Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 26 жніўня: саміт у Менску, гадавіна рэформы беларускага правапісу


Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

Менск. На гэты дзень заплянаваныя перамовы ў фармаце «Ўкраіна ― Эўрапейскі Зьвяз ― Мытны зьвяз», у якіх возьмуць удзел лідэры краінаў і высокія прадстаўнікі Эўрапейскага зьвязу. Чакаецца, што ўсебакова будзе абмяркоўвацца пытаньне ўкраінскага крызысу. Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка прыляціць у Менск першым, прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін — апошнім. Кэтрын Эштан, кіраўніца замежнай палітыкі Эўразьвязу, ня будзе закранаць пытаньня беларускіх палітвязьняў падчас свайго візыту ў Менск.

У вялікай залі Музэю сучаснага выяўленчага мастацтва ў Менску адбудзецца адкрыцьцё выставы беларускага графіка Сяргея Балянка «... Нічога іншага не прапануецца...». Пачатак а 17.00

У менскім клюбе «Графіці» адбудзецца акустычны канцэрт Ганны Земаль і Андрэя Сянькевіча. Пачатак а 19:00


Барысаў. Сустрэча ў адказ наймацнейшых клюбаў Беларусі і Славаччыны — БАТЭ і браціслаўскага «Слована» — у рамках раўнда плэй-оф Лігі чэмпіёнаў-2014/15. Пачатак а 21.45


ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ

1451 — нарадзіўся Хрыстафор Калюмб, гішпанскі мараход і адкрывальнік Амэрыкі

1579 — пачалася аблога Пскова войскамі Рэчы Паспалітай падчас Інфлянцкай вайны

1671 — гетман Ян Сабескі перамог казацка-татарскае войска ў бітве каля Брацлаву

1792 — за ўдзел у бітве пад Дубенкай Тадэвуш Касьцюшка атрымаў ганаровае грамадзянства Францыі

1880 — нарадзіўся францускі паэт Гіём Апалінэр. Ягоныя продкі — Кастравіцкія па лініі маці — паходзілі зь Беларусі. Жылі яны ў маёнтку Дарашковічы пад Наваградкам і сябравалі зь сям’ёй Адама Міцкевіча. Дзед паэта Міхал-Апалінар Кастравіцкі браў удзел у паўстаньні 1863 году разам са сваімі братамі Юзафам і Адамам. Браты (у тым ліку будучы бацька беларускага паэта і мастака Казіміра Кастравіцкага — Каруся Каганца) былі высланыя расейскімі ўладамі ў Сібір і Арэнбург, а Міхалу-Апалінару ўдалося ўцячы зь сям’ёй у Італію.

1914 — нарадзіўся аргентынскі пісьменьнік Хуліё Картасар

1933 — была прынятая сумнавядомая пастанова Савету Народных Камісараў БССР у моўным пытаньні — «Аб зьменах і спрашчэньні беларускага правапісу». Гэты дакумэнт стаў яшчэ адной вяхой выцясьненьня роднае мовы з шырокага грамадзкага ўжытку. Менавіта пасьля і ў выніку той пастановы распаўсюдзілася меркаваньне пра «грубасьць» беларускае мовы. Гэта ня дзіўна, бо найбольш прыкметнай ахвярай рэфарматараў стаў мяккі знак. Большасьць мовазнаўцаў краіны не прынялі таго грубага ўмяшаньня чыноўнікаў у моўныя справы і былі рэпрэсаваныя — расстраляныя ці сасланыя ў ГУЛАГ. Сёньня ў Беларусі адбываюцца спрэчкі паміж прыхільнікамі правапісу 1933 году, які называюць «наркамаўкай» і тымі, хто кіруецца дарэформавымі нормамі, гэта значыць, піша «тарашкевіцай». Вось цытата з той урадавай пастановы:

«З мэтай далейшага разьвіцьця культуры беларускай мовы і поўнага падпарадкаваньня беларускага правапісу задачам выхаваньня працоўных мас у духу пралетарскага інтэрнацыяналізму, Савет Народных Камісараў БССР пастанаўляе ўнесьці ў існуючы правапіс наступныя зьмены...»

1940 — нарадзіўся беларускі скульптар Анатоль Арцімовіч. Жыхары беларускай сталіцы ведаюць ягоны вялізны рэльеф на фасадзе Дому модаў у Менску. Называецца гэты твор «Салідарнасьць». Апроч гэтага, Арцімовіч браў удзел у стварэньні Кургана Славы і мэмарыялу ў Берасьцейскай крэпасьці.

З КАЛЕНДАРА БАХАРЭВІЧА

Пра што ракатаў Кракатаў. «Нешта не падабаецца мне гэтая выспа», ― працадзіў скрозь зубы галяндзкі капітан, які высадзіўся тут, на камяністым кавалку сушы паміж Явай і Суматрай, разам са сваёй камандай улетку 1883 году.

XS
SM
MD
LG