Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Цяжка ставіць нейкія грандыёзныя мэты


Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка не чакае істотнага прарыву ад сустрэчы ў фармаце Мытны саюз-Украіна-ЭЗ ў Менску, але спадзяецца, што яна паслужыць пачатку руху да міру ва Ўкраіне. Пра гэта, паводле Інтэрфаксу, ён заявіў падчас сустрэчы з высокім прадстаўніком Эўразьвязу па замежных справах і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан.

«Цяжка ставіць нейкія грандыёзныя мэты, якіх мы павінны дасягнуць тут, у Менску. Хутчэй, калясальнага прарыву цяжка чакаць, але канцэптуальна мы нешта павінны зрабіць, каб пачаць хоць б рух да міру» — заявіў беларускі лідэр.

Ён падкрэсьліў, што «ніхто з кіраўнікоў дзяржаваў, думаю, і ЭЗ таксама, не будзе супраць таго, каб распачаты сёньня дыялёг прадоўжыўся да поўнага ўрэгуляваньня сытуацыі». Пры гэтым ён адзначыў, што беларускі бок гатовы быць пляцоўкай для перамоваў.

Лукашэнка таксама паведаміў, што ў Менску «экспэрты з Украіны, Расеі, ЭЗ, яны правялі тут сустрэчу». Згадаўшы пра сустрэчы, якая прайшла ў яго з Пятром Парашэнкам, беларускі лідэр заявіў, што ўкраінскі бок будзе настойваць пасьля правядзеньня саміту ў Менску на сустрэчы экспэртаў, якія прапануюць «канкрэтны плян па нармалізацыі сытуацыі ў рэгіёне».

Кіраўнік Беларусі нагадаў, што раней абмяркоўваў шляхі выхаду з сытуацыі, якая склалася ва Ўкраіне, зь Пятром Парашэнкам і кіраўніком Расейскай Фэдэрацыі Уладзімерам Пуціным.

«Ва ўсіх жаданьне з гэтым хутчэй скончыць: нікому гэтая братазабойчая вайна не патрэбная, ўсім патрэбны мір,» — сказаў Лукашэнка.

У сваю чаргу Кэтрын Эштан заявіла, што Эўразьвяз заклапочаны падзеямі, якія адбываюцца на ўсходзе Ўкраіны. «Я б хацела спадзявацца, што гэтая сустрэча дазволіць нейкім чынам вырашыць тыя выклікі, якія спараджае гэты рэгіён» — сказала яна.

«Наша пазыцыя выразная — мы падтрымліваем выбар ўкраінскага народу і шлях, якім рухаецца Ўкраіна» — падкрэсьліла высокі прадстаўнік Эўразьвязу па замежных справах і палітыцы бясьпекі.

Эштан таксама выказала меркаваньне, што «для Ўкраіны важна мець добрыя адносіны як з Эўразьвязам, гэтак і з дзяржавамі-суседзямі».

XS
SM
MD
LG