Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: суд адмовіўся разглядаць скаргу журналіста да пракуратуры


Мікола Бянько
Мікола Бянько

Судзьдзя Цэнтральнага раённага суду Гомеля Марына Дамненка адхіліла скаргу незалежнага журналіста Міколы Бянько на дзеяньні службоўца абласной пракуратуры, які вынес яму папярэджаньне за падрыхтоўку інфармацыйных матэрыялаў без акрэдытацыі для замежнага СМІ.

Яшчэ на пачатку судовага паседжаньня судзьдзя Дамненка адмовілася весьці яго на беларускай мове, як прасіў таго Мікалай Бянько. Апрача таго, яна не дазволіла Міколу як сябру Беларускай асацыяцыі журналістаў мець у судзе свайго прадстаўніка, таксама сябра ГА «БАЖ», юрыста Леаніда Судаленку.

Разгляд скаргі на дзеяньні першага намесьніка абласнога пракурора Вадзіма Сушчынскага, які й падпісаў афіцыйнае папярэджаньне журналісту-фрылансэру, зьвёўся да высьвятленьня тэрміну падачы заявы ў суд.

На гэта зьвяртаў увагу і прысутны ў судзе прадстаўнік Гомельскай абласной пракуратуры, старшы памочнік пракурора Дзьмітры Дэбой, які, дарэчы, і рыхтаваў тое самае папярэджаньне. Ён лічыць, што права на абскарджваньне ў судзе журналіст займеў 25 сакавіка, пасьля пісьмовай адмовы пракурора вобласьці Сяргея Аземшы адмяніць папярэджаньне. І мог гэта рабіць цягам месяца:

«З гэтага тэрміну наступіла яго права для абскарджваньня афіцыйнага папярэджаньня. Далейшае абскарджваньне папярэджаньня ў Генэральную пракуратуру не прыпыняе згаданага тэрміну».

У выніку судзьдзя Марына Дамненка вырашыла адхіліць скаргу журналіста, палічыўшы, што тэрміны для звароту ў суд прапушчаныя.

Прысутны на судзе юрыст Леанід Судаленка трымаецца супрацьлеглай думкі: «Трэба азнаёміцца непасрэдна з рашэньнем. Але папярэднія мае высновы такія: тэрмін па дадзенай справе не прапушчаны. Падкрэсьліваю: папярэджаньне вынесена Гомельскай абласной пракуратурай. У дачыненьні да абласной пракуратуры вышэйстаячым дзяржаўным органам зьяўляецца Генэральная пракуратура, куды й зьвярнуўся спадар Бянько. І пасьля таго як 6 траўня атрымаў адказ з Генэральнай пракуратуры, ён цягам месяца, 29 траўня, і зьвярнуўся непасрэдна ў суд. Таму я й лічу, што ніякі тэрмін тут не прапушчаны».

Сам Мікалай Бянько кажа, што вельмі зьдзівіўся такому хуткаму выраку суду, бо меркаваў, што будзе хоць зроблены выгляд, што судзьдзя вырашае справу па сутнасьці.

Бянько: «Нягледзячы на абсалютна пазаправавую сытуацыю ў Беларусі, нягледзячы на тое, што журналістам, якія супрацоўнічаюць зь незалежнымі СМІ, вельмі складана ажыцьцяўляць сваю функцыю прафэсійную, варта заўжды адстойваць свае правы й свае прынцыпы. Я абсалютна ня згодны з папярэджаньнем. Лічу, што пракуратура як орган нагляду за выкананьнем законаў ды іншыя сілавыя структуры мусяць займацца сваёй непасрэднай працай, а ня гойсаць у пошуках журналістаў і перасьледаваць іх з абсалютна надуманых прычын. Таму я спачатку зьвярнуўся са скаргай у абласную, у Генэральную пракуратуру, а потым уласна ў суд, каб прызналі неабгрунтаваным і незаконным папярэджаньне. Я законапаслухмяны грамадзянін».

Папярэджаньне Міколу Бянько і ягонай жонцы Юлі Сівец Гомельская абласная пракуратура вынесла 5 сакавіка — за супрацоўніцтва без акрэдытацыі з Радыё Рацыя, якое зарэгістравана на тэрыторыі Польшчы і вядзе перадачы на беларускай мове.

У пацьвярджэньне пракуратура прывяла зьмешчаныя на сайце racyja.com рэпартажы за подпісамі Міколы Бянько й Юлі Сівец: «Забыты Чарнобыль», «Шчодрыкі па-гомельску». Згадваліся таксама іхнія блогі з зацемкамі: «Месца вызначае ўсё», «Вынікі году чорнай Зьмяі».

Зразумелы палітычны сэнс дадзенага парадку акрэдытацыі, але я зь ім абсалютна ня згодны. Паводле яго атрымаць легальную магчымасьць супрацоўніцтва з замежнымі СМІ практычна немагчыма

Бянько: «Парадак акрэдытацыі ў Міністэрстве замежных спраў архаічны. Ён хутчэй характэрны для краінаў канца 19 і пачатку 20 стагодзьдзяў, а не 21 стагодзьдзя, калі існуе інтэрнэт і можна пісаць матэрыялы для любога выданьня ва ўсім сьвеце. Зразумелы палітычны сэнс дадзенага парадку акрэдытацыі, але я зь ім абсалютна ня згодны. Паводле яго атрымаць легальную магчымасьць супрацоўніцтва з замежнымі СМІ практычна немагчыма. Усе гэта ведаюць, бо супрацоўнікі таго ж Радыё Рацыя дзясяткі разоў зьвярталіся ў МЗС — і ім адмаўлялі. Тое ж самае тычыцца шэрагу іншых замежных выданьняў, якія пастаянна спрабуюць атрымаць акрэдытацыю, але ім адмаўляюць на надуманых падставах».

У скарзе ў суд Мікола Бянько адзначыў, што, выносячы папярэджаньне за публікацыі на замежных сайтах, пракуратура абмяжоўвае ягоныя правы на атрыманьне і распаўсюд інфармацыі, гарантаваныя грамадзянам Беларусі Канстытуцыяй і міжнароднымі пагадненьнямі, якія Беларусь падпісала і абавязалася выконваць:

«Менавіта таму сёньня й шукалі нейкіх фармальных прычын, каб не разглядаць справу. Чаму? Таму што яны абсалютна ня маюць рацыі. І калі б мы сталі разьбірацца, то ў працэсе ўсё б гэта высьветлілася. Проста пракуратура абласная ўзяла на сябе функцыі палітычнага перасьледу, а не нагляду за ажыцьцяўленьнем законаў».

Сёньняшняе рашэньне суду Цэнтральнага раёну Мікалай Бянько зь юрыстам БАЖу аспрэчаць у вышэйшай судовай інстанцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG