Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«І году ня пройдзе, як расейцы будуць вінаваціць Пуціна, што ён здраднік і слабак»


Дзьмітры Арэшкін

Дзьмітры Арэшкін

Расейскі незалежны палітоляг Дзьмітры Арэшкін тлумачыць, як Крэмль будзе рэагаваць на інфармацыю пра ўзятых у палон ва Ўкраіне расейскіх вайскоўцаў, як гэты факт мяняе пазыцыі Расеі на перамовах у Менску і за што расейцы неўзабаве пачнуць вінаваціць Пуціна.

Цыганкоў: Здаецца, у падзеях вакол украінскага крызісу адбыўся даволі значны паварот, які можа істотна паўплываць на інфармацыйнае поле вакол гэтых падзеяў. Апошнія дні ў мэдыях, у сацыяльных сетках пашыраюцца кадры допытаў кадравых расейскіх вайскоўцаў, якія трапілі ў палон ва Ўкраіне. Як высьвятляецца, расейскія афіцэры нават не казалі салдатам, што тыя едуць ва Ўкраіну, у зону баёў — войскі перакідваліся пад маркай «вучэньняў». Па-вашаму, ці мяняе гэтая інфармацыя пазыцыю Расеі, асабліва ў сьвеце сёньняшняй сустрэчы кіраўнікоў дзяржаваў у Менску?

«Перамоўныя пазыцыі Пуціна перад сустрэчай у Менску аслаблі»

Арэшкін: Па-першае, зразумела, што да саміту Пуцін рыхтаваў перамоўныя пазыцыі і іх узмацняў. У сувязі з чым былі спробы прасунуць войскі ў бок Марыюпалю, Данецку, атачыць украінскія войскі ды правесьці інфармацыйную атаку. Варта зайсьці на сайт сэпаратыстаў «Русская весна», і там можна знайсьці эўфарыю наконт нейкіх шматлікіх перамогаў. Але ўсё гэта трэба дзяліць на 16.

Аднак праблема Пуціна ў тым, што ва Ўкраіне трапілі ў палон расейскія кадравыя вайскоўцы. І гэта азначае, што людзкіх рэсурсаў для Пуціна на Данбасе ўжо не хапае. Даводзіцца ўводзіць кадравых вайскоўцаў з Расеі. Добраахвотнікаў, наёмнікаў ужо недастаткова. Рэсурсы сацыяльнай падтрымкі вычарпаныя. Пуцін зноў схлусіў, але гэта для яго цалкам заканамерна, бо, як мы памятаем, і ў Крыме расейскіх войскаў нібыта не было.

Для тых, хто даўно сочыць за падзеямі — нічога новага не адбылося. Для тых, хто ня хоча гэтага бачыць — ёсьць новая сытуацыя. Гэтага, у прыватнасьці, не хацелі б бачыць эўрапейцы, бо наяўнасьць вайскоўцаў Расеі на тэрыторыі іншай дзяржавы — гэта відавочны знак парушэньня ўсіх міжнародных законаў. І Захад неяк мусіць рэагаваць. А ён вельмі б не хацеў псаваць адносіны з Расеяй, яму вельмі б хацелася працягваць палітыку залагоджваньня, санкцыі яго зусім ня радуюць. Але калі адбываецца такое дэманстратыўнае парушэньне правілаў міжнароднага жыцьця, яму давядзецца рэагаваць.

Ну, а Пуціну давядзецца чарговы раз, гледзячы шчырымі вачыма, паведамляць працоўным, што не было ва Ўкраіне ніякіх расейскіх дэсантнікаў, што яны альбо даўно звольніліся, альбо іх захапілі ўкраінцы, якія праніклі на тэрыторыю Расеі. У выніку атрымліваецца, што перамоўныя пазыцыі Пуціна перад сустрэчай у Менску ня столькі ўзмацніліся, колькі аслаблі. І гэта ўяўляецца мне самай важнай высновай.

«Адступіць бяз страты твару нельга»

Цыганкоў: Навошта тады Крэмль ідзе на дзеяньні, якія прыводзяць да, як вы кажаце, «аслабленьня перамоўных пазыцыяў»? Ці, можа, такія рашэньні прымаюць палкоўнікі ды генэралы, і Крэмль становіцца ў пэўным сэнсе ахвярай іхніх дзеяньняў?

Арэшкін: У любым выпадку за дзеяньні войска адказвае вярхоўны галоўнакамандуючы. Калі ён яго не кантралюе — гэта кепска. Калі ён дае (пісаны альбо непісаны) карт-блянш ці загад дзейнічаць такім чынам — гэта таксама кепска, бо ў такім выпадку ён пагарджае уласнымі абяцаньнямі і нормамі міжнароднага жыцьця. Вядома, Пуцін да апошняга не хацеў уцягвацца ў канвэнцыянальную вайну, калі за мяжой дзейнічаюць рэгулярныя часьці. Бралі «добраахвотнікаў», якія пісалі заявы аб «выхадзе з Узброеных сілаў», і пасьля гэтага іх слалі туды, акуратна абмяжоўваючы іхнія юрыдычныя сувязі з Расеяй.

А цяпер пайшлі ўжо проста вайскоўцы, і гэта ўжо сур’ёзны пракол. Але без праколаў зрабіць гэта немагчыма. Бо цяперашняя лубянская вэртыкаль спрабуе капіраваць мэтады таварыша Сталіна ў вырашэньні міжнародных праблемаў, але таварыш Сталін дзейнічаў у іншую эпоху, калі не было інтэрнэту, не было такой празрыстасьці. Цяпер усе ўсё ведаюць, і праблема толькі ў тым, што некаторая частка насельніцтва ня хоча гэтага ведаць, заплюшчвае вочы. Ну, дык яно гэта хутка адчуе, калі раптам пераканаецца, што на свой заробак ня можа купіць таго звыклага набору прадуктаў, які можна было купіць яшчэ год таму.

Адступіць бяз страты твару нельга, таму Пуцін падымае стаўкі і блефуе. Гэты блеф ускрываецца адразу ж, назаўтра. Калі б гэта быў бліцкрыг, як у Крыме, тады ўсё можна было б зрабіць шыта-крыта. Я проста не разумею, на што яны разьлічвалі. Усё настолькі відавочна — трэба неяк выбірацца з гэтай пасткі. Перамоўныя пазыцыі Пуціна аслабляюцца з кожным тыднем, але бачыць гэта ён, відаць, ужо ня здольны.

«Адсутнасьць перамогі будзе з кожным месяцам зьмяншаць падтрымку дзеяньняў Пуціна»

Цыганкоў: Тыя людзі, якія і ў Расеі выступаюць супраць крамлёўскай авантуры на Данбасе, спадзяюцца, што інфармацыя пра сьмерць расейскіх вайскоўцаў ва Ўкраіне, «груз 200» можа зьмяніць расейскую грамадзкую думку. Ці падзяляеце вы такія прагнозы, ці можа зьменшыцца падтрымка Пуціна і вайны ў Данбасе?

Арэшкін: Гэты працэс шматмерны. Большасьць адэкватных сацыёлягаў і назіральнікаў паказваюць, што за паўтара-два гады масавая зьяднанасьць і патрыятычны запал зьмяняюцца на сваю супрацьлегласьць. Таму і труны, і пагаршэньне эканамічнай сытуацыі, і адсутнасьць перамогі — усё гэта будзе з кожным месяцам зьмяншаць падтрымку дзеяньняў Пуціна. Літаральна ўчора сацыёлягі фонду «Грамадзкая думка» зафіксавалі рэзкае зьніжэньне ліку прыхільнікаў увядзеньня войскаў Расеі ва Ўкраіну.

Вясной, калі расейцы былі поўныя чаканьнямі перамогі, якая ўсё сьпіша, у расейскім грамадзтве дамінавалі чаканьні і нават патрабаваньні вайсковай падтрымкі «змагароў за рускі народ» у Данбасе. А цяпер у некалькі разоў зьменшылася колькасьць прыхільнікаў уводу войскаў. Гэта вельмі, па-першае, прадказальна (пра гэта я казаў і паўгода таму), а па-другое, красамоўна. Калі б была перамога, то ўсё б даравалі. А перамогі няма. Тэрыторыя, якую кантралююць апалчэнцы, скарачаецца. Дайце нам перамогу! Бо ўсё гэта задумвалася дзеля таго, каб «кричали женщины ура и в воздух чепчики бросали». Параза нікому не патрэбная. А перамогі не выходзіць, нават з прыцягненьнем рэгулярнага войска.

Так што на ногі Пуціна ліпнуць страчаныя тыдні і месяцы, плюс пагаршэньне эканамічнай сытуацыі з-за санкцыяў, плюс відавочная тупасьць прапаганды, якая выклікае раздражненьне ўжо і ў прыхільнікаў Пуціна. Усё гэта паступова нагрувашчваецца. І году ня пройдзе, як тыя людзі, што былі гатовыя кланяцца Пуціну ў ножкі за тое, што ён «падняў Расею з калень» — будуць яго вінаваціць, што ён альбо здраднік і слабак, альбо залежны ад ЗША. Штосьці ў іхняй сыстэме каштоўнасьцяў захаваецца, а плюс памяняецца на мінус. І Пуціна будуць сустракаць сьвістам.

Гэта можна было прадбачыць загадзя. Разумным людзям уласьціва спачатку падумаць, перш чым нешта пачынаць. Але праблема ў тым, што вэртыкаль ужо думаць ня ўмее, яна дзейнічае на ўзроўні інстынктаў, ёй здаецца, што трэба рабіць так, як рабіў бы Савецкі Саюз. Але ж час зьмяніўся.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG