Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Данецкі вузел паспрабуюць разьвязаць у Менску


Сёньня ў Менску ў Палацы незалежнасьці чакаецца сустрэча ў фармаце Мытны саюз — Эўрапейскі зьвяз — Украіна з удзелам прэзыдэнтаў Уладзімера Пуціна, Пятра Парашэнкі, Аляксандра Лукашэнкі, Нурсултана Назарбаева, Вярхоўнага прадстаўніка ЭЗ па зьнешніх справах і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан, адказнага за энэргетыку віцэ-кіраўніка Эўракамісіі Гюнтэра Этынгера і эўракамісара па гандлі Карла дэ Гухта.

У межах саміту пройдзе шэраг двухбаковых сустрэч. Ці адбудзецца сустрэча сам-насам Уладзімера Пуціна і Пятра Парашэнкі, пакуль не вядома.

Напярэдадні зацікаўленыя бакі выказаліся наконт чаканьняў ад менскай сустрэчы.

Так, прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка адзначыў, што едзе ў Менск дамаўляцца пра мір, бо «ўвесь сьвет ужо стаміўся ад вайны». Пры гэтым Парашэнка ўдакладніў, што будзе заклікаць Расею вывесьці сваіх баевікоў зь мяцежных рэгіёнаў Усходняй Украіны.

Кэтрын Эштан падкрэсьліла, што перамовы ў Менску — «магчымасьць, якую нельга змарнаваць», але рабіць прагнозы адмовілася.

Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў учора запэўніў, што Расея выступае за «гарманізацыю адносін паміж Мытным саюзам, Украінай і Эўразьвязам».

«Мы гатовыя да любога фармату, абы быў вынік, — сказаў Сяргей Лаўроў. — Абы пачалі рухацца ад ваеннага супрацьстаяньня да грамадзянскага дыялёгу, да фармаваньня нацыянальнага адзінства, пра якое гаварылася ў пагадненьні ад 21 лютага. Мы разьлічваем, што на заўтрашняй сустрэчы ў Менску будуць закранутыя ўсе праблемы, у тым ліку гуманітарнага крызісу, прагучаць думкі пра пэрспэктывы ўрэгуляваньня крызісу ва Ўкраіне», — сказаў Лаўроў.

Да апошняга моманту парадак дня сустрэчы ўдакладняецца. На саміт акрэдытавана больш за 300 беларускіх і замежных журналістаў.

Сустрэча прэзыдэнтаў Расеі і Ўкраіны Ўладзімера Пуціна і Пятра Парашэнкі сам-насам — магчымая, сказаў прэс-сакратар расейскага кіраўніка Дзьмітры Пяскоў:

«Мы не выключаем, што такая сустрэча можа адбыцца».

Паводле слоў Пяскова, у Менску будуць абмяркоўвацца ўкраінскі крызіс, гуманітарная дапамога, патокі ўцекачоў і двухбаковыя адносіны ў сувязі з падпісаньнем дамовы аб асацыяцыі Ўкраіны і ЭЗ.

У той жа час украінскія, беларускія і расейскія экспэрты сыходзяцца на думцы, што перамовы будуць насіць фармальны характар і не прывядуць да замірэньня.

«Радыкальных рашэньняў дакладна ня будзе. У лепшым выпадку сустрэча можа стаць пачаткам рэальнага перамоўнага працэсу. У горшым — ня дасьць абсалютна ніякіх вынікаў. Уладзімер Пуцін будзе выкарыстоўваць факт сустрэчы як камуфляж — маўляў, я ж імкнуся дамаўляцца. Але расейскі прэзыдэнт ужо цяпер вельмі моцна прайграе іміджава, бо Ўкраіна паказвае сваю гатоўнасьць да перамоваў, да міралюбства, і ўсяму сьвету зразумела, хто агрэсар», — лічыць украінскі палітоляг Аляксей Гарань.

«Ніякіх вынікаў перамовы не дадуць. Сьвядомае абвастрэньне сытуацыі з праходжаньнем калёны ў бок Марыюпаля гэта толькі пацьвярджае. Зыходзячы з усяго альгарытму дзеяньняў Уладзімера Пуціна, перамовы ні мірам, ні замірэньнем не завершацца. Пуцін едзе на іх, бо ня змог прыгожа адмовіцца ад сустрэчы. І ён паспрабуе выкарыстаць перамовы для сьцьвярджэньня сваёй сілавой перавагі на фоне таго, што Эўропа рэагуе пакуль што дастаткова мякка на яго дзеяньні. У яго ўвогуле ёсьць упэўненасьць, што Эўропа ўжо і ня зможа адрэагаваць рэзка, што дасьць яму магчымасьць дасягнуць сваёй мэты. А стратэгічная мэта Пуціна — кантроль над Украінай, яе падпарадкаваньне, калі не скарэньне», — лічыць беларускі палітоляг Аляксей Кароль.

«Для мяне адпачатку было відавочна, што ніякага аптымізму гэтая сустрэча не выклікае. Уладзімер Пуцін пагадзіўся на яе, каб

не ствараць чарговай фармальнай падставы абвінавачваць яго ў недамоваздольнасьці і нежаданьні шукаць шляхоў урэгуляваньня ўкраінскага крызісу. Але ў Менску ня будзе аніводнага лідэра, якога Пуцін лічыў бы роўным сабе і годным абмяркоўваць лёс Украіны. Калі б там былі Барак Абама ці Ангела Мэркель, тады б Пуцін мог разгарнуцца ва ўсёй сваёй красе і паўнаце. Я ня думаю, што ён сапраўды хоча абмяркоўваць лёс Украіны зь Пятром Парашэнкам, якога ён лічыць амэрыканскай марыянэткай», — кажа расейскі палітоляг Станіслаў Бялкоўскі.

Карэспандэнтка Радыё Свабода Аляксандра Дынько цягам дня будзе працаваць у Палацы незалежнасьці. Пытаньні і аспэкты, якія ёй варта закрануць у рэпартажы, можна пакідаць у камэнтарах пад гэтым матэрыялам.

Чытайце таксама

Сустрэча ў Менску як важны этап разлучэньня з Расеяй

У Менску пройдуць перамовы Ўкраіны і Расеі. Эўразьвяз — пасярэднік

Расея патрабуе ад Украіны капітуляцыі, — кіеўскі палітоляг

ЭЗ і NATO не дадуць Украіне вайсковай дапамогі

Пуцін прыедзе ў Менск для сустрэчы з Парашэнкам

З Эўракамісіі ў Менск прыедуць Эштан, Отынгер і Карл дэ Гухт

Лябедзька: Мэта Пуціна па перамовах у Менску — пакінуць за Расеяй Крым

Украінскі палітоляг: На менскай сустрэчы Парашэнка ня пойдзе на саступкі Пуціну

XS
SM
MD
LG