Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскі саміт: «ключы ад штаб-кватэры»


Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка

Чаму месцам сустрэчы высокіх прадстаўнікоў Расеі, Ўкраіны і Эўразьвязу быў абраны Менск? Якіх вынікаў можна чакаць ад гэтых перамоваў? Якія наступствы для Беларусі будзе мець правядзеньне гэтай сустрэчы ў вярхах?

Над гэтымі пытаньнямі ў Праскім акцэнце разважаюць старшы аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Дзяніс Мельянцоў, экспэрт Фонду Маршала Марына Рахлей і ўкраінскі журналіст Юры Сьвірко.

Чаму дэмакраты едуць на саміт да дыктатара?

Юры Дракахруст

Юры Дракахруст

Дракахруст: 26 жніўня ў Менску адбудзецца сустрэча кіраўнікоў Беларусі, Казахстану, Расеі ды Ўкраіны, і трох камісараў Эўразьвязу. Пра прычыны і магчымыя вынікі гэтай сустрэчы мы сёньня і пагаворым.

Найперш — чаму Менск? Аляксандар Лукашэнка сапраўды выступіў з такой ініцыятывай, але яна напачатку здавалася нейкай легкаважнай, магчыма, з прычыны ягонай усім вядомай рэпутацыяй у Эўропе. Інфармацыя пра дыпляматычныя перамовы мінулага тыдня хутчэй схілялі да думкі, што сустрэча ў фармаце Расея-Украіна-Эўразьвяз сапраўды адбудзецца, але недзе ў Эўропе.

Чаму ж і Ўкраіна, і асабліва чаму эўрапейцы пагадзіліся на Менск? Лукашэнка ж — «апошні дыктатар Эўропы», адносна афіцыйнага Менску ўжо шмат гадоў дзейнічаюць эўрапейскія санкцыі. Як жа эўрапейцы так «аскароміліся»?

Марына Рахлей

Марына Рахлей

Рахлей: Па-першае, я павінна адзначыць, што ні ў Кіеве, ні ў Эўропе нават пытаньня такога няма. З пункту гледжаньня эўрапейцаў, прадстаўнікі Эўразьвязу прыедуць у Менск, каб падтрымаць перамовы Парашэнкі і Пуціна. Гэта было рашэньне Пуціна і Парашэнкі сустрэцца ў Менску і, калі яны там сустракаюцца, то ў Менск прыяжджае і ЭЗ. Пра ролю беларускага кіраўніцтва ў гэтым пытаньне казаць складана. На маю думку, было б зарана сьвяткаваць гэты факт як перамогу беларускай дыпляматыі. У свой час Лукашэнка працаваў, каб прывезьці на перамовы ў Менск прадстаўнікоў праваслаўнай і каталіцкай цэркваў. Але зоркі запальваюцца тады, калі гэта камусьці трэба. У дадзеным выпадку аказалася трэба.

Але, дарэчы, Жазэ Мануэль Барозу, які ў хуткім часе сыдзе з пасады прэзыдэнта Эўракамісіі, паведаміў, што яго запрашалі прыехаць на гэтую сустрэчу, аднак ён адмовіўся і адправіў замест сябе Эштан і яшчэ двух камісараў. Запрасілі яго Пуцін і Парашэнка, а не Лукашэнка. І казаць пра тое, што гэта Лукашэнка арганізаваў сустрэчу ў вярхах у Менску, нельга. Для ЭЗ — гэта не сустрэча ў вярхах. Барозу ня едзе ў Менск, з аднаго боку, таму што з пункту гледжаньня ЭЗ сустрэча не такая важная — гэта не ключавыя перамовы. А з другога боку — каб не ціснуць руку ні Лукашэнку, ні Пуціну. Таму, дарэчы, напэўна і Абамы там ня будзе.

Дракахруст: Дзяніс, вы згодны з Марынай, што гэта Пуцін запрасіў ЭЗ у Менск? І ваша тлумачэньне, чаму ўсе пагадзіліся на Менск?

Дзяніс Мельянцоў

Дзяніс Мельянцоў

Мельянцоў: Часткова я згодзен з Марынай, але тут пазыцыя ЭЗ як раз прадказальная і відавочная. Яны разумеюць, што іх на перамовы запрасіў «апошні дыктатар Эўропы» і яны туды едуць, будуць прасіць візу ў неўязнога да іх. Беларуская сталіца тут зьяўляецца найбольш прыдатнай пляцоўкай для магчымых перамоваў. Украіна і Расея адпадаюць паводле зразумелых прычынаў. Пасьля апошніх эканамічных санкцыяў у Эўропу Пуцін таксама не паедзе, каб захаваць аблічча. Менск — найбольш такая нэўтральная пляцоўка, бо Беларусь нэўтральна сябе паводзіла ў дачыненьні да ўсяго ўкраінскага крызысу.

Эўрапейцы пагадзіліся, таму што Эўропа — гэта адзіны з усіх бакоў, якія так ці інакш удзельнічаюць у гэтым канфлікце, для якога трэба хутка вырашыць гэты канфлікт на мяжы ЭЗ. І яны паедуць хоць у пекла, каб яго хутчэй загасіць. Эўрапейскія дыпляматы — людзі непераборлівыя ў сваіх кантактах. Калі таго патрабуе эфэктыўнасьць дзеяньня, яны сустракаюцца з дыктатарамі з Азіі і з Афрыкі, каб вырашыць праблему. Самае важнае, на маю думку, тое, што такую сустрэчу ў Менску, такі фармат перамоваў ухвалілі амэрыканцы. Ёсьць іх згода і таму ёсьць згода эўрапейцаў так ці інакш удзельнічаць у перамовах у Менску. Я думаю, што сваю руку прыклаў таксама і ўкраінскі бок. Гэта такая свайго роду падзяка ўкраінскага кіраўніцтва беларускаму кіраўніцтву за падтрымку ў канфлікце.

Дракахруст: Юры, гэта сапраўды такая падзяка і сапраўды ва ўкраінскага кіраўніцтва няма ніякіх забабонаў наконт паездкі ў Менск?

Юры Сьвірко

Юры Сьвірко

Сьвірко: Абсалютна няма аніякіх забабонаў наконт паездкі ў Менск. Я хачу нагадаць, што і папярэдні часовы прэзыдэнт Украіны Аляксандр Турчынаў таксама езьдзіў у Беларусь, і гэта фактычна быў ягоны адзіны замежны візыт. Цікава, што на афіцыйным сайце ўкраінскага прэзыдэнта Пятра Парашэнкі напісана, што прэзыдэнт Эўрапейскай камісіі падтрымаў ініцыятыву Ўкраіны наконт запрашэньня ЭЗ для ўдзелу ў сустрэчы ў Менску. То бок афіцыйная ўкраінская пазыцыя палягае ў тым, што гэта Парашэнка запрасіў для ўдзелу ў сустрэчы ў Менску эўрапейскіх дыпляматаў, а ня Пуцін і Лукашэнка.

Я хачу падтрымаць спадара Мельняцова ў ягонай думцы, што Менск — найбольш зручнае месца для такой сустрэчы, таму што першапачаткова меркавалася, што гэта будзе саміт «Мытны саюз — Украіна». Дзе яго праводзіць? Вядома, што Пуцін не паедзе ў Кіеў, а Паршэнка не паедзе ў Маскву. Плюс яшчэ цяжкасьці з Казахстанам, таму што Расея фактычна забараніла ўсе транзытныя пералёты ўкраінцам праз сваю тэрыторыю. І ляцець праз Адэсу, Чорнае мора, абмінаючы Крым, у Казахстан вельмі нязручна. Таму Менск на самой справе — самае зручнае месца для сустрэчы ў дадзеным выпадку.

Гэта нагадвае сытуацыю, якая здарылася больш 20 гадоў таму, калі яшчэ Лукашэнка ня быў прэзыдэнтам, але калі Менск захацеў стаць міжнародным пасярэднікам і абвясьціў пра стварэньне менскай групы АБСЭ дзеля вырашэньня карабахскага канфлікту. Але за гэтыя гады менская група АБСЭ так ніколі ў Менску і не зьбіралася. Зараз новы этап міжнароднай дыпляматыі РБ.

Кепскі мір і добрая вайна

Дракахруст: Якія прагнозы наконт вынікаў будучага Менскага саміту існуюць, і якія зь іх падаюцца вам праўдападобнымі? З чым туды едуць бакі і ці магчымая хоць якая зьдзелка? Менскі саміт у нечым нагадвае эўрапейскія кангрэсы ХІХ стагодзьдзя, на якіх сапраўды даволі эфэктыўна вырашаўся лёс кантынэнту. Але ці можна сказаць, што ўдзельнікі перамоваў у такім становішчы, што для іх зьдзелка, хай і не ва ўсім прыймальная, лепш за працяг супрацьстаяньня? У 1950-я гады Франсуа Мітэран, які быў тады кіраўніком МУС Францыі, выдаў наконт забурэньняў у Альжыры яскравую формулу: «Найлепшыя перамовы — гэта вайна». Для каго гэта так адносна сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны?

Сьвірко: Асабіста я нічога вялікага не чакаю ад гэтай сустрэчы ў Менску. Будзе чарговая сустрэча. Дарэчы, калі афіцыйны Кіеў пра гэта паведамляў, то адразу сказаў, што літаральна празь некалькі дзён, 30 жніўня, ў Парашэнкі адбудзецца сустрэча ў Брусэлі з Барозу. Таму ў Кіеве больш спадзяваньняў на гэтую сустрэчу ў Брусэлі, чым на сустрэчу ў Менску. Сам Парашэнка заявіў, што хоча міру, таму будзе заклікаць Пуціна прыбраць баевікоў з Украіны. Але праблема ў тым, што Ўкраіна заяўляе, што ў Данбасе ваююць расейскія баевікі, а Расея лічыць, што гэта ўнутрыўкраінскі канфлікт, што гэта грамадзянская вайна ва Ўкраіне.

Дракахруст: Юры, патлумачце, вось гэтыя заявы Парашэнкі пра тое, што ён запатрабуе ад Пуціна, каб той прыбраў сваіх баевікоў з тэрыторыі Ўкраіны. Але ў абмен на што ён мяркуе патрабаваць гэтага?

Сьвірко: На маю думку, патрабаваньне — гэта не абмен і не двухбаковы працэс. Але, зразумела, што Пуцін таксама будзе патрабаваць. Ён фактычна зь зімы патрабуе і фэдэралізацыі Ўкраіны, і дадатковага статусу для расейскай мовы. Але літаральна за некалькі дзён да Менскага саміту распачаліся новыя скандалы, новыя канфлікты, так званы «гуманітарны канвой» паехаў у Луганск без дазволу ўкраінскіх уладаў, працягваюцца баі і ўва што гэта выльецца — вельмі цяжка казаць. Адзінае, што вядома — што на Дзень незалежнасьці ня будзе параду перамогі. Луганск і Данецк не будуць вызваленыя да «чырвонай» даты.

Украінская армія рыхтуецца да зімніх умоваў вядзеньня вайны, закупляюць адпаведнае абмундзіраваньне. Таму гэта можа быць вельмі доўгі працэс, хаця сам Парашэнка прад выбарамі казаў, што антытэрарыстычная апэрацыя мусіць доўжыцца гадзіны, а не месяцы. Тым ня менш яна доўжыцца месяцы і колькі яшчэ месяцаў гэта працягнецца — цяжка сказаць.

Дракахруст: Марына, цяпер часам гавораць, што сьвет вяртаецца ў ХІХ стагодзьдзе, але варта прыгадаць, што ў ХІХ стагодзьдзі існаваў такі інстытут, як эўрапейскія кангрэсы, на якіх вырашаліся пытаньні вайны і міру. На ваш погляд, ці можа менская сустрэча стаць такім кангрэсам, які ўсё ж такі прапануе формулу кампрамісу?

Рахлей: На маю думку — гэта мары. Мне падаецца, што гэта толькі пачатак складаных перамоваў. Я ўвогуле ня бачу неабходнасьці ў асабістых перамовах прэзыдэнтаў і прысутнасьці эўрапейскіх чыноўнікаў. Таму што ва Ўкраіне існуе разуменьне, што з Расеяй немагчыма дамовіцца, а ЭЗ разумее, што дамаўляцца трэба. І, дарэчы, экспэрты ААН падлічылі, што цяпер у сьвеце адначасова адбываецца столькі канфліктаў, колькі не было ніколі з часоў Другой сусьветнай вайны.

Тут трэба заўважыць, што Мэркель будзе ў Кіеве ў суботу напярэдадні саміту ў Менску, і на гэта зьвяртае ўвагу эўрапейская прэса. З аднаго боку, гэта сымбалічная рэч, што Нямеччына і ЭЗ дэманструюць Маскве, на якім баку Эўропа, але будзе важна пачуць, што Мэркель будзе казаць у Кіеве Парашэнку. Былі ў Эўропе размовы пра тое, што Мэркель нібыта вязе прапанову, што дэ факта Эўропа прызнае Крым расейскай тэрыторыяй. Але мне падаецца, што гэта малаверагодна, таму што Кіеў ня пойдзе на такі крок, бо гэта палітычнае самазабойства для Парашэнкі і для яго ўраду. Але і для Эўропы таксама, бо пазыцыя па анэксіі Крыма была вельмі пасьлядоўнай і кансалідаванай, і немагчыма ўявіць сабе, што Эўропа тут пойдзе назад.

Вы добра сказалі, што Парашэнка выбірае паміж вайной і саступкамі Маскве і пытаньне толькі ў тым, што гэта будуць за саступкі. Ён чакае міру, але бачна, што ён гатоў працягваць вайну, пра што казаў Юры Сьвірко, калі гаварыў пра падрыхтоўку да вядзеньня вайны ў зімніх умовах. У Масквы выбару больш. Яна можа выбраць эскаляцыю канфлікту з Украінай празь прамое маштабнае ваеннае ўварваньне, замарожваньне канфлікту, падтрымліваючы сэпаратыстаў настолькі, каб яны не пацярпелі паразу, і нарэшце спыненьне канфлікту. Выбар будзе абумоўлены дамовай не паміж Украінай і Расеяй, а паміж Пуціным і Эўропай. Магчыма ЭЗ пойдзе на саступкі.

Дракахруст: Дзяніс, я правёў аналёгію з эўрапейскімі кангрэсамі ХІХ стагодзьдзя, але так прыгадвалася, што тады перамовы праводзіліся пасьля войнаў, пасьля таго, як больш менш рабілася відавочным, хто перамог. Цяпер сытуацыя пакуль няпэўная. На ваш погляд, ці будзе менавіта ў Менску дасягнутая зьдзелка?

Мельняцоў: Сапраўды ўсе кангрэсы ў эўрапейскай гісторыі проста фіксавалі перадзел межаў пасьля буйных войнаў, у якіх удзельнічалі асноўныя гульцы эўрапейскай арэны. Зараз такога не назіраецца і нават наадварот. Я хацеў бы падкрэсьліць, што саміт у Менску — гэта толькі пачатак перамоваў. Усе бакі, акрамя эўрапейскага, не гатовыя да хуткай зьдзелкі.

Украіна зараз перамагае ў вайне з сэпаратыстамі і гэта вельмі моцны перамоўны фактар, таму зараз Парашэнка не зацікаўлены, каб падпісваць нейкую мірную дамову, таму для Ўкраіны будзе лепей, калі яна проста завершыць антытэрарыстычную апэрацыю перамогай. Расеі таксама выгадна чакаць, таму што зімой паўстане пытаньне энэрганосьбітаў для Ўкраіны, калі яна будзе вымушана пайсьці на саступкі пад такім ціскам.

Для Беларусі выгадна як мага даўжэй прымаць такія перамовы ў сябе, тым самым дэманструючы сваю новую ролю ў міжнароднай палітыцы — міратворцы-пасярэдніка. Што самае галоўнае ў гэтай менскай сустрэчы — што ў ёй не возьмуць удзел ЗША. З гэтага вынікае, што там ня будзе гаранта выкананьня дамоўленасьцяў, якія маглі б быць дасягнутыя. Таму гэта хутчэй сустрэча, якая закліканая прадэманстраваць, што працэс пайшоў, гэта пачатак доўгага перамоўнага працэсу. І пакуль вельмі цяжка прагназаваць, чым усё скончыцца.

«Ключы ад кватэры» ці ад «штаб-кватэры»?

Дракахруст: Калі некалькі тыдняў таму ў Менску адбываліся перамовы кантактнай групы па Ўкраіне з прадстаўнікамі сэпаратыстаў, нарадзіўся жарцік, што Лукашэнка, маўляў, даў Парашэнку «ключ ад кватэры на час». 26 жніўня кіраўнік Беларусі, як і кіраўнік Казахстану, будуць удзельнікамі перамоваў, хаця напэўна і ня ключавымі. А ў чым можа палягаць іх роля, акрамя сымбалічнай, на што і на каго падчас гэтых перамоваў яны могуць паўплываць? Ці будзе (а можа і ўжо ёсьць) Лукашэнка сапраўдным пасярэднікам у перамовах?

Мельняцоў: Такія жарцікі пайшлі ад людзей, якія проста ў разгубленасьці ад таго, што эўрапейцы сапраўды пагадзіліся на такі фармат, што Лукашэнка — «крывавы дыктатар», але да яго ўсё роўна прыяжджаюць эўрапейцы дамаўляцца. Насамрэч сам факт таго, што такія перамовы адбудуцца ў Менску — вельмі значны. Можна ў любога дыплямата запытацца, што ён пра ўсё гэта думае, і ён адкажа, што сапраўды гэты факт моцна ўзьдзейнічае на міжнародны статус краіны, якая такую сустрэчу прымае. Таму што звычайна такога кшталту перамовы праходзяць акурат у краінах-пасярэдніках, якія такімі лічацца. Тым больш Лукашэнка з самага пачатку так ці інакш удзельнічаў у фасілітацыі — палагоджваньні, спрыяньні вырашэньню гэтага канфлікту. Калі ўзгадаем, то з самага пачатку Лукашэнка быў такім перадатчыкам пасланьняў паміж новым кіраўніцтвам Украіны і Пуціным. Ён так ці інакш прапаноўваў сваё бачаньне шляху вырашэньня канфлікту, бачаньне, можна сказаць, досыць кампраміснае.

Іншая справа, што раней ён афіцыйна не прэтэндаваў на ролю пасярэдніка, а цяпер, калі бакі пагадзіліся на перамовы ў Менску, і тое, што там Лукашэнка будзе прысутнічаць фізычна — гэта як раз той крок, які легітымізуе яго ў якасьці пасярэдніка.

Нягледзячы на тое, што зараз эўрапейскія палітыкі вельмі сьціпла і сарамліва кажуць пра ролю Менску, але, тым не менш, яны будуць мусіць улічваць і такі беларускі статус, і захады, якія ўжо рабіліся па Ўкраіне беларускім кіраўніцтвам. І тут прынамсі можа зьмяніцца тон размоваў з афіцыйным Менскам. Іншымі словамі, гэта ўжо не «апошняя дыктатура Эўропы», а краіна, якая спрабуе дапамагаць у вырашэньні міжнароднага канфлікту, і таму зь ёй трэба неяк інакш размаўляць.

Дракахруст: Марына, наколькі я разумею, вы не згодны з формулай Дзяніса «міратворац-пасярэднік» адносна Аляксандра Лукашэнкі?

Рахлей: Мне здаецца, што асноўная роля Беларусі ў тым, каб заставацца нэўтральнай, што Менск з самага пачатку не устаў ні на адзін з бакоў канфлікту.

Дракахруст: Марына, як жа не стаў? А як Менск галасаваў у ААН?

Рахлей: Усе разумеюць, што Менск быў вымушаны так зрабіць.

Дракахруст: Стаць на той ці іншы бок можна і вымушана. Але стаў жа. Ці не?

Рахлей: Скажам так, гэта быў адзін крок на міжнароднай арэне. Па пытаньнях, якія вельмі важныя для ўкраінскага боку, Менск ішоў насустрач Кіеву — і ў сэнсе гарантыяў таго, каб беларуская тэрыторыя не выкарыстоўвалася расейскай арміяй супраць Украіны, і каб працягвалася эканамічнае супрацоўніцтва, і каб захоўвалася супрацоўніцтва ў энэргетычнай галіне. Гэта першасныя пытаньні для Ўкраіны на дадзены момант, а не галасаваньне па нейкіх пытаньнях на міжнародных форумах.

Дарэчы, Юры Сьвірко прыгадаў пытаньне Нагорнага Карабаху. І тут, мне здаецца, існуе вельмі добрая паралель. Цяпер у гэтым рэгіёне тую ж самую ролю пасярэдніка адыгрывае Грузія, якая атрымалася паміж Армэніяй і Азэрбайджанам. Калі трэба правесьці нейкую сустрэчу, адкрыць нейкае прадстаўніцтва, якое будзе назіраць за сытуацыяй і спрыяць мірнаму працэсу, то каб не сварыцца ні з Армэніяй, ні з Азэрбайджанам, гэтае прадстаўніцтва адкрываюць у Грузіі. Гэтак жа і роля Менску павялічылася, таму што зьмянілася сытуацыя ў рэгіёне.

Дракахруст: Юры, як у Кіеве ацэньваюць ролю Лукашэнкі?

Сьвірко: Я таксама хачу вярнуцца да жарта пра тое, што Лукашэнка даў ключы ад кватэры, але трэба ўдакладніць — Лукашэнка даў ключы ад штаб-кватэры. Ад штаб-кватэры СНД. Тут цікава, што Ўкраіна, якая часам заяўляе, што яна не зьяўляецца сябрам СНД і хоча выйсьці адтуль, дагэтуль не выйшла, як гэта зрабіла Грузія. Дагэтуль дзейнічае дамова аб дружбе і супрацоўніцтве паміж Расеяй і Ўкраінай, дагэтуль дзейнічае дамова аб Чарнаморскім флёце РФ, які базуецца ва ўкраінскім Крыме. Таму вельмі цікава тое, што цяпер адбываецца ў Кіеве.

Хтосьці кажа, што ідзе вайна з Расеяй. Зь іншага боку, няма санкцыяў супраць Расеі, побач з шыльдамі дзяржаўнага Ашчадбанку вісяць на кіеўскіх вуліцах на будынках шыльды з надпісамі расейскіх банкаў. Вельмі шмат цікавага адбываецца. Тыя ж харчовыя санкцыі Расеі не накіраваныя супраць украінскага харчаваньня. Так, часам адносна пэўных відаў харчаваньня імпарт у Расею забараняецца, кажуць, што яны санітарна не прыдатныя для расейскага рынку, але татальнай забароны на ўкраінскія прадукты няма. Гэта таксама будзе абмяркоўвацца ў Менску.

Я думаю, што роля Лукашэнкі як пасярэдніка вельмі перабольшаная. Ён будзе гаспадаром гэтай сустрэчы — гэта безумоўна. Але на пэрспэктыву, што ён зможа зрабіць нешта самастойна, я б не разьлічваў сур’ёзна.

«Ці крыжык здыміце ці майткі надзеньце»

Дракахруст: Якія наступствы для Беларусі і для Аляксандра Лукашэнкі асабіста будзе мець тое, што перамовы па ключавым пытаньні эўрапейскай бясьпекі пройдуць менавіта ў Менску і з удзелам кіраўніка Беларусі? Наступствы ў стасунках і з Расеяй, і з Украінай, і з Захадам. Ужо пасьля перамоваў у Менску кантактнай групы з сэпаратыстамі брытанскі пасол у Менску заявіў у інтэрвію БелаПАНу, што добрыя паслугі беларускіх уладаў у наладжваньні гэтай сустрэчы ніяк не паўплываюць на стасункі афіцыйнага Менску і Брусэлю. І саміт 26 жніўня таксама ніяк не паўплывае? Саміт — самітам, умовы Эўразьвязу — ўмовамі?

Сьвірко: Я думаю, што менавіта так і будзе. Хачу вярнуцца да тэмы легітымнасьці Аляксандра Лукашэнкі. Прыблізна кожныя 5 год праводзяцца так званыя «выбары» ў Беларусі, кожны раз па выніках выбараў Захад заяўляе, што не прызнае вынікі. Але тым не менш накіроўвае сваіх амбасадараў у Менск з даверчымі лістамі, дзе напісана «Яго эксэленцыі, прэзыдэнту Рэспублікі Беларусь Аляксандру Лукашэнку». Тое самае будзе з Крымам. Афіцыйна Захад не будзе прызнаваць, што гэта частка Расеі, але дэ-факта там расейская ўлада. Дэ-юрэ будуць казаць, што гэта Ўкраіна. І тое самае будзе і далей зь Аляксандрам Лукашэнкам. Ну так, ён кіруе Беларусьсю ўжо больш за 20 гадоў, так і будзе пэўны час яшчэ, але прызнаваць яго, як паўнавартаснага прэзыдэнта, запрашаць яго на саміты ў ЭЗ, рабіць крокі ветлівасьці, наўрад ці хтосьці будзе.

Дракахруст: Марына, які ваш адказ, гэта сапраўды ня будзе мець значэньня?

Рахлей: Мне падаецца, што нічога ня зьменіцца, і я ўвогуле ня бачу падставаў, каб нешта мянялася. Акрамя сытуацыі ў рэгіёне і дэ-факта беларускага нэўтралітэту ў вайне паміж Расеяй і Ўкраінай нічога не зьмянілася. І ўсе двухбаковыя пытаньні будуць вырашацца ў двухбаковым парадку.

Дракахруст: Дзяніс, ваш адказ?

Мельняцоў: Я наадварот думаю, што стаўленьне ЭЗ і ЗША ўжо зьмянілася. Я прывяду вам невялікі прыклад. Нядаўна я размаўляў з адным эўрапейскім дыпляматам, у якога запытаўся, што вось, маўляў, Лукашэнка не выканаў ніякіх патрабаваньняў ЭЗ, але тым не менш запушчаная прамежкавая фаза супрацоўніцтва, едуць у Менск досыць высокія эўрапейскія чыноўнікі, праводзяцца перамовы. Тое ж самае адбываецца з ЗША, зь якімі былі праведзеныя беспрэцэдэнтныя двухбаковыя перамовы па пытаньнях міжнароднай бясьпекі. Ці азначае гэта, што Лукашэнка перамог у гэтай вайне нэрваў і эўрапейцы здаліся? — спытаў я. На што эўрапейскі дыплямат нефармальна адказаў, што выглядае, што так.

Сытуацыя ўжо зьмянілася. Эўрапейцы і амэрыканцы ўжо прынялі да ведама беларускую пазыцыю па Ўкраіне. Калі будзе запушчаны гэты менскі перамоўны працэс, то сытуацыя будзе зьмяняцца яшчэ больш, будзе расьці беларускі міжнародны прэстыж. І будзе, як у анэкдоце пра нудысцкі пляж, крыжык і майткі — трэба будзе сапраўды нешта вырашаць.

Хаця, зразумела, што эўрапейскія дыпляматы і амбасадары мусяць захоўваць твар і пасылаць мэсыдж тым палітычным і сацыяльным групам у Беларусі, якія яны падтрымлівалі і падтрымліваюць, што нічога не зьмянілася ў дачыненьні да прызнаньня лукашэнкаўскай улады. Але тым ня менш ціхай сапай будуць праводзіць перамовы і розныя праекты, давацца фінансавая падтрымка, што Лукашэнку, ўласна, і трэба.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG