Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 27 жніўня: дзень памяці ахвяраў масавага расстрэлу ў Курапатах, дзень незалежнасьці Малдовы


Курапаты

Курапаты

Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі

У Менску адбудзецца чарговае пасяджэньне Беларускага камітэту салідарнасьці з Украінай. На пасяджэньні будуць разгледжаныя пытаньні аб сытуацыі ва Ўкраіне, аб адносінах да ўкраінска-расейскіх перамоваў у Менску, аб стварэньні рэестра грамадзян, якія могуць прыняць уцекачоў з Украiны. Пачатак у 18:00 ў офісе партыі БНФ (вул. Чарнышэўскага, 3а).

Клюб «ПраМова» пры Таварыстве беларускай мовы запрашае ў вандроўку па Лошыцкім парку ў Менску зь беларускім гісторыкам-тапанімістам Іванам Сацукевічам. Збор у 18:30 каля Акадэміі кіраваньня (станцыя мэтро «Інстытут культуры»).

У Менску ў галерэі «Ў» адбудзецца Дзень адчыненых дзьвярэй ECLAB — Эўрапейскага каледжу Liberal Arts у Беларусі. Каледж задуманы як нефармальная альтэрнатыва беларускай сыстэме вышэйшай адукацыі. Вы зможаце даведацца, як беларусам атрымаць бясплатную дадатковую адукацыю паводле мадэлі Liberal Arts. Пачатак у 18:30

Менск. У зале адукацыйных тэхналёгій Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі — прэс-канфэрэнцыя, прысьвечаная перавыданьню Тураўскага Эвангельля (XI стагодзьдзе) — самага старажытнага кніжнага помніка Беларусі і аднаго з самых старажытных ва Ўсходняй Эўропе. Імпрэза пройдзе напярэдадні Дня ведаў і Дня беларускага пісьменства. Пачатак у 15.00.

У Менску з 10.00 да 18.00 пройдзе Другі дабрачынны трыятлён, скіраваны на збор сродкаў на будаўніцтва новага дзіцячага хосьпісу. Ініцыятарам спартыўнага дабрачыннага трыятлёну выступае 61-гадовы брытанскі бізнэсовец Антон Сайман сумесна з АБА «Беларускі дзіцячы хосьпіс».

ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1382 — хан Залатой Арды Тахтамыш узяў Маскву

1652 — Капыль, Клецак і Слуцак атрымалі гербы

1891 — была ўтвораная Антанта

1929 — у СССР скасаваны сямідзённы працоўны тыдзень, замест яго ўведзеная «пяцідзёнка» — 5 працоўных дзён, адзін выходны

1955 — упершыню выдадзеная Кніга рэкордаў Гінэса

1977 — запушчаны ў эксплюатацыю першы блёк Чарнобыльскай АЭС

1991 — эўрапейская супольнасьць прызнала незалежнасьць прыбалтыйскіх краінаў: Літвы, Латвіі і Эстоніі

1991 — Малдова абвясьціла незалежнасьць ад СССР. Сёньня ў краіне дзяржаўнае сьвята — Дзень незалежнасьці

У гэты дзень нарадзіліся:

551 да н. э. — Канфуцый, кітайскі філёзаф, заснавальнік рэлігійна-філязофскага вучэньня

1770 — Георг Вільгельм Фрыдрых Гегель, нямецкі філёзаф

«Калі факты супярэчаць маёй тэорыі, тым горай для фактаў».

«Толькі адзін з маіх вучняў зразумеў мяне — дый той няправільна».

Гегель

1856 — Іван Франко, украінскі пісьменьнік

Фільм пра Івана Франко. Вядучы — Сьвятаслаў Вакарчук («Акіян Эльзы»)

1860 — граф Карл Чапскі, менскі гарадзкі галава, мэцэнат

1907 — Сяргей Новік-Пяюн, паэт, дзяяч беларускага руху. Палітычны вязень пры польскай уладзе, пра нацысцкай акупацыі і пры савецкай уладзе.

Данчык: Зорачкі. Словы і музыка Сяргея Новіка-Пеюна

1924 — Лявон Мурашка, опэрны сьпявак, выступаў на беларускай і літоўскай сцэнах.

У гэты дзень памерлі:

27 жніўня 1937 году ў Менску закатавалі групу археолягаў, настаўнікаў, каталіцкіх сьвятароў — разам больш за пяцьдзясят чалавек. Гэта быў першы масавы расстрэл, які распачаў самы жорсткі палітычны тэрор 1937-1938 гадоў.

Каляндар Бахарэвіча: Ня духам адзіным

XS
SM
MD
LG