Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Назарбаеў прапануе замірэньне на час дастаўкі ва Ўкраіну гуманітарнай дапамогі


Прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў заклікаў бакі канфлікту ва Ўкраіне абвясьціць замірэньне і на гэты пэрыяд арганізаваць шырокамаштабную дастаўку гуманітарнай дапамогі.

Пра гэта, паводле Інтэрфаксу, Назарбаеў заявіў у пачатку саміту Мытны саюз-Украіна-Эўразьвяз у Менску.

Ён таксама заявіў, што Казахстан гатовы аказаць усю магчымую дапамогу ў гэтым пытаньні, выступіўшы «бесстароньнім пасярэднікам» у дастаўцы і разьмеркаваньні гэтай дапамогі, у тым ліку па лініі казахстанскага аддзяленьня Міжнароднага Чырвонага Крыжа і Паўмесяца.

Казахстанскі лідэр прапанаваў зрабіць сустрэчы ў фармаце «Мытны саюз — Украіна» рэгулярнымі і наступную такую сустрэчу правесьці на казахстанскай тэрыторыі.

Назарбаеў таксама прапанаваў стварыць міжнародны фонд падтрымкі эканомікі Ўкраіны. На яго думку, неабходна супольнымі намаганьнямі распрацаваць антыкрызісны плян першачарговых захадаў па выратаваньні ўкраінскай эканомікі.

«Міжнародная супольнасьць павінна паспрыяць пазытыўнаму выніку перамоваў паміж Украінай і Расеяй па пытаньнях пастаўкі газу. Гэта выключна важна напярэдадні зімовага пэрыяду», — адзначыў прэзыдэнт Казахстана.

Акрамя гэтага, Назарбаеў адзначыў, што «ўзмацненьне жорсткасьці абмену санкцыямі заводзіць усіх нас у тупік».

«Ад узаемных санкцый слабее эканамічны патэнцыял краін, пакутуюць простыя людзі, расьце сацыяльная напружанасьць, а гэта вядзе да новага вітка сусьветнага крызісу. У першую чаргу пакутаваць будзем мы — Эўропа, Азія — эўразійскі кантынэнт», — заявіў Назарбаеў.

XS
SM
MD
LG