Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пуцін паказваў, што Парашэнка яму ня роўня


Уладзімер Пуцін

Уладзімер Пуцін

Расейскія СМІ пра менскую сустрэчу Пуціна і Парашэнкі.

Прэса і экспэрты, камэнтуючы сустрэчу прэзыдэнтаў Расеі і Ўкраіны ў рамках саміту Мытны саюз — Украіна — ЭЗ, якая адбылася напярэдадні ў Менску, адзначаюць, па-першае, што яна завяршылася, як і чакалася, без прарываў, а, па-другое, што Ўладзімер Пуцін падкрэсьлена ўхіліўся ад абмеркаваньня ўрэгуляваньня ўкраінскага крызісу, намякаючы на тое, што пытаньні міру і вайны — не ў кампэтэнцыі Пятра Парашэнкі.

Перамовы двух лідэраў працягваліся каля дзьвюх гадзін. Расейскі прэзыдэнт ахарактарызаваў іх як «пазытыўныя», яго ўкраінскі калега, наадварот, назваў «вельмі складанымі і цяжкімі». Агляд артыкулаў, прысьвечаных перамовам у менскім Палацы незалежнасьці, прыводзяць «Загалоўкі». СМІ заўважылі, што Пуцін вынікі гутаркі з Парашэнкам падвёў вельмі скупа, а, узгадваючы ўзброены канфлікт ва Ўкраіне, абмежаваўся толькі агульнымі словамі. «Расія са свайго боку будзе рабіць усё для гэтага мірнага працэсу, калі ён пачнецца. Гэты працэс трэба пачаць як мага хутчэй», — сказаў ён, дадаўшы, што бакі дамовіліся пра аднаўленьне работы кантактнай групы па мірным урэгуляваньні.

РБК прыводзіць меркаваньне экспэртаў, што падкрэсьленым сыходам ад абмеркаваньня палітычнага складніка ўкраінскага крызісу Пуцін паказаў, што ня лічыць Парашэнку раўнапраўным партнэрам для вырашэньня пытаньняў вайны і міру, бо гэта нібыта прадмет для перамоваў Масквы і Вашынгтона.

Журналісты зьвярнулі ўвагу і на розныя эмоцыі, якія дэманстравалі на менскім саміце Парашэнка і Пуцін. У той час як Пуцін, вітаючы калег, выглядаў падкрэсьлена расслабленым і нязмушана ўсьміхаўся, Парашэнка, наадварот, быў абсалютна сур’ёзны, адзначае «Газета.ru».

Рэзюмуючы саміт у Менску і сустрэчу лідэраў Украіны і Расеі, газэта «Коммерсант» піша, што Пуцін і Парашэнка «гаварылі на розных мовах, выкарыстоўваючы расейскую». Зрэшты, прарыву ад перамоваў ніхто і не чакаў. Са справаздачы Пуціна пра гутарку стала ясна толькі адно: лідэры абмеркавалі ўвесь комплекс узаемных адносін, але відавочных пунктаў судакрананьня пакуль не знайшлі, адзначае газэта «Московский комсомолец».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG