Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэнатар Кастагораў падазраецца ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў


Будынак Савета Рэспублікі
Будынак Савета Рэспублікі

Пазбаўлены сэнатарскай недатыкальнасьці сябра камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Савету рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, магілёўскі бізнэсмэн Віталь Кастагораў падазраецца ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў, ён узяты пад варту.

Паводле сьледзтва, ягоныя дзеяньні пацягнулі за сабой прычыненьне шкоды дзяржаве ў асабліва буйным памеры.

Кастагораў падазраецца ў тым, што як дырэктар закрытага акцыянэрнага таварыства «Пралітэкс» рэалізоўваў прадукцыю прадпрыемства за наяўны разьлік, не адлюстроўваючы гэтыя зьвесткі ў бухгальтарскіх і падатковых дакумэнтах. «Аб’ём прададзенай прадукцыі ён хаваў за кошт завышэньня адгрузак на адрас спэцыяльна створаных ім у Расейскай Фэдэрацыі фірмаў, падкантрольных ЗАТ «Палітэкс», — паведамляе Інтэрфакс са спасылкаю на сьледчыя органы.

Сэнатар падазраецца ў тым, што цягам некалькіх гадоў выкарыстоўваў разгалінаваную схему сыходу ад падаткаў. У выніку, паводле папярэдніх ацэнак, сума шкоды, нанесенай дзяржаве, склала каля 1,5 млрд рублёў.

Як выявіла сьледзтва, незаконная дзейнасьць дазволіла падазраванаму набыць кватэру ў Маскве коштам каля 1 млн даляраў, пабудаваць катэдж у Магілёве за 350 тыс. даляраў і купіць два дарагія аўтамабілі. Адначасова ён аплачваў навучаньне і пражываньне сына ў іспанскім горадзе Барсэлёна, а паводле экспэртных ацэнак, адзін год навучаньня ва ўнівэрсытэце Барсэлёны каштуе каля 6,5 тыс. эўра.

Падчас сьледзтва сэнатару прапанавана пакрыць прычыненую шкоду ў кротным памеры.

Віталь Кастагораў быў прызначаны сябрам Савету Рэспублікі 5 скліканьня ў 2012 годзе ад некалькіх раёнаў Магілёўскай вобласьці, у тым ліку ад Магілёўскага раёну. Якраз на тэрыторыі гэтага раёну знаходзіцца акцыянэрнае таварыства «Палітэкс», якое ён узначальвае. «Палітэкс» выпускае нятканыя тэкстыльныя матэрыялы з адмысловымі ўласьцівасьцямі.

Гісторыя зь Віталем Кастагоравым стала другім гучным скандалам у Савеце Рэспублікі Нацыянальнага Сходу за апошнія два гады. У 2013 годзе пасьля працэсу, які расьцягнуўся на некалькі месяцаў, на 8 гадоў зьняволеньня за злоўжываньні быў асуджаны начальнік сакратарыяту Савету Рэспублікі Глеб Бядрыцкі. Паводле суду, чыноўнік рабіў махінацыі з грашыма, якія выдзяляліся на патрэбы верхняй палаты парлямэнту. Вядома, што Бядрыцкі зьвяртаўся да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай вызваліць яго ад крымінальнай адказнасьці, але просьба была адхіленая. Назіральнікі не выключаюць, што затрымка з вызначэньнем далейшага лёсу «сэнатара» Кастагорава можа быць зьвязаная з аналягічнай просьбай.

А ў жніўні гэтага году затрымалі яшчэ аднаго сэнатара — гендырэктара ААТ «Віцебская бройлерная птушкафабрыка» Ганну Шарэйку. Ёй прад’явілі абвінавачваньне ва злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі. Як дырэктар птушкафабрыкі яна давала членам конкурснай камісіі па закупе кармоў незаконныя ўказаньні, каб тыя абвяшчалі пераможцам тэндэру ўладальніка замежнай фірмы, сябра Шарэйкі. У выніку птушкафабрыцы нанесена шкода на 4 млрд рублёў. Шарэйку таксама ўзялі пад варту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG