Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін і Парашэнка дамовіліся аб кансультацыях памежнікаў


Украіна і Расея пачнуць праводзіць кансультацыі паміж памежнымі ведамствамі і генэральнымі штабамі абедзьвюх краін у кантэксьце ўрэгуляваньня сытуацыі ва ўсходніх рэгіёнах Украіны.

Пра гэта паведаміў прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка журналістам па выніках візыту ў Менск, піша «Інтэрфакс-Украіна».

«Мы дамовіліся, што неадкладна пачнуцца кансультацыі памежнікаў, мэтай якіх будзе забесьпячэньне рэалізацыі гэтага патрабаваньня (устанаўленьне кантролю на мяжы Украіны і РФ)», — сказаў ён.

Прэзыдэнт Украіны таксама паведаміў, што будуць праведзены кансультацыі паміж начальнікамі генштабоў дзьвюх краін для забесьпячэньня перадумоваў мірнага працэсу на Данбасе. Парашэнка падкрэсьліў, што ўкраінскі бок настойвае на неадкладным вызваленьні ўсіх закладнікаў, а таксама на неабходнасьці закрыцьця мяжы для ўвозу зброі і ваеннай тэхнікі з РФ.

Акрамя таго, паводле прэзыдэнта, падчас сустрэч былі дасягнуты дамоўленасьці актывізаваць працу кантактнай групы з удзелам АБСЭ па ўрэгуляваньні сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны.

«Будзе распрацавана на базе мірнага пляну „дарожная карта“, магчыма, праз трохбаковую кантактную групу правядзем кансультацыі, каб як мага хутчэй выйсьці на рэжым спыненьня агню, які будзе забясьпечаны прадстаўнікамі маніторынгавай місіі АБСЭ», — распавёў Парашэнка, дадаўшы, што рэжым спыненьня агню павінен насіць выключна двухбаковы характар.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG