Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палонныя расейскія дэсантнікі просяць Пуціна спыніць вайну ва Ўкраіне


Паблізу населенага пункта Дзэркальны Данецкай вобласьці ўкраінскія вайскоўцы затрымалі 10 расейскіх дэсантнікаў. Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні Службы Бясьпекі Ўкраіны.

«Сумесная апэратыўная група Ўзброеных сіл Украіны і СБУ затрымала дзесяць вайскоўцаў 331 палка 98 Сьвірскай дывізіі Паветрана-дэсантных войскаў Узброеных сіл Расеі (в\ч 71211).

Расейскія вайскоўцы затрыманыя з асабістымі дакумэнтамі і зброяй. Яны далі паказаньні, што батальён дэсантнікаў 23 жніўня быў перадыслякаваны чыгуначным транспартам у Растоўскую вобласьць РФ, а каля 3 гадзін ночы 24 жніўня падразьдзяленьне было ўзьнята па трывозе і атрымала загад ажыцьцявіць марш у складзе калёны зь некалькіх дзесяткаў БМД», — паведамляюць у Службе бясьпекі.

Паводле міністра абароны Ўкраіны Валерыя Гэлэтэя, сілы Антытэрарыстычнай апэрацыі ўзялі ў палон шмат расейскіх вайскоўцаў, якія ваявалі супраць ўкраінскай арміі. Але не вядома, ці казаў міністар пра тых жа расейскіх вайскоўцаў, што і СБУ.

Як паведамляў прадстаўнік Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра РНБА Андрэй Лысенка, у складзе калёны бронетэхнікі, якая прарвалася ва Ўкраіну ў панядзелак раніцай, было 10 танкаў, дзьве баявыя машыны пяхоты і 2 «Уралы». Паводле яго слоў, памежнікі заблякавалі рух калёны ў кірунку Шчарбакоў—Маркіна, траса паміж Новаазоўскам і Марыюпалем цяпер пад кантролем ўкраінскіх сілавікоў.

Украіна і Захад абвінавачваюць Расею ў пастаўках на Данбас зброі і баевікоў. Масква сваю датычнасьць адхіляе. У прэсе зьявіліся паведамленьні пра пахаваньні дэсантнікаў з Пскова, забітых пад час ваенных дзеяньняў у Данбасе.

Антытэрарыстычная апэрацыя на ўсходзе Ўкраіны працягваецца з красавіка.

XS
SM
MD
LG