Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна не застрахаваная ад «карусэляў» і куплі галасоў за грэчку — кіеўскі экспэрт


Віктар Каспрук

Віктар Каспрук

Украінскі палітоляг Віктар Каспрук у інтэрвію Свабодзе выказаў меркаваньне, што выбары Вярхоўнай Рады, якія прызначаныя Пятром Парашэнкам на 26 кастрычніка, могуць не да канца адпавядаць дэмакратычным стандартам.

— Ва Ўкраіне выбары ў парлямэнт адбываюцца паводле зьмяшанага прынцыпу. Цяпер гучаць размовы пра перавод выбараў на прапарцыйную сыстэму з адкрытымі сьпісамі. З чым гэта зьвязана?

— Зьмяшаная сыстэма з закрытымі сьпісамі давала магчымасьць Партыі рэгіёнаў разьдзімаць вялізныя сьпісы за кошт кіроўцаў і іншых тэхнічных супрацоўнікаў партыі. Сьпісы былі закрытыя, і выбарцы да апошняга моманту ня ведалі, каго ім прапануюць. Цяпер ва Ўкраіне вядзецца дыскусія пра тое, што закрытыя сьпісы нівэлююць права выбарца галасаваць за пэўную асобу, што, у сваю чаргу, нівэлюе асновы дэмакратычнага выбарчага працэсу. Цяпер гаворка вядзецца пра тое, што сьпісы павінны быць адкрытыя, а вабарцы павінны дакладна ведаць, за каго асабіста галасуюць на пасаду народнага дэпутата.

— Ці магчыма яшчэ зьмяніць выбарчае заканадаўства?

— Тут я моцна сумняюся. Але калі мы ня будзем мець адкрытых сьпісаў, частка выбарцаў у знак пратэсту ня прыйдзе на выбары.

— Паводле ацэнак спэцыялістаў, лідэр выбарчай гонкі — Алег Ляшко, у яго 70–80%. З чым зьвязаная папулярнасьць Радыкальнай партыі Алега Ляшко?

— Алег Ляшко — насамрэч таленавіты чалавек, які ўмее сябе падаць. Але трэба памятаць, што частка экспэртаў, якія гавораць пра высокі рэйтынг таго ці іншага палітыка, могуць працаваць на гэтага палітыка. Я думаю, што посьпех Радыкальнай партыі Алега Ляшко азначае тое, што, па-першае, пратэстная ніша, у якой знаходзіліся камуністы, цяпер практычна не занятая, а па-другое, людзі шукаюць новых твараў у палітыцы.

— Ці мае шанец прэзыдэнт Парашэнка стварыць сваю большасьць у новым парлямэнце?

— Калі Парашэнка прыйшоў да ўлады, у яго практычна не было моцнай палітычнай сілы, на якую б ён мог абаперціся. Але Парашэнка — найбольш падрыхтаваны прэзыдэнт з усіх, якія былі ва Ўкраіне, і ягоная партыя «Салідарнасьць» стала дастаткова папулярнай у грамадзтве. Я лічу, што яна мае шанец заняць даволі вялікую электаральную нішу, можа канкураваць з той жа Радыкальнай партыяй Алега Ляшко.

— Як справы ў камуністаў і рэгіяналаў? Ці маюць яны нейкія электаральныя магчымасьці?

— Цяпер ідзе працэс, які мае завяршыцца забаронай камуністычнай партыі. Цяжка сказаць, ці ён завершыцца да выбараў, ці працягнецца далей. Але фактычна і камуністы, і рэгіяналы — гэта палітычныя сілы, якія ўвесь час цягнулі Ўкраіну назад, да савецкага мінулага, граючы на настальгічных настроях электарату. Цяпер, калі Ўкраіна ідэалягічна супрацьпастаўляе сябе Расеі і Савецкаму Саюзу, падтрымка гэтых палітычных сілаў вельмі невялікая.

— Крым і Данбас, якія ўкраінская ўлада лічыць сваімі тэрыторыямі, ня будуць удзельнічаць у выбарах. Ці ня стане гэта праблемай для легітымнасьці выбараў сярод саміх украінцаў?

— Часова акупаваныя тэрыторыі Ўкраіны ўсё роўна застаюцца ў электаральным полі Ўкраіны. Але на час выбараў яны будуць выключаныя з выбарчага працэсу. Цяпер ідуць размовы пра тое, каб зьменшыць колькасьць дэпутатаў у Вярхоўнай радзе на тую колькасьць, якая была б з Крыму і Данбасу. Я лічу, што гэта лягічна. І гэта было б добра, каб ня ставіць пад сумнеў легітымнасьць выбараў.

— Як вы лічыце, ці захаваюцца на выбарах традыцыйныя ўкраінскія спосабы фальсыфікацыяў, такія, як «карусэлі» ці купля галасоў за кіляграм грэчкі?

— На жаль, украінская выбарчая сыстэма мела шмат мінусаў цягам 23 гадоў незалежнасьці. Цягам праўленьня Януковіча яны ўзмацніліся. Вядома, у дэмакратычнай дзяржаве ні «карусэлі», ні раздача грэчкі за галасы працаваць ня могуць. Ва Ўкраіне, на жаль, гэта дзейнічала. І мы не застрахаваныя ад такіх «распрацовак», якія былі зробленыя, каб скажаць грамадзкую думку. Яны могуць быць і гэтым разам. Але вялікі плюс у тым, што ўкраінская ўлада моцна арыентуецца на эўрапейскія стандарты. Я думаю, што цяпер распрацоўваюцца мэханізмы, якім чынам заблякаваць тыя фальсыфікацыі на месцах. Увогуле, трэба, каб любая фальсыфікацыя выклікала абурэньне ў грамадзтве.

XS
SM
MD
LG