Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўшчына: «Ніхто ня супраць беларускай мовы, але аддаваць дзяцей ў беларускія клясы ня хочуць»


Сям’я Салаўёвых, на якой трымаецца беларускае школьніцтва ў Магілёве
Сям’я Салаўёвых, на якой трымаецца беларускае школьніцтва ў Магілёве

У Беларусі кожны год зьмяншаецца колькасьць вясковых беларускамоўных школ. Іх зачыняюць, спасылаючыся на тое, што яны малакамплектныя і ўтрымліваць іх надта дорага. У гарадах школ зь беларускай мовай навучаньня амаль не засталося.

Калі ў Менску такія яшчэ ёсьць, то ў абласных гарадах і райцэнтрах — толькі асобныя клясы. Іх ствараюць з ініцыятывы бацькоў. У Магілёве чатыры гады існуе адна кляса зь беларускай мовай навучаньня. У ёй — адна вучаніца.

Ялінка Салаўёва сёлета пойдзе ў пятую клясу. Яна адзіная вучаніца, на якой трымаецца ў Магілёве беларускамоўнае школьніцтва. Бацькі спадзяюцца, што сёлета ў Ялінкі ўсё ж будзе вучнёўская кампанія.

«Мы вырашылі, што Ялінка пойдзе ў пятую беларускую клясу. Яна створаная афіцыйна і тэхнічна абсталяваная. Настаўнікі, кніжкі, клясны кіраўнік ёсьць, — зазначае маці школьніцы Надзея Салаўёва. — Пабачым 1-га, 2-га верасьня, колькі будзе вучняў. Калі іх ня будзе, то будзе вучыцца адна. Спадзяёмся на тое, што прыйдуць да яе ў клясу яшчэ дзеці. Яна чакае іх».

Высьветліць, ці ёсьць бацькі, якія пажадалі, каб іхныя дзеці вучыліся ў беларускамоўных клясах, не ўдалося.

Тое, што кляса, у якой вучыцца Ялінка, застанецца, пацьвярджаюць і ў аддзеле адукацыі Ленінскага райвыканкаму. «Мы разглядаем пытаньне пра працяг навучаньня. Яно будзе арганізавана належным чынам», — кажа супрацоўніца аддзелу. Паводле яе, бацькоў інфармавалі пра клясу: «Мы праводзілі працу інфармацыйна-тлумачальную ўва ўсіх школах, — запэўнівае суразмоўніца. — Разьмяшчалі інфармацыю на сайце. Мы звароты рабілі па гэтым напрамку. Першапачаткова ў клясе ж было не адно дзіця».

Непрацяглы час разам зь Ялінкай Салаўёвай вучыліся яшчэ двое дзяцей, але з-за праблемаў у сям’і іх перавялі ў іншую школу. Апошнія два з паловай гады яна вучыцца адна.

Магілёўшчына: Ніхто ня супраць беларускай мовы, але...
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:52 0:00
Наўпроставы лінк

Бацькі не аддаюць дзяцей вучыцца па-беларуску праз сваю пасіўнасьць і нежаданьне мяняць звыклую для сябе сытуацыю, лічыць Надзея Салаўёва.

«Няма ў іх волі, — разважае яна. — Наша грамадзтва прызвычаілася жыць як ёсьць. Якое можа быць навучаньне на беларускай мове, калі яны не гавораць на беларускай мове? Калі ў іх у галаве адразу: „А гэта будзе матэматыка на беларускай мове. Якая матэматыка на беларускай мове — няхай бы ён на расейскай ёй авалодаў“. Да таго ж — неспрыяньне дзяржавы».

Сёлета пад новы навучальны год сям’я Салаўёвых зрабіла рэклямны відэаролік пра беларускую клясу. Недзяржаўны мясцовы тэлеканал «Магілёў-2», як кажа Надзея Салаўёва, пагадзіўся паказваць яго ў сваёй праграме.

Кляса зь беларускай мовай навучаньня зьявілася ў Магілёве пасьля амаль дзесяцігадовага перапынку дзякуючы намаганьням грамадзкасьці. Калі надышоў час запісваць у яе дзяцей, гэта зрабіла толькі сям’я Салаўёвых.

Клясы зь беларускай мовай навучаньня ёсьць у Горках. У Асіповічах вучыцца па-беларуску цэлая гімназія — больш за шэсьцьсот дзетак. Усе астатнія беларускамоўныя навучальныя ўстановы — у вёсках. Паводле афіцыйнай інфармацыі, сёлета зачыняецца сямнаццаць школ. Яны малакамплектныя. Пра мову іх навучаньня ня згадваюць, і высьветліць гэта ў аблвыканкаме не ўдалося. Але мяркуючы па тым, як было ў папярэднія гады, зачыняюць у асноўным школы зь беларускай мовай навучаньня.

Падручнікі ў нас усе на беларускай мове, а размаўляем мы, як і паўсюль, на трасянцы. Дзеці таксама размаўляюць на трасянцы і на ўроках таксама. Як бацькі іхныя размаўляюць дома, так і яны гавораць

А што азначае — вучыцца па беларуску? Ці насамрэч беларуская мова жыве ў вясковых школах? — пытаюся ў настаўніцы, якая вучыць дзяцей у беларускамоўнай вясковай школе.

«Падручнікі ў нас усе на беларускай мове, а размаўляем мы, як і паўсюль, на трасянцы. Дзеці таксама размаўляюць на трасянцы і на ўроках таксама. Як бацькі іхныя размаўляюць дома, так і яны гавораць, — адказвае суразмоўніца. — Існуе, аднак, такое меркаваньне, што дзецям, якія скончылі школы зь беларускай мовай навучаньня, цяжэй вучыцца ў вышэйшых навучальных установах, бо там пераважае расейская мова. Таму некаторыя вяскоўцы возяць сваіх дзяцей у расейскамоўныя школы. Нават з нашай школы возяць у горад».

Яны сутыкаюцца са словамі, якія ня могуць перакласьці на беларускую мову. У нас многа настаўнікаў не гавораць па-беларуску

З думкай, што беларускамоўнае школьніцтва памрэ разам з апошняй вясковай школай, суразмоўніца не згаджаецца. «Калі за мяжой ёсьць беларускія суполкі, то на Беларусі, як бы каму ні хацелася, беларуская мова ня зьнікне».

Яшчэ адна настаўніца адзначае, што вучням, якія вучацца па-беларуску, цяжэй здаваць цэнтралізаванае тэставаньне ды іншыя экзамэны:

«Яны сутыкаюцца са словамі, якія ня могуць перакласьці на беларускую мову. У нас многа настаўнікаў не гавораць па-беларуску. Хоць тую ж гісторыю ды іншыя прадметы павінны выкладаць на беларускай мове. Бывае так, што прыяжджаюць у вёску новыя людзі жыць, дык незадаволена: „А што ў вас школа на беларускай мове?“ Але, тым ня менш, дзіця вывучае беларускую мову, і застаюцца бацькі задаволеныя, што дзеці вывучылі другую мову».

Дужа пазытыўна дзеці рэагуюць на беларускамоўныя мульцікі, кажа настаўніца вясковай школы. Ёй пашчасьціла, як яна адзначае, прыдбаць адзін: «Дзеці глядзелі адкрыўшы раты, калі пабачылі мульцік на беларускай мове. Можа, некаторыя чаго і не зразумелі ў ім, але ўсе глядзелі зь цікавасьцю. Самі дзеці, іхныя бацькі абсалютна ня супраць беларускай мовы. Абсалютна».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG