ўсьведамляць, што Пуцін ўспрымае тое, што адбываецца, як прынцыповы двубой і карыстаецца падтрымкай свайго грамадзтва. Захад павінен выразна даць зразумець, што гэтак жа горача падтрымлівае Ўкраіну і гатовы рабіць больш жорсткімі санкцыі супраць расейскіх кампаній і фінансавых інстытутаў, а таксама дапамагаць Кіеву фінансамі і энэрганосьбітамі.

The Times (Вялікабрытанія)

Калі прэзыдэнт Украіны прыбыў у Менск учора для перамоваў з калегамі, у тым ліку з Уладзімер Пуціным, ён сказаў, што лёс Эўропы вісіць на валаску. Ён не перабольшваў.

Хутчэй за ўсё, ёсьць толькі два шляхі, каб прадухіліць канфлікт, які зьяўляецца першай паўнамаштабнай вайной у Эўропе з 90-х гадоў. Адзін шлях — аднабаковае спыненьне агню ўкраінскімі сіламі на загад спадара Парашэнкі, што уручыць Расеі перамогу ў выглядзе разьдзеленай Украіны. Іншы шлях — спыненьне спадаром Пуціным падтрымкі прарасейскіх сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны. Пуцін, як заўсёды, аддаў перавагу балянсаваньне на мяжы вайны. Ён меў нахабства заявіць у Менску, што канфлікт на ўсходзе Ўкраіны «ня можа быць вырашаны шляхам далейшай эскаляцыі ваеннага сцэнару». Гэта праўда, што спадар Парашэнка вядзе баявыя дзеяньні без асаблівых абмежаваньняў, што прыводзіць да росту колькасьці ахвяраў. Але ён ня мае іншага

У эскаляцыі «сілавога сцэнару» ва Ўкраіне варта вінаваціць Расею

выбару. Ён прапанаваў спыненьне агню ў чэрвені, яго прапанова была адхіленая. Прасіць міру зараз на ўмовах Пуціна — гэта ўзаконіць горшую расейскую агрэсію з моманту ўварваньня ў Аўганістан у 1979 годзе.

У эскаляцыі «сілавога сцэнару» ва Ўкраіне варта вінаваціць Расею. Паводле аптымістычнай вэрсіі, Пуцін усё ж імкнецца да ўрэгуляваньня. Але, магчыма, ён працягне вяртаньне страчаных сфэраў уплыву Расеі, пакуль яго ня спыніць сіла, якая пераўзыходзіць ягоную.

Бліжэйшая мэта Пуціна — не пусьціць Украіну ў НАТО і ЭЗ. Ім кіруе яго звычайная паранойя, паколькі прымаць цяпер Украіну ў гэтыя саюзы ніхто не зьбіраецца.

Пуціну і Парашэнку варта было б многае абмеркаваць, у тым ліку і права ўкраінскіх этнічных расейцаў жыць мірна і гаварыць на сваёй мове. Але спачатку Пуцін павінен прызнаць, што межы і сувэрэнітэт Украіны не падлягаюць перагляду, лічыць выданьне.

El Mundo (Гішпанія)

Парашэнка мае рацыю, патрабуючы дэмілітарызацыі апалчэнцаў да таго, як будзе заключанае больш шырокае мірнае пагадненьне. Эўразьвязу варта было б націснуць на Пуціна, каб той перастаў ставіць пад сумнеў тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны, бо Парашэнка выказаў згоду пайсьці на частковую дэцэнтралізацыю.

The Guardian (Вялікабрытанія)

Сьмерць, нянавісьць і жах, якія дзівосна перапляліся з рудымэнтамі нармальнага жыцьця — такі фон сустрэчы Пуціна і Парашэнкі ў Менску. Расеі цяпер цяжэй падтрымліваць сэпаратыстаў, не практыкуючы апэрацыі, дачыненьне да якіх ужо немагчыма адмаўляць. Можа быць, гэта схіліць Маскву да спыненьня гульні ў яе цяперашняй форме?

Спыненьне агню — гэта яшчэ недастаткова. Расея, Эўропа і Ўкраіна павінны заключыць «вялікую зьдзелку». Няхай Украіна паабяцае сапраўдную дэцэнтралізацыю на ўсходзе (але без залежнасьці рэгіёну ад Масквы), Масква адмовіцца ад эканамічнага шантажу, Украіна ня стане імкнуцца ў НАТО ў агляднай будучыні і прызнае, што да сяброўства ў ЭЗ ёй яшчэ далёка. Для Крыма павінна быць выпрацаваная нейкая формула.

На жаль, такая зьдзелка магчымая толькі ў аддаленай пэрспэктыве. Украіне і заходнім краінам будзе цяжка зьмірыцца зь некаторымі яе элемэнтамі. Але і Расея, падобна, хоча захаваць уплыў ва Ўкраіне шляхам выкрутаў, а не на аснове сумленнага пагадненьня. Магчыма, Масква імкнецца да зьяўленьня «Абхазіі на Данбасе». Гэта стала б катастрофай для ўсіх, уключаючы Расею.

Die Welt (Нямеччына)

Украінскі канфлікт у апошні час разьвіваецца ў духу сымбалічнай палітыкі. «Гуманітарныя канвоі» Пуціна, парад на Дзень незалежнасьці Ўкраіны, «антыпарад» у Данецку, на якім правялі ваеннапалонных — гэта толькі некалькі прыкладаў.

Пуцін ізноў сказаў, што ўкраінскі крызіс варта вырашаць мірнымі сродкамі. Як быццам Расея не падтрымлівае сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны зброяй і людзьмі

І вось цяпер — сустрэча Ўладзімера Пуціна і Пятра Парашэнкі ў Менску, на якой пацісканьне рук Пуціна і Парашэнкі было ня больш чым сымбалічным жэстам.

Пуцін ізноў сказаў, што ўкраінскі крызіс варта вырашаць мірнымі сродкамі. Як быццам Расея не падтрымлівае сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны зброяй і людзьмі. Як быццам рухаючай сілай гэтай сытуацыі зьяўляецца не Расея.

Калі б Пуцін зьмяніў сваю тактыку і сапраўды спыніў бы пастаўкі зброі і правакацыі, то сэпаратысты прайгралі б вайну. Гэта стала б паразай для Пуціна, а такога ён дазволіць сабе не можа. Таму ён застаецца пры сваёй сымбалічнай палітыцы, якая вельмі далёкая ад крывавай рэальнасьці вайны.

The New York Times (ЗША)

Уладзімер Пуцін правёў у аўторак увечары перамовы з прэзыдэнтам Украіны, якія ня мелі пэўных вынікаў. Ён неахвотна працягнуў руку новаму кіраўніцтву Ўкраіны, якое расейскія дзяржаўныя СМІ бэсьцяць як такое, што прыйшло да ўлады ў выніку фашысцкага путчу. За некалькі гадзінаў да гэтага Ўкраіна апублікавала відэазапісы з захопленымі расейскімі салдатамі, што наўпрост паставіла пад сумнеў заявы Пуціна аб тым, што яго краіна ня мае ніякага дачыненьня да канфлікту ва ўсходняй Украіне.

Пуцін працягваў пазыцыянаваць сябе ў якасьці назіральніка канфлікту, заявіўшы пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам Парашэнкам, што паўстаньне зьяўляецца ўнутранай праблемай Украіны.

У сваім ўступным слове на саміце Пуцін ледзь згадаў вайну ва ўсходняй Украіне, але зьвярнуўся да пытаньня, якое прывяло да бягучага крызісу — пагадненьня аб асацыяцыі Ўкраіны з ЭЗ. Пуцін ізноў прыгадаў аргумэнты, якія ён выкарыстоўваў, каб адгаварыць Януковіча ад інтэграцыі з Эўропай, выказаў папярэджаньне аб тым, што гандлёвае пагадненьне, падпісанае Парашэнкам ў чэрвені, будзе каштаваць Украіне мільярды даляраў.

Пераход Пуціна ад эмацыйных прамоваў з нагоды аднаўленьня расейскага кантролю над украінскай тэрыторыяй, заваяванай яшчэ ў XVIII стагодзьдзі Кацярынай Вялікай, да будзённых эканамічных тэмаў дазваляе дапусьціць, што ён, магчыма, пераглядае сваю стратэгію у адносінах да Ўкраіны, спрабуючы абмежаваць страты, зробленыя санкцыямі, якія ўвялі ЗША і Эўразьвяз.

Доўгачасовая мэта Масквы палягае ня ў тым, каб прымусіць Украіну прызнаць самаабвешчаныя дзяржавы паўстанцаў, якія не прызнае нават Расея, але атрымаць гарантыі, што Ўкраіна ніколі не ўступіць у НАТО і не дазволіць разьмяшчэньне заходніх войскаў на сваёй тэрыторыі.

Агляд падрыхтаваны з выкарыстаньнем матэрыялаў парталу Inopressa.

XS
SM
MD
LG